Дата рождения:
02.11.1870 Орлавічы, былы маёнт., Слонімскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
15.01.1968
Краткая справка:
вучоны-археолаг, краязнавец, на аснове калекцыі якога заснаваны Слонімскі краязнаўчы музей, член-карэспандэнт Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і Яраслаўскага археалагічнага таварыства, удзельнік Першай сусветнай вайны
Варианты имени:
Стаброўскі Восіп Восіпавіч; Стаброўскі Язэп
Имена на других языках:
Стабровский Иосиф Иосифович (русский);
4155 символов
Справка
Амаль стагоддзе доўжыўся жыццёвы шлях славутага сына слонімскай зямлі, заснавальніка аднаго са старэйшых беларускіх музеяў Іосіфа Іосіфавіча Стаброўскага. Нарадзіўся ён у сям’і штабс-капітана Іосіфа Вікенцьевіча Стаброўскага, удзельніка Крымскай вайны і абароны Севастопаля 1855 г. Маці, Людвіка Адольфаўна, паходзіла з роду князёў Масальскіх, яе бацька і брат удзельнічалі ў паўстанні 1863 г., за што былі жорстка пакараны. Іосіф Іосіфавіч Стаброўскі скончыў Полацкі кадэцкі корпус, 3-е ваеннае Аляксандраўскае ваеннае вучылішча і служыў паручнікам у 81-ым пяхотным Апшэронскім палку. Першую сусветную вайну Іосіф Стаброўскі закончыў у чыне палкоўніка артылерыі, быў узнагароджаны ордэнамі св. Станіслава 2-й і 3-й ст., св. Ганны 2-й і 3-й ст., св. кн. Уладзіміра 3-й і 4-й ст., іншымі ўзнагародамі. У 1917–1921 гг. служыў у Чырвонай Арміі.
Ён быў не толькі выдатным археолагам і краязнаўцам, але і таленавітым гісторыкам і вынаходнікам: скончыў Маскоўскі Імператарскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце, стаў членам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства. Ім даследавана больш за 150 курганоў на Гродзеншчыне, напісаны дзясяткі гістарычна-краязнаўчых і філасофскіх артыкулаў, сярод якіх “Састаў і абсягі Сусвету”, “Сутнасць жыцця і яго з’яўленне на Зямлі”, “Праваслаўе, каталіцызм і унія. Іх узаемаадносіны на Слонімшчыне”, “Каменны век (неаліт) на Слонімшчыне і ў суседніх рэгіёнах”, “Норавы і звычаі ў Заходняй Беларусі ў XVI і XVII стагоддзях”, “Сіметрыя і хараство ў прыродзе” і інш.. Дарэчы, першы артыкул “К вопросу об ископаемых стеклянных шарах” быў надрукаваны ў 1899 г. у сакавіцкім нумары часопіса “Исторический вестник”.
У 1924 г. Іосіф Стаброўскі вярнуўся ў родныя мясціны і ўсе свае сілы аддаў вывучэнню роднага краю: восенню гэтага ж года арганізаваў у Слоніме выставу старадаўніх дакументаў і кніг, якія збіраў шмат гадоў. Матэрыялы яе леглі ў аснову музея, які Стаброўскі на ўласныя зберажэнні заснаваў у 1929 г. Усе экспанаты, прадстаўленыя ў музеі, былі сабраны ў розныя гады ў час вандровак, на адпачынку, падчас Першай сусветнай вайны. У музеі Стаброўскага меліся такія экспанаты, якія б маглі ўпрыгожыць стэнды самых лепшых музеяў Еўропы: акамянеласці Зямлі ўсіх перыядаў, багатая калекцыя крэмніевых і каменных вырабаў часоў мезаліту і неаліту, аўтографы М. Карамзіна, Г. Дзяржавіна, Л. Талстога, пісьмы А. Пушкіна да жонкі, гістарычныя рукапісы XVI–XVII стст., кніга часоў Пятра I, статуэтка галавы старажытнаславянскага бажка-ідала (падобны экспанат глыбокай даўніны ацэньваўся на той час музеем Кракава ў адзін мільён злотых), іншыя рарытэты. Кожны экспанат – жывая старонка мінулага і ў той жа час старонка жыцця самога археолага. З прыходам Савецкай улады, у 1939 г., вучоны стварыў пры музеі чытальню, забяспечыў яе кнігамі, газетамі, партрэтамі. З цягам часу чытальня ператварылася ў Слонімскую раённую бібліятэку імя Я. Коласа. Сапраўднага росквіту музей Стаброўскага дасягнуў на пачатку 1940-х гадоў. На жаль, большая частка каштоўных экспанатаў, якія сабраў Іосіф Стаброўскі, бясследна знікла з музея падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вызвалення горада Стаброўскі, якому тады ўжо ішоў восьмы дзясятак, пачаў аднаўляць калекцыі, уладкоўваць музейныя памяшканні. Аднак у канцы саракавых гадоў даследчык быў несправядліва абвінавачаны ў злоўжываннях і звольнены. Выдатны краязнавец не спыніў сваю работу: да самых апошніх дзён ён працягваў апрацоўку старых рукапісаў, пісаў мемуары, працаваў над фотаальбомам “Крывавым следам” (аб падзеях Першай сусветнай вайны).
Іосіф Стаброўскі пахаваны непадалёк ад радавога маёнтка. Жыццёвым скарбам і галоўным капіталам гэты чалавек лічыў не тое, што браў у людзей, а тое, што аддаваў ім. Удзячныя землякі памятаюць выдатнага даследчыка: Слонімскі краязнаўчы музей носіць імя свайго заснавальніка Іосіфа Стаброўскага. У 2002 г. на будынку музея была адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная І.І. Стаброўскаму, якую выканаў з граніту і падараваў гораду і музею мясцовы мастак Леанід Богдан.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1999 г., перапрацаваны ў 2017 г.