Краткая справка:
спартсмен і трэнер (гандбол), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён ХХІV летніх Алімпійскіх гульняў (1988, Сеул), сярэбраны прызёр ХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў (1980, Масква), чэмпіён свету (1982), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1990), чэмпіён СССР (1981, 1983–1984, 1987–1989), кавалер ордэна Дружбы народаў
Имена на других языках:
Karshakevich Aleksandr (не определен); Каршакевич Александр Владимирович (русский);
2536 символов
Справка
Аляксандр Каршакевіч нарадзіўся ў Мінску 6 красавіка 1959 г. Мінская школа, дзе вучыўся будучы алімпійскі чэмпіён, лічылася адной з самых спартыўных у горадзе. Тут былі секцыі па баскетболе, футболе, лёгкай атлетыцы. Нядрэнныя поспехі паказваў Аляксандр на бегавых дарожках і ў сектары для скачкоў у даўжыню, аднак перавагу аддаваў усё ж гульнявым відам. У 1970 г. на ўрокі фізкультуры ў СШ № 93 пачаў прыходзіць трэнер па гандболе Аркадзь Брыцко, які адбіраў таленавітых хлопчыкаў і запрашаў іх займацца да сябе ў секцыю. Сярод іх апынуўся і Аляксандр Каршакевіч, якога гандбол па-сапраўднаму захапіў і ў далейшым стаў справай жыцця. Пад кіраўніцтвам трэнера Спартака Пятровіча Мірановіча Аляксандр Каршакевіч заняў пазіцыю крайняга нападаючага, якая і прывяла спартсмена ў эліту савецкага і сусветнага гандбола.
Першую ў сваім жыцці ўзнагароду гандбаліст заваяваў у 1977 г. Гэта быў медаль чэмпіёна ўсесаюзных маладзёжных гульняў. А ўжо праз 3 гады ў 1980 г. спартсмен у складзе зборнай СССР выступаў на галоўным старце чатырохгоддзя – XXII летніх Алімпійскіх гульнях, якія праходзілі ў Маскве. На жаль, на гэтай Алімпіядзе зборная Савецкага Саюза па гандболе апынулася толькі на другім месцы, саступіўшы адно ачко камандзе ГДР. Аляксандр Каршакевіч дагэтуль вінаваціць сябе ў тым, што не здолеў зраўняць лік на апошніх секундах і перавесці матч у дадатковы час. Нягледзячы на гэта, ужо ў 21 год ён стаў прызёрам Алімпійскіх гульняў.
Дзякуючы ўнікальным падкруткам, Аляксандр Каршакевіч забіваў галы практычна з нулявога вугла. Ён быў адным са спартсменаў, з якімі асацыіравалася зорная эпоха мінскага СКА. Беларускі гандбаліст неаднаразова станавіўся чэмпіёнам СССР (1981, 1983–1984, 1987–1989), уладальнікам Кубка СССР (1980–1981), Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў (1987, 1989–1990), Кубка Кубкаў еўрапейскіх краін (1983, 1985), Суперкубка (1989) і інш. Але галоўнай узнагародай яго жыцця стала алімпійскае "золата", якое зборная СССР заваявала на XXIV летніх Алімпійскіх гульнях у Сеуле ў 1988 г.
Пасля перамогі ў Карэі, Аляксандр Каршакевіч вярнуўся ў Беларусь, дзе працягнуў выступаць за мінскае СКА да 1990 г. Апошнія гады гульнявой кар'еры спартсмен правёў у Германіі, дзе працаваў таксама і на трэнерскай пасадзе. У 1995 г. Спартак Пятровіч Мірановіч прапанаваў Аляксандру Каршакевічу ролю трэнера ў СКА. З гэтага часу знакаміты спартсмен сам рыхтуе будучых чэмпіёнаў па гандболе.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.