Мікалай Іванавіч Мішчанчук вядомы ў Беларусі і за яе межамі не толькі як выдатны педагог, метадыст, вучоны, але і як літаратуразнавец, літаратурны крытык, паэт, перакладчык, які зрабіў шмат для беларускай літаратуры.
Нарадзіўся ён на прыіску Майск Мазанаўскага раёна Амурскай вобласці (Расія) у сям’і рабочага. На радзіму бацькоў, у Беларусь (Пухавіцкі раён), сям’я пераехала ў 1954 г. Вучыўся ў Суцінскай сярэдняй школе. У 1957 г. М. Мішчанчук паступіў на філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, які скончыў у 1962 г. з дыпломам выдатніка. Некаторы час працаваў настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры, выхавацелем у школе-інтэрнаце ў г.п. Узда. З 1967 г. працаваў у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага. Вучыўся ў аспірантуры, у 1969 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Лирика Е.А. Баратынского: предшественники и наследники”, а ў 1994 г. доктарскую дысертацыю на тэму “Жанрава-стылявыя своеасаблівасці сучаснай беларускай паэзіі”. У 1995 г. яму было прысвоена званне прафесара. У 1998 г. вучоны выбраны членам-карэспандэнтам Беларускай акадэміі адукацыі. З 1996 г. працаваў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, дзе з 2004 г. загадваў кафедрай беларускага літаратуразнаўства.
Дзейнасць вучонага шматаспектная. Друкаваўся ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Настаўніцкая газета”, часопісе “Полымя”, іншых перыядычных, а таксама энцыклапедычных выданнях, навуковых зборніках, што выдаваліся ў Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Англіі, ЗША. Літаратуразнаўчыя і метадычныя даследаванні М. Мішчанчука “Беларуская літаратура на сучасным этапе” (1978, 1983), “Літаратура, народжанная Кастрычнікам” (1983), “Беларуская савецкая паэзія 20-х гадоў” (1988), “Настаўніку – пра настаўнікаў” (1989), “Ёсць у паэта свой аблог цалінны” (1992), “Лiтаратура XX стагоддзя: спроба пераасэнсавання” (1996), “Русская и белорусская литературы XIX–XX столетий: жанрово-стилевой аспект, вопросы взаимодействия” (2005), “Класіка – сучаснасць – перспектывы: пра літаратурны працэс ХХ стагоддзя” (2009) і іншыя прысвечаны вывучэнню важных і актуальных праблем гісторыі беларускай нацыянальнай літаратуры. Яны звяртаюць на сябе ўвагу насычаным факталагічным зместам, цікавымі і арыгінальнымі назіраннямі і заключэннямі. Вучоны – аўтар і суаўтар шматлікіх падручнікаў і дапаможнікаў для школ і ВНУ. Сярод іх – “Уводзіны ў літаратуразнаўства” (2004, з М. Шаўлоўскай), “Беларуская літаратура. 100 лепшых сачыненняў на літаратурныя і вольныя тэмы” (2005), “Русская литература XX века” (2009, з І. Гоўзіч), “Беларуская літаратура: сачыненні, творчыя працы” (2012) і інш. Даследчык займаўся вывучэннем жыцця і творчасці пісьменнікаў, чый лёс звязаны з Пухавіччынай (А. Дудар, М. Чарот, А. Моркаўка, Т. Бондар).
Мікалай Мішчанчук вядомы таксама як паэт. У 1962 г. у часопісе “Бярозка” апублікаваны першы верш “Метал”. Асобныя вершы і падборкі друкаваліся ў “Настаўніцкай газеце”, часопісе “Маладосць”. Ён аўтар зборнікаў паэзіі “Вернасць” (1979), “Трывожуся за белы свет” (1984), “Струна надзеі” (2009). Мікалай Мішчанчук найбольш каштоўнымі ў жыцці лічыў вернасць маральным ідэалам, самаахвярнасць на карысць краіны і людзей. Праз усе яго вершы праходзіць перакананасць, што шчыраванне на глебе дабра і чалавечнасці прарасце багатым ураджаем. Менавіта таму лейтматывам усяго зборніка “Струна надзеі” сталі словы: “Што чалавечнае – тое Вечнае. Прага чалавечнасці – Божы знак Вечнасці”. Паэт цікавіўся жыццём Пухавіччыны, пра што сведчаць вершы “Спявала бабулька Фядора”, “Бульбіну выворваю лапатай”, “Мама, я без цябе…”, “Ручніка мне не трэба…”. Акрамя вершаў М. Мішчанчук напісаў паэмы “Выбух на раллі” (пра подзвіг М. Мароза), “След Праметэя” (пра М. Чэпіка, Героя Савецкага Саюза, які загінуў у Афганістане).
Плённа працаваў М. Мішчанчук і ў галіне перакладу, звяртаючыся да творчасці выдатных пісьменнікаў. На беларускай мове загучалі творы Я. Баратынскага, І. Буніна, Г. Іванава, У. Набокава, А. Адамовіча, І. Савіна, У. Хадасевіча, Д. Амінада, Г. Ахматавай, М. Оцупа, А. Нясмелава і інш.
Дзякуючы сваёй плённай выкладчыцкай, навуковай, творчай і грамадскай дзейнасці М. Мішчанчук займае асаблівае месца ў галіне развіцця айчыннага літаратуразнаўства, справе служэння беларускаму слоўнаму мастацтву.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.