Краткая справка:
астраном, матэматык, асветнік, прадстаўнік Віленскай астранамічнай школы
Варианты имени:
Карчэўскі Вінцэнт
Имена на других языках:
Карчевский Викентий Иосифович (русский); Карчевский Викентий Осипович (русский);
2849 символов
Справка
Вінцэнт Карчэўскі адносіцца да тых вучоных, якія зрабілі значны ўклад у даследаванне астранамічнай навукі ў Беларусі і Літве. Ён нарадзіўся на Гродзеншчыне. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Барунскай базыльянскай школе, выхаванцы якой пакінулі яркі след у навуцы, культуры і грамадскім жыцці Беларусі, Літвы і Польшчы. Сярод вядомых выпускнікоў школы – пісьменнікі А. Адынец і І. Ходзька, паэт і перакладчык Ю. Корсак, гісторык і публіцыст Л. Ходзька, прафесар матэматыкі Віленскага ўніверсітэта А. Вырвіч, аўтар прац па асновах геаграфіі і матэматыкі А. Камінскі, губернатар Плоцка і Любліна С. Мацкевіч і інш. Пасля заканчэння вучобы В. Карчэўскі паступіў у 1807 г. у Вiленскi ўнiверсiтэт. Пад кіраўніцтвам прафесара Я. Снядэцкага, які з'яўляўся рэктарам і адным з арганізатараў Віленскай астранамічнай школы, праводзіў даследаванні Сонца, Месяца і планет. Прадстаўнікі гэтай школы – вядомыя астраномы А. Стжэцкі, М. Глушневіч, П. Смыслоў – прызнавалі аб'ектыўнасць навакольнага свету і магчымасць яго ўсебаковага вывучэння і пазнання. Вялікае значэнне яны надавалі эмпірычным і рацыянальным метадам даследавання, лічылі асвету і авалоданне ведамі асноўнымі сродкамі прагрэсу чалавецтва. У 1811 г. В. Карчэўскі скончыў універсітэт, атрымаў ступень магiстра фiласофii i быў прызначаны памочнiкам дырэктара Віленскай абсерваторыі. Адначасова ў 1814–1818 гг. чытаў лекцыі па тэарэтычнай і практычнай астраноміі ў Віленскім універсітэце. Ён распрацаваў уласную праграму выкладання, у якую ўключыў курс гiсторыі астраномii. З 1818 па 1821 г. вучоны знаходзіўся ў Парыжы, дзе ўдасканальваў веды па астраноміі і матэматыцы. Там (у 1820 г.) перавыдаў працу Я. Снядэцкага пра М. Каперніка і распаўсюджваў яе ў Францыі, Бельгіі і Англіі. Пасля вяртання на радзіму выкладаў матэматыку ў гімназіі. З 1824 па 1825 г. з'яўляўся дырэктарам Кракаўскай абсерваторыі, у 1826–1831 гг. памочнікам астранома ў Віленскім універсітэце.
Вінцэнт Карчэўскі – аўтар падручнікаў па астраноміі і матэматыцы, некалькіх навуковых кніг. Найбольш вядомымі з'яўляюцца «Astranomia» (1821) і «Traktat o kometach» (1826). У 1815–1816 гг. ён друкаваў артыкулы ў часопісе «Dziennik Wilenski» («Віленскі дзённік»). У публікацыях імкнуўся растлумачыць фізічную прыроду рэальных працэсаў: сонечных зацьменняў, рух планет, камет і астэроідаў; расказваў пра выкарыстанне матэматычных метадаў у астраноміі; шмат увагі надаваў практычнаму выкарыстанню дасягненняў навукі. На польскую мову В. Карчэўскі пераклаў і выдаў працы французскіх астраномаў Ж. Мале «Навука аб небе» (1824) і П. Лапласа «Гісторыя астраноміі» (1825). Винцэнт Карчэўскі, прыхільнік вучэння М. Каперніка, паслядоўнік М. Пачобута-Адляніцкага, вучань Я. Снядэцкага, прытрымліваўся матэрыялістычных поглядаў, лічыў, што розум чалавека здольны спасцігнуць усе таямніцы сусвету.