Вучоны-гісторык, даследчык міжнацыянальных адносін, гісторыі і культуры беларускіх татар, грамадскі і рэлігійны дзеяч Ібрагім Барысавіч Канапацкі нарадзіўся ў г. п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці ў татарскай сям'і. Скончыўшы сярэднюю школу ў 1966 г., паступіў у Мінскі педагагічны інстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). Атрымаўшы дыплом у 1971 г., быў накіраваны на работу ў Каменаборскую школу Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. З 1975 г. працаваў у Беларускім педагагічным інстытуце, вучыўся ў аспірантуры. У час навучання цікавіўся праблемамі міжнацыянальных адносін. Ездзіў у працяглую камандзіроўку ў Казахстан, вывучаў умовы жыцця рэпрэсіраваных народаў, прычыны іх трагедыі, асэнсоўваў асаблівасці савецкага ладу. Увесь сабраны матэрыял І. Канапацкі абагульніў і на яго аснове напісаў і абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Участие трудящихся БССР в освоении целинных земель Казахстана (1954–1960 гг.)». У 1978 г. ён стаў кандыдатам гістарычных навук і асістэнтам кафедры гісторыі КПСС (пазней кафедры гісторыі Беларусі гістарычнага факультэта БДПУ). Выкладаў гісторыю Беларусі і спецкурс па нацыянальна-культурнай разнастайнасці насельніцтва рэспублікі. Вёў педагагічную практыку студэнтаў гістарычнага факультэта.
Ібрагім Барысавіч унёс значны ўклад у асвятленне гісторыі свайго народа ў беларускім асяроддзі. Яму належыць шэраг кніг па гісторыі беларускіх татар. Сярод іх – «По законам братства: участие трудящихся Белоруссии в освоении целинных земель» (1980), «Беларускія татары: мінулае і сучаснасць» (1993, разам з С.У. Думіным), «Религия и церковь» (1998, у суаўтарстве), «Гісторыя і культура беларускіх татар» (2000, разам з А.І. Смолікам) і інш. Акрамя названых кніг, І. Канапацкі напісаў і апублікаваў больш за 200 навуковых артыкулаў. У іх ён разгледзеў аспекты культуры, рэлігіі, пытанні сацыяльна-эканамічнага жыцця беларуска-літоўскіх татар.
Паралельна з навуковай працай І. Канапацкі займаўся грамадскай дзейнасцю. У 1991 г. па яго ініцыятыве створана Беларускае грамадска-культурнае аб'яднанне татар-мусульман «Аль-Кітаб», у 1997 г. – Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь (на працягу многіх гадоў ён быў намеснікам (муфтыя) і старшынёй мусульманскай абшчыны Мінска), у 1997 г. – Беларускае рэлігійнае аб'яднанне татарскай моладзі. Вялікі ўклад ён унёс у аднаўленне мячэцей у Слоніме (1994), Смілавічах (1997), Навагрудку (1997), Відзах (1999), Клецку і Маладзечна (2000), Лоўчыцах (2002), рабіў намаганні па аднаўленні саборнай мячэці ў Мінску. У 1995 г. дапамог у стварэнні татарскага культурнага цэнтра ў Іўі. Таксама займаўся міжнароднай дзейнасцю. У 1999 г. у складзе дэлегацыі беларускіх татар сустракаўся з прэзідэнтам Турэцкай Рэспублікі Паўночнага Кіпра, у 2000 г. – з прадстаўнікамі камісіі па распрацоўцы праграм дзейнасці нацыянальных меньшасцей Кангрэса ЗША. Як міжнародны пасол міру ў 1999 г. наведаў Лівію, у 2000 г. – Чад, у 2001 г. – Ірак, у 2004 г. – Іерусалім. У 1993 г. быў дэлегатам Першага з'езда беларусаў свету, арганізаваны згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына». Таксама арганізоўваў міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі па гісторыі і культуры татар і цюркскіх народаў, праведзеных у Беларусі.
Адначасова І. Канапацкі займаўся выдавецкай працай. Быў галоўным рэдактарам часопісаў «Байрам» і «Аль-Ислам», газет «Жизнь» і «Жыццё татарскае». З 1996 г. пад яго рэдакцыяй выдаваўся «Каляндар татар-мусульман Беларусі», быў адным з рэдактараў зборніка «Крымские татары, 1944–1994» (1994) і «Рукапісныя і друкаваныя кнігі беларускіх татараў» (1997).
Будучы адным з лідэраў беларускіх мусульман, І. Канапацкі трымаўся талерантных поглядаў на іншыя рэлігіі і быў актыўным прыхільнікам беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння. У 2014 г. на доме, дзе нарадзіўся вучоны, усталявана мемарыяльная дошка ў яго гонар.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.