Дата рождения: 17.01.1964 Бярозаўка, в., Мазырскі раён, Гомельская вобласць
Краткая справка: пісьменнік, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1995), прэміі імя Е. Гедройца (2011)
Имена на других языках: Федоренко Андрей Михайлович (русский);
У другой палове 80-х гадоў ХХ стагоддзя у беларускую літаратуру прыйшоў Андрэй Федарэнка – малады таленавіты празаік.
Андрэй Міхайлавіч Федарэнка нарадзіўся ў вёсцы Бярозаўка Мозырскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1978 г. скончыў Антонаўскую васьмігадовую школу, у 1983 г. – Мазырскі палітэхнікум. З красавіка 1983 г. працаваў мулярам у р. п. Мікашэвічы Лунінецкага раёна. У час службы ў Савецкай Арміі (1983–1984) быў сувязістам, удзельнічаў у выданнях «Баявых лісткоў». У жніўні-лістападзе 1984 г. працаваў на чыгунцы ў г. Калінкавічы Гомельскай вобласці, займаў пасаду бібліятэкара Бярозаўскай бібліятэкі № 2 Мазырскага раёна (1984–1985)., вучыўся на бібліятэчным факультэце Мінскага інстытута культуры (1985–1990). З красавіка 1990 г. Андрэй Федарэнка – карэктар штотыднёвіка «7 дней», з мая гэтага ж года – загадчык аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». Пэўны час ён працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». У 2005–2011 гг. загадвае аддзелам прозы ў часопісе «Маладосць», у 2011–2012 гг. працуе ў аддзеле прозы і паэзіі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва».
Апавяданні А. Федарэнкі былі надрукаваны ў часопісе «Маладосць» у 1987 г. і адразу прыцягнулі да сябе пільную ўвагу крытыкаў: малады празаік фактычна з першых літаратурных крокаў заявіў пра свой талент, прадэманстраваў здольнасць да глыбокага псіхалагічнага аналізу і мастацкай тыпізацыі характараў.
Значны ўплыў на творчасць пісьменніка аказала вёска. Тэме вясковага жыцця, апісанню яе рэалістычнага стану прысвечаны шэраг твораў А. Федарэнкі: апавяданні “Рабіна”, “Гульба святых”, “Забабоны”, аповесць “Вёска” і інш. Пісьменнік добра веддае псіхалогію вясковага жыцця. Своеасаблівы стыль, паказ узаемаадносін сялян, мастацкае апісанне іх побыту – усё гэта сведчыць аб глыбокім унутраным разуменні быцця вяскоўцаў, самога сялянства, як асобнай з’явы. Творы А. Федарэнкі адлюстроўваюць не толькі асабістыя аўтарскія погляды, пазіцыю, перажыванні, але і тое роднае, спрадвечнае, што існуе ў душы пісьменніка, які нарадзіўся на палескай зямлі.
У 1989 г. у «Бібліятэцы часопіса «Маладосць» выйшла кніга прозы «Гісторыя хваробы», у 1994 г. выйшла кніга аповесцей і апавяданняў «Смута» (Літаратурная прэмія імя І. Мележа). Пасля пабачылі свет кнігі прозы «Нічые» (2009), «Мяжа» (2011, Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца), «Ланцуг» (2012), «Сечка» (2012), «Ціша» (2014). У сваіх аповесцях, апавядання, эсэ А. Федарэнка шмат разважае аб праблеме мастака і творчасці, прызначэнні пісьменніка і ролі літаратуры ў жыцці грамадства і кожнага чалавека. У сваіх раманах, эсэ, аповесцях і апавяданнях у пошуках шляхоў і ісціны пісьменнік даволі часта звяртаецца да аўтарытэтаў мінулага і сучаснасці: Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, І. Буніна, Я. Баршчэўскага, Я. Коласа, М. Гарэцкага, І. Мележа. Усе творы А. Федарэнкі прысвечаны асэнсаванню сучаснай рэчаіснасці. Яго эмацыянальна-шчырае, напоўненае пафасам суперажывання мастацкае слова прама залежыць ад сацыяльных катаклізмаў жыцця.
Сёння А. Федарэнка – адзін з найбольш выбітных сучасных беларускіх пісьменнікаў. Адметна і тое, што плённай з’яўляецца і яго праца ў галіне дзіцячай літаратуры. Адмысловымі ўзорамі сучаснай прыгодніцкай прозы вызначаюцца аповесці А. Федарэнкі «Шчарбаты талер» (1999) і «Афганская шкатулка» (2002), апавяданні «Падслуханая казка», «Дарожнае знаёмста», «Цугцванг» і інш. Аўтар добра ведае, што літаратура для дзяцей і падлеткаў не павінна абмяжоўвацца забаўляльнай функцыяй: неабходна, каб яна ўздымала і вырашала маральна-этычныя праблемы, пашырала кругагляд і эрудыцыю чытача. У сваіх аповесцях і апавяданнях на аснове тыповых вобразаў падлеткаў ён здолеў прадэманстраваць іх індывідуальнасць, адметныя рысы характараў, раскрыць дынаміку іх светапоглядаў. Ключавымі якасцямі герояў аповесцей і апавяданняў А. Федарэнкі з’яўляюцца якасці духоўныя – міласэрнасць, спагада, дабрыня. Менавіта яны дапамагаюць героям выходзіць пераможцамі з разнастайных складаных сітуацый.
Андрэй Федарэнка – аўтар некалькіх арыгінальных сцэнарыяў і п'ес. Яшчэ ў 1990-я гг. ён паспрабаваў сае сілы на драматургічнай ніве. Вострыя маральна-этычныя праблемы падымаюцца ім у п’есе-фарсе «Жаніх па перапісцы». Трывога за страту духоўнай прыгажосці, маральнай чысціні, сапраўднага кахання, жывой душы чалавека гучыць у п’есе «Багаты кватарант».
Андрэй Федарэнка – адзін з самых яркіх прадстаўнікоў сучаснай беларускай прозы. У яго творах свет і чалавек прадстаюць натуральнымі, гранічна простымі, шчырымі, жывымі. Разам з рэалістычнай праўдзівасцю проза пісьменніка кранае глыбокім псіхалагізмам, пафасам чалавечнасці, дабрыні, сумлення. Галоўным клопатам пісьменніка з’яўляецца захаванне ў беларусаў чалавечнасці, нацыянальнага светаадчування, любові да роднай мовы, яе слоўнікава багацця і чысціні.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.