Дата рождения:
23.04.1934 Вераскава, в., Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
06.06.2011
Краткая справка:
вучоны ў галіне філасофіі, культуралогіі і гісторыі, літаратурны крытык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1984)
Имена на других языках:
Конон Владимир Михайлович (русский);
3747 символов
Справка
Уладзімір Міхайлавіч Конан – вядомы беларускі філосаф, гісторык, крытык і публіцыст – працаваў у розных кірунках гуманітарнай навукі. Яго работы ў галіне рэлігіі, эстэтыкі, гісторыі, філасофіі, культуралогіі, літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі вядомы не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі.
Нарадзіўся У. М. Конан у в. Вераскава Навагрудскага ваяводства (цяпер Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў Плянтоўскай пачатковай, потым у Вераскаўскай сярэдняй школах. У 1952 г. стаў студэнтам гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1959 г. Выкладаў гісторыю, рускую і нямецкую мовы, фізкультуру ў васьмігадовай школе ў в. Стражы на Вілейшчыне; каля двух гадаў быў яе дырэктарам. У 1961 г. У. М. Конан паступіў у аспірантуру Інстытута філасофіі і права АН БССР. Кандыдацкую дысертацыю на тэму “Развитие эстетической мысли в Белоруссии: 1917–1934 гг.” абараніў у 1965 г. З 1966 г. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі і права АН БССР. У 1982 г. ён абараніў у Маскве доктарскую дысертацыю на тэму “Становление и развитие эстетической мысли Белоруссии (Х в. – 1917 г.)” і праз два гады быў прызначаны загадчыкам сектара эстэтыкі і сацыяльнай псіхалогіі, потым у 1986–1990 гг. – вядучым навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. З 1991 па 2004 г. У. М. Конан з’яўляўся загадчыкам аддзела гісторыі і тэорыі культуры Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны. З 2007 па 2011 г. зноў працаваў у Інстытуце філасофіі і права. Некалькі гадоў выконваў абавязкі эксперта Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, з’яўляўся членам двух Саветаў па абароне дысертацый (пры Інстытуце філасофіі НАН Беларусі і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў), быў навуковым кансультантам шэрага выдавецтваў і часопісаў.
У 1968 г. выйшла першая манаграфія У. М. Конана “Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917–1934 гг.)”. У гэтай рабоце вучоны глыбока прааналізаваў і супаставіў эстэтычныя платформы літаратурных аб’яднанняў “Маладняк”, “Узвышша” і “Полымя”, якія існавалі ў Беларусі ў 1920–1930-я гг. У наступных кнігах – “Демократическая эстетика Белоруссии (1905–1917 гг.)” (1971), “Очерк истории эстетической мысли Белоруссии” (1972, у суаўтарстве з Э. Дарашэвічам), “От Ренессанса к классицизму: (становление эстетической мысли Белоруссии в XVI–XVIII вв.”) і “Эстетическая мысль Советской Белоруссии: (основные этапы становления и развития”) (1978), “Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала ХХ в.” (1985) ён адлюстраваў гістарычныя этапы беларускай эстэтыкі і гуманітарнай культуры ў нашай краіне ад эпохі Сярэдневякоўя да сярэдзіны ХХ ст. У 1982 г. У. М. Конан стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. У 1984 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР за цыкл работ па гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі, апублікаваных з 1973 па 1980 гг. Сярод іншых грунтоўных навуковых прац вучонага – “Адам Бабарэка: крытыка-біяграфічны нарыс” (1976) “Ля вытокаў самапазнання: станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору” (1989), “Боская і людская мудрасць: (Францішак Скарына: жыццё, творчасць, светапогляд”) (1990), “Святло паэзіі і цені жыцця: лірыка Максіма Багдановіча” (1991), “Беларуская мастацкая культура эпохі Сярэдневякоўя і Рэнесансу” (2006), “Гісторыя эстэтычнай думкі Беларусі” (т. 1, 2010) і інш. Ён з’яўляецца таксама суаўтарам некалькіх калектыўных манаграфій па гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі ў Беларусі, асветніцкіх нарысаў, даведак да энцыклапедычных выданняў. У 2009 г. Беларускім фондам культуры была падрыхтавана і выдадзена кніга “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння вучонага.