Віктар Сцяпанавіч Шавялуха нарадзіўся ў с. Лялеўка Пятроўскага раёна Кіраваградскай вобласці (Украіна) у сям'і селяніна. Падлеткам пачаў працаваць на чыгунцы ў г. Пяціхаткі Днепрапятроўскай вобласці, потым слесарам на шахце ў г. Крывы Рог. У 1950 г. з адзнакай скончыў аддзяленні насенняводства і механізацыі Эрастаўскага сельскагаспадарчага тэхнікума (Украіна). Адукацыю працягваў на агранамічным факультэце (аддзяленне селекцыі і насенняводства) Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя К.А. Ціміразева. Пасля заканчэння ў 1955 г. працаваў старшым аграномам вучгаса «Дружба» у Яраслаўскай вобласці. З 1958 г. знаходзіўся на партыйнай і савецкай рабоце. У 1963 г. завочна скончыў аспірантуру пры Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя К.А. Ціміразева.
З 1964 г. В.С. Шавялуха выкладаў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (старшы выкладчык, дацэнт кафедры раслінаводства, дэкан агранамічнага факультэта, з 1972 г. загадчык кафедры). Вучоны праводзіў маштабныя даследаванні па павышэнні прадукцыйнасці збожжавых і іншых культур, вывучэнні заканамернасцей перыядычнасці росту сельскагаспадарчых раслін (ячменю, пшаніцы, лубіну, ільну, бульбы, кукурузы і інш.). У 1972 г. ён паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю па спецыяльнасці фізіялогія раслін. У 1973 г. атрымаў званне прафесара і быў прызначаны дырэктарам і загадчыкам аддзела Беларускага НДІ земляробства. У 1974 г. выбраны сакратаром ЦК КПБ па сельскай гаспадарцы, членам бюро ЦК КПБ. У 1975–1980 гг. стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Займаючы высокія партыйныя і дзяржаўныя пасады, вучоны не пакідаў навуковую дзейнасць. З работай В.С. Шавялухі ў ЦК КПБ звязаны перыяд уздыму сельскай гаспадаркі рэспублікі, перавод яе на навуковыя асновы інтэнсіфікацыі. У селекцыйных цэнтрах былі пабудаваны фітатронна-цяплічныя комплексы, набыты кліматычныя камеры, сучаснае лабараторнае абсталяванне. Ураджайнасць збожжавых вырасла з 15–16 да 26 цэнтнераў з гектара, у два разы павялічылася вытворчасць малака і мяса. Рэспубліка поўнасцю забяспечыла сябе асноўнымі відамі харчавання. Шмат было зроблена і для развіцця сельскагаспадарчай навукі, умацавана матэрыяльна-тэхнічная база, палепшаны жыллёвыя ўмовы вучоных. У 1979 г. В.С. Шавялуха быў прызначаны намеснікам міністра сельскай гаспадаркі СССР, стаў членам калегіі Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР. Ён курыраваў навуковую работу і аграрную адукацыю краіны. У 1983 г. выбраны членам-карэспандэнтам Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У.І. Леніна (УАСГНІЛ) і Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук (РАСХН). З 1984 г. ён акадэмік-сакратар аддзялення раслінаводства і селекцыі УАСГНІЛ, з 1985 г. сапраўдны член (акадэмік). З 1986 па 2007 г. загадваў кафедрай сельскагаспадарчай біятэхналогіі Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя К.А. Ціміразева. У 2013 г. стаў акадэмікам Расійскай акадэміі навук (РАН).
Па раслінаводстве, фізіялогіі, селекцыі, біятэхналогіі і біяінжынерыі В.С. Шавялухам апублікавана больш за 450 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій. У 1996 г. за манаграфію «Рост растений и его регуляция в антогенезе» і цыкл работ «Физиологические основы роста, продуктивности, устойчивости и селекции растений» яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія Расійскай Федэрацыі ў галіне навукі і тэхнікі. Вучоным падрыхтавана 10 дактароў і 40 кандыдатаў навук. Ён узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975, 1997), ордэнам Дружбы і Ордэнам за вялікі ўклад у развіццё сельскагаспадарчай навукі і сяла Сацыялістычнай рэспублікі В'етнам, шматлікімі медалямі СССР, Расійскай Федэрацыі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета СССР і БССР і інш. Віктар Сцяпанавіч – заслужаны дзеяч навук БССР і Расійскай Федэрацыі. Ён з'яўляўся дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расіі (1993–1998), членам фракцыі КПРФ, з 1994 па 2014 г. старшынёй грамадскай арганізацыі «Расійскія вучоныя сацыялістычнай арыентацыі». Ён быў членам Саюза пісьменнікаў і Саюза журналістаў Расіі. У сваіх мастацкіх творах: «С верой и надеждой» (1993,1995), «А сердце остается в России» (1995), «Огни далекие и близкие» (1997), «В мире науки и политики» (2002), «Судьба и борьба» (2008), «Социализм и условия его возрождения» (2013) і іншых аналізуе і апісвае падзеі ў Беларусі і Расіі, сведкам якіх быў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.