Дата рождения:
28.07.1944 Васілевічы, г., Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
Краткая справка:
літаратуразнавец, крытык, член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2017), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2004), выдатнік друку Беларусі
Имена на других языках:
Лавшук Степан Степанович (русский);
3626 символов
Справка
У кожнай галіне навукі ёсць людзі, якія цвёрда і паслядоўна трымаюцца аднойчы выбранага напрамку. Да іх ліку адносіцца доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук. Ён займаецца даследаваннем самых розных літаратурных жанраў, аднак галоўным аспектам дзейнасці вучонага з’яўляецца беларуская драматургія.
Нарадзіўся С.С. Лаўшук у г. Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і рабочага. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на цэментна-металургічным заводзе на Урале, потым на лесаскладзе ў Васілевічах. У 1962–1967 гг. вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара ў Дзятлавіцкай, Лахвенскай сярэдніх школах, загадваў аддзелам у райкаме камсамола, быў дырэктарам Бродніцкай васьмігодкі Лунінецкага раёна.
З 1970 па 1973 г. С.С. Лаўшук вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук БССР. Абараніўшы кандыдацкую дысертацыю, працаваў у ім малодшым, а з 1975 г. старэйшым навуковым супрацоўнікам. У 1998–2007 гг. быў намеснікам дырэктара і адначасова загадчыкам аддзела сучаснай беларускай літаратуры. Зараз з’яўляецца галоўным навуковым супрацоўнікам Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Друкавацца С.С. Лаўшук пачаў з 1962 г. Першая публікацыя “Зарастаюць асакою” з’явілася ў газеце “Гомельская праўда”, выступаў таксама ў рэспубліканскай перыёдыцы. Сапраўдны яго талент праявіўся ў крытычных і літаратурна-навуковых працах, якія пачалі з’яўляцца з 1972 г. Вучоны даследуе заканамернасці развіцця беларускай драматургіі XIX–XX стст., яе вытокі, перыядызацыю, своеасаблівасць творчых пошукаў, жанравыя асаблівасці, навукова-эстэтычную панараму развіцця, прыроду драматычнага канфлікту і яго эстэтычныя асаблівасці ў драме, камедыі і трагедыі. Найбольш значнымі працамі з’яўляюцца “Сучасная беларуская драматургія” (1977), “Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я – пачатак 30-х гг.)” (1984), “Кандрат Крапіва і беларуская драматургія” (1986, 2002), “На драматургічных скрыжаваннях” (1989), “Гарызонты беларускай драматургіі” (2010) і інш. Самы актыўны ўдзел у распрацоўцы важнейшых пытанняў драматургіі прымаў С.С. Лаўшук пры напісанні калектыўных даследаванняў “История белорусской советской литературы” (1977), “Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці” (1978), “Гісторыя беларускай савецкай літаратуры” (ч. 1–2, 1981–1982), “На парозе 90-х” (1993), “Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей” (т. 2–4, 1994–1995), “Гісторыя беларускай літаратуры, XIX – пачатак XX ст.” (2-е выд., 1998), “Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.” (т. 1–4, 1999–2003), “Гісторыя беларускай літаратуры XI–XIX стагоддзяў” (т. 2, 2007) і інш.
Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук выступае ў перыядычным друку з артыкуламі пра тэатры, напісаў работу пра У. Галубка “Першы народны артыст БССР” (1982), выдаў рэпертуарныя зборнікі “П’есы” (1984), “Хлопчык у лесе” (1992), “Цудоўная дудка” (1997) і інш. Ён з’яўляецца складальнікам выдання “Беларуская дакастрычніцкая драматургія” (1978), зборніка У. Галубка “Творы” (1983), збораў твораў А. Макаёнка (т. 1–5, 1987–1990), К. Крапівы (т. 1–6, 1997–2004) і інш.
У апошнія дзесяцігоддзі С.С. Лаўшук займае адно з вядучых месцаў сярод шматлікага кола крытыкаў і літаратуразнаўцаў. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 200 навуковых работ, значнай колькасці літаратурна-крытычных артыкулаў. За плённую працу ўзнагароджаны ў 2004 г. ордэнам Францыска Скарыны.