Іван (Іаан) Антонавіч Катовіч, збіральнік і даследчык помнікаў кніжнай культуры, нарадзіўся на Брэстчыне ў сям'і свяшчэннаслужыцеля. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Кобрынскім духоўным вучылішчы, потым вучыўся ў Літоўскай духоўнай семінарыі і Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У 1867 г. вярнулся ў Вільню. Працаваў у публічнай бібліятэцы, выкладаў у Кобрынскім і Віленскім духоўных вучылішчах, у Віленскім рэальным вучылішчы, служыў у цэрквах Вільні. У 1873 г. І. Катовіч абараніў магістарскую дысертацыю, якую пісаў пад кіраўніцтвам прафесара М. В. Каяловіча. Работа была прысвечана гісторыі хрысціянства на землях Вялікага Княства Літоўскага ў перыяд ранняга сярэдневякоўя. У 1875 г. стаў протаіерэем, настаяцелем віленскага Прачысценскага сабора, у якім служыў шмат гадоў.
Навуковай працай І. Катовіч пачаў займацца ў час вучобы ў Кобрынскім духоўным вучылішчы і літоўскай семінаріі. Першыя друкаваныя работы з'явіліся ў пачатку 1860-х гг. Ён даследаваў гісторыю распаўсюджвання хрысціянства на тэрыторыі Беларусі, праваслаўных храмаў Кобрына, Вільні. Удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку матэрыялаў для кнігі «Документы, об'ясняющие историю Западно-Русского края и его отношение к России и Польше» (1865), а таксама прац 9-га археалагічнага з'езда ў Вільні (1893; т.1–2, 1895–1897). У1869–1903 гг. І. Катовіч быў рэдактарам часопіса «Литовские епархиальные ведомости». Дзякуючы протаіерэю ён стаў адным з лепшых перыядычных выданняў Расійскай Імперыі. У часопісе друкаваліся таксама нарысы, артыкулы, нататкі І. Катовіча, якія былі прысвечаны царкоўным пытанням. У артыкулах «Богогласник, его значение и употребление в народе» (1866), «О православных церквях в г. Кобрине» (1869), «Несколько слов о виленской Кальварии и про посещение ее православными» (1875–1879) ёсць звесткі па археалогіі Беларусі i Літвы. Сярод найбольш значных работ І. Катовіча – «Первоначальная история христианства в нынешнем Северо-Западном крае России до великого литовского князя Ягайлы» (1873), «Историческая записка о Литовской духовной семинарии» (1878), «Торжество 50-летия воссоединения униатов с православною церковью, 8-ое июня 1889 г. в Вильне и др. местах Западной России» (1889, рэдактар), «Слово в день празднования 300-летнего юбилея со времени построения свято-духовским братством Церкви Св. духа в г. Вильне» (1897) і інш. Займаўся І. Катовіч збіраннем старажытных рукапісаў і старадрукаваных выданняў. Асаблівую ўвагу протаіерэй звяртаў на тэксты, якія бытавалі ў народзе. Менавіта ён стаў першым, хто адзначыў каштоўнасць «Богогласника…» як помніка народнай кніжнасці і выступаў за неабходнасць яго перавыдання ў праваслаўнай рэдакцыі з дабаўленнем новых песень.
Захаваўся цэлы шэраг рукапісных зборнікаў, якія протаіерэй вывучаў як узоры народнай літаратуры. Частку з іх ён падараваў у 1860-я гг. публічнай бібліятэцы Вільні (цяпер яны захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук). Рэлігійную, навуковую і педагагічную дзейнасць І. Катовіч сумяшчаў з грамадскай. Ён уваходзіў у Віленскую гарадскую думу, у шэраг навуковых таварыстваў і камітэтаў, з'яўляўся членам Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.