Краткая справка:
расійскі географ, падарожнік, натураліст, даследчык Цэнтральнай Азіі, ганаровы член Пецярбургскай АН і Рускага геаграфічнага таварыства, генерал-маёр
Варианты имени:
Прывальскі Мікалай Міхайлавіч
Имена на других языках:
Przeval'skij Nikolaj Mihajlovic (не определен); Przewalski Mikolaj (польский); Пржевальский Николай Михайлович (русский);
3004 символа
Справка
Значны ўклад у вывучэнне і даследаванне Цэнтральнай Азіі ўнёс Мікалай Міхайлавіч Пржавальскі – ганаровы член Імператарскай Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук, генерал-маёр, падарожнік і географ.
Нарадзіўся ён у в. Кімбарава Смаленскай губерні ў сям’і дробнага памешчыка, продкі якога належалі да беларускага шляхецкага роду. У канцы ХVI ст. многія з іх перасяліся ў Віцебскую і Смаленскую губерні. У 1855 г. М. М. Пржавальскі скончыў гімназію і паступіў на ваенную службу. З 1861 па 1863 г. ён слухач Акадэміі Генеральнага штаба ў Санкт-Пецярбургу. У час вучобы склаў «Военно-статистическое обозрение Приамурского края», пасля чаго ў 1864 г. быў прыняты ў Рускае геаграфічнае таварыства. У 1864-1867 гг. выкладаў геаграфію і гісторыю ў юнкерскім вучылішчы ў Варшаве. Знаёмства ў 1867 г. з вядомым расійскім географам П. П. Сямёнавым-Цян-Шанскім карэнным чынам паўплывала на фарміраванне М. М. Пржавальскага як вучонага. На працягу 1867–1888 гг. ён ажыццявіў некалькі вялікіх экспедыцый: Усурыйскую (1867–1869), Мангольскую (1870–1873), Лабнорскую і Джунгарскую (1876–1877), дзве Тыбецкія (1879–1880, 1883–1885). Раптоўная смерць перашкодзіла вучонаму здзейсніць пачатую ім у 1888 г. першую экспедыцыю па Цэнтральнай Азіі. Ён памёр ад цяжкага захворвання (брушнога тыфу) ва ўзросце 49 гадоў. Паводле ўласнага запавету М. М. Пржавальскі быў пахаваны на беразе возера Ісык-Куль (Кыргызстан).
У час экспедыцый было пройдзена больш за 30 тыс. км і праведзена здымка тэрыторый. Усе маршруты нанесены на карту. Вучоны даследаваў прыроду Цэнтральнай Азіі, сабраў багатыя калекцыі флоры і фаўны, апісаў шэраг невядомых жывёл (у тым ліку дзікага каня, які стаў вядомы як конь Пржавальскага, дзікага вярблюда, мядзведзя-пішчухаеда) і інш. Ён адкрыў некалькі хрыбтоў і катлавін у Куньлуні, Наньшані і Тыбецкім нагор’і; даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ і Янцзы, азёры Лабнор і Кукунор. У выніку падарожжаў М. М. Пржавальскага было зроблена шмат выдатных навуковых адкрыццяў. У час экспедыцый вучоны вёў дзённік, запісы якога сталі асновай для напісання кніг. Сярод іх – «Монголия и страна тангутов» (1946), «От Кульджи за Тянь-Шань и на Лоб-Нор» (1947), «От Кяхты на истоки Желтой реки» (1948) і інш. Яны набылі шырокую вядомасць, перакладаліся і выдадаваліся на многіх замежных мовах.
Вынікі даследаванняў М. М. Пржавальскага атрымалі сусветную вядомасць і прызнанне. Ён быў узнагароджаны медалямі шматлікіх рускіх і замежных навуковых арганізацый, у 1870 г. выбраны ганаровым членам Рускага геаграфічнага таварыства, якое ў 1891 г. устанавіла Вялікі сярэбраны медаль і прэмію імя вучонага (з 1946 г. Геаграфічным таварыствам СССР прысуджаецца залаты медаль імя Пржавальскага). З 1957 г. у пасёлку Прыстань-Пржавальск працуе мемарыяльны музей М. М. Пржавальскага. Яго імем названы хрыбет у сістэме Куньлуня, ледавік на Алтаі, мыс на востраве Ітуруп (Курыльскія астравы), мыс возера Бенета (Аляска) і шэраг відаў жывёл і раслін, якія вучоны адкрыў у час падарожжа па Цэнтральнай Азіі.