Краткая справка:
вучоны ў галіне хірургіі, траўматалогіі і артапедыі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, выдатнік аховы здароўя, кавалер ордэнаў Леніна, "Знак Пашаны"
Имена на других языках:
Шапиро Моисей Наумович (русский);
3943 символа
Справка
Майсей Навумавіч Шапіра – хірург, траўматолаг, заснавальнік артапедычнай школы ў Беларусі – нарадзіўся ў Мінску ў сям'і рамесніка. У 1909 г. скончыў медыцынскі факультэт Казанскага ўніверсітэта. Пасля вучобы працаваў ардынатарам хірургічнага аддзялення Мінскай гарадской бальніцы. У перыяд Першай сусветнай вайны быў вайсковым урачом. У гады грамадзянскай вайны – ваенным урачом Чырвонай Арміі. У 1923 г. вярнуўся ў Мінск, дзе стаў асістэнтам хірургічнай клінікі медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1927 г. М.Н. Шапіра атрымаў званне дацэнта і ўпершыню ў Беларусі арганізаваў і ўзначаліў кафедру артапедыі. Адначасова кіраваў спецыялізаванай артапедычнай амбулаторыяй, пачаў аперыраваць артапедычных хворых. У 1936 г. паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Роль и значение межпозвонкового диска в патологии позвоночника». Стаў доктарам медыцынскіх навук, атрымаў званне прафесара (1939). За заслугі ў арганізацыі артапедычнай дапамогі ў Беларусі ўдастоены звання заслужанага дзеяча навукі БССР (1940).
У гэты перыяд у Мінску быў створаны Беларускі навукова-даследчы інстытут фтызіятрыі, артапедыі і неўралогіі, дзе М.Н. Шапіра ўзначаліў артапедычнае аддзяленне. У інстытуце праводзіліся складаныя артапедычныя аперацыі, у лабараторыях вялася вялікая эксперыментальная праца. Пад кіраўніцтвам прафесара вырасла першая плеяда кваліфікаваных артапедаў.
У час Вялікай Айчыннай вайны М.Н. Шапіра быў галоўным хірургам эвакуіраваных шпіталяў у Кіргізіі, намеснікам народнага камісара камітэта аховы здароўя Кіргізіі і адначасова загадчыкам кафедры шпітальнай хірургіі медыцынскага інстытута ў г. Фрунзе. Пасля вайны вярнуўся ў Мінск. З 1945 па 1950 г. займаў пасаду дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута фтызіятрыі, артапедыі і неўралогіі, загадваў кафедрай Мінскага медыцынскага інстытута. У 1946–1952 гг. з'яўляўся галоўным хірургам Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Больш за 50 гадоў М.Н. Шапіра прысвяціў лячэбнай, педагагічнай і навуковай дзейнасці. Яму належыць больш за 50 навуковых прац. Першыя работы прысвечаны праблемам хірургіі («Этиология аппендицита», 1914), абагульненню вопыту работы ваенных хірургаў («Механизм современных пулевых ранений», 1915). Правёў шэраг эксперыментальных даследаванняў («Одноэтажный узловой шов при операциях на желудке», 1924). У наступныя гады працаваў пераважна над праблемамі артапедыі і траўматалогіі («Ампутация нижней конечности и протез», 1926; «Подвывихи ладьевидной кости», 1927). У суаўтарстве выдадзены падручнік для ўрачоў і студэнтаў «Уводзіны ў практычную артапедыю» (1931), манаграфія «Клиника эпифизеонекрозов и апофизитов» (1935). Вучоным быў распрацаваны новы спосаб аперацыі пры пярвічным вывіху пляча, удасканалена тэхніка рэзекцыі локцевага сустава пры застарэлых вывіхах. У пасляваенны перыяд М.Н. Шапіра займаўся праблемамі пластыкі ў практыцы лячэння дэфектаў касцей, пытаннямі артапедычнага лячэння інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Вынікам вывучэння наступстваў поліяміэліту стала манаграфія «Эпидемический детский паралич» (1957, разам з М.А. Хазанавым). На працягу многіх гадоў вывучаў пытанні лячэння пераломаў: «Лечение надлодыжечных переломов голени», «К тактике лечения переломов луча», «Лечение переломов трубчатых костей в свете современных знаний патологии перелома», «Техника гипсовых повязок» і інш.
Да канца свайго жыцця М.Н. Шапіра працягваў кансультаваць хворых, даваў парады маладым спецыялістам, выступаў на канферэнцыях з дакладамі. Вучоны з'яўляўся членам праўлення Усесаюзнага таварыства траўматолагаў і артапедаў, намеснікам старшыні, ганаровым членам Беларускага навуковага таварыства хірургаў, артапедаў і траўматолагаў. За заслугі ў арганізацыі артапедычнай дапамогі, падрыхтоўку кадраў, распрацоўку шэрагу актуальных пытанняў артапедыі і траўматалогіі М.Н. Шапіра быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, «Знак Пашаны», медалямі, знакам «Выдатнік аховы здароўя».