Творчасць самабытнага паэта з Берасцейшчыны Альбіна-Міхала Дзяконскага, на жаль, нават пры жыцці не была вядома шырокаму колу чытачоў, а зараз на беларускую мову перакладзены ўсяго толькі асобныя яго творы. Належыць ён адначасова польскай і беларускай культурам: усё жыццё яго было звязана з землямі Пружаншчыны і Кобрыншчыны, аднак паэзія гучала выключна на польскай мове.
Альбін-Міхал Дзяконскі нарадзіўся 11 мая 1892 г. у маёнтку Пятровічы Кобрынскага павета (цяпер Жабiнкаўскi раён Брэсцкай вобласці) у вялікай сям’і Альбіна Дзяконскага – чалавека адукаванага, які служыў маршалкам дваранства Кобрынскага павета. Маці паэта паходзіла з далёкай раднi Э. Ажэшкi, вядомай польскай пісьменніцы. Дзяцінства Альбіна-малодшага праходзіла ў родавым маёнтку бацькі на беразе Мухаўца. Пачатковую адукацыю хлопец, які рос вельмі здольным і дапытлівым, атрымаў у хатніх настаўнікаў, потым вучыўся ў сярэдняй школе ў Варшаве і ў Рыжскай гімназіі. У 1910 г. Альбіна-Міхала аб’явілі сваім спадкаемцам бяздзетныя родзiчы па бацькоўскай лiнii – Казiмiр i Стэфанiя Дзяконскiя. Юнак перабраўся ў іх маёнтак Магiлёўцы, што на Пружаншчыне. Праз некаторы час апекуны накіравалі яго ў Бельгію для вывучэння сельскай гаспадаркі. Аднак, з-за пагаршэння стану здароўя і адсутнасці цікаўнасці да вывучаемага прадмета яго адукацыя ў Бельгіі была нядоўгай. Пазней ён паступіў на факультэт раманістыкі Лазанскага ўніверсітэта (Швейцарыя). Тут жа ў Лазане сустрэў сваю будучую жонку – Соф’ю Малінскую.
З пачаткам Першай сусветнай вайны А. Дзяконскі вярнуўся на радзіму, аднак ў армію не мабілізаваўся па прычыне слабага здароўя. Ён апынуўся ў падпарадкаванні асобаўпаўнаважанага па забеспячэнні прыпасамі бежанцаў і насельніцтва тылу арміі Паўночна-Заходняга фронту. Некаторы час служыў пры штабе ў г. Арол (Расiя). Пасля вайны Альбін-Міхал з сям’ёй пасяліўся ў Варшаве, а ў 1920 г. назаўсёды пераехаў у Магілёўцы.
Маёнтак у Магілёўцах быў прытулкам, які паэт вельмі любіў, і большасць яго вершаў нарадзілася менавіта тут. У дом Дзяконскіх часта наведваліся паэты, пісьменнікі і літаратары з Кракава, Варшавы, Львова. Многіх з іх цікавіла багатая бібліятэка маёнтка, якая славілася калекцыяй старажытных рукапісаў. Па ўспамінах блізкіх, Альбін-Міхал быў актыўным, ураўнаважаным, вельмі прагным да ведаў чалавекам, які любіў тэатр, сам добра граў на скрыпцы. На жаль, пра Дзяконскага-паэта вядома няшмат, асабліва пра пачатковы перыяд яго творчасці. Першая яго кніга “Байкі” пабачыла свет у 1920 г. і ўяўляла сабой невялікі зборнік вершаваных баек, якія часам складаліся ўсяго з некалькіх радкоў (“Шпак”, “Алень”, “Ліс і барсук”, “Ваявода” і інш.). Байкі добра ўдаваліся Дзяконскаму: лаканічныя і кароткія, яны трапна выражалі пазіцыю аўтара. Мараль яго баек – не нуднае павучанне, а канстатацыя факта, што свет устроены вельмі недасканала.
На працягу 1920–1930-х гг. выйшлі наступныя зборнікі паэзіі А. Дзяконскага: “Байкі. Сатыры. Лірыка” (1926), “Элегія” (1929), “Эклогі” (1931), “Гарадскія матывы” (1931), “На захад” (1932), “Два галасы” (1933), “Драма Люцыфера” (1934), “Падгледжаныя рэчы” (1936). Зборнiкi выдаваліся невялікімі тыражамі – па некалькі соцень экзэмпляраў і друкаваліся ў асноўным у Варшаве. У пачатку 1930-х гг. Дзяконскі надрукаваў у газетах некалькі сваіх артыкулаў, прысвечаных эстэтычным пытанням і тэорыі літаратуры. Вершы яго ўвогуле рэдка з’яўляліся ў тагачасным друку. Захавалася толькі адна публікацыя ў часопісе “Naokolo swіata” (№ 183 за ліпень 1939 г.), дзе змяшчаўся верш А. Дзяконскага “Lіlіе”. Апошняя прыжыццёвая кніга паэта “Зялёныя Магілёўцы” была выдадзена ў 1939 г. і прысвечана жыццю ў маёнтку. Многія вершы з яе былі напоўнены нейкім прадчуваннем небяспекі і страхам (“Страх жыцця”, “Франтон дома” і інш.). І сапраўды, спакойнае жыццё ў правінцыйных Магілёўцах, поўнае клопатаў аб гаспадарцы і паэтычнай творчасці, было раптоўна перарвана ў верасні 1939 г. Пасля таго, як Чырвоная Армія заняла тэрыторыю Заходняй Беларусі, А. Дзяконскі быў арыштаваны і адпраўлены ў Мінск. Далейшы лёс яго пасля сакавіка 1940 г. застаўся невядомым.
Творчасць паэта не стала тэмай глыбокага літаратурнага аналізу, бо даследчыкаў у савецкія часы не мог прывабіць паэт-памешчык з буржуазнай Польшчы. Аднак мастацкія якасці твораў А. Дзяконскага несумненныя: паэзія яго напоўнена любоўю да навакольнага свету, да звычайных, штодзённых і знешне непрыкметных рэчаў. Самы апошні зборнік вершаў А. Дзяконскага быў надрукаваны ў Варшаве ў 1985 г. Вершы яго пазбаўлены сацыяльнай ці палітычнай актуальнасці, у іх ёсць і гумар, і подых вельмі складанага часу, сынам якога быў Альбін-Міхал.
Матэрыял падрыхтаваны Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай у 2012 г.