Уладзімір Іосіфавіч Навіцкі нарадзіўся 21 кастрычніка 1939 г. на станцыі Боркавічы Дрысенскага (зараз Верхнядзвінскага) раёна Віцебскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Пасля заканчэння Клімаўшчынскай сямігадовай школы паступіў у Полацкі лясны тэхнікум. У 1958 г. быў накіраваны на працу ў Жолкінскае лясніцтва Пінскага лясгаса.
У 1966 г. У. Навіцкі скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога знаходзіўся на камсамольскай рабоце: працаваў інструктарам, кіраўніком лектарскай групы Гродзенскага абкама камсамола, лектарам ЦК ЛКСМБ, Мінскага райкама КПБ, дырэктарам Рэспубліканскай камсамольскай школы. У гэты час з’явілася яго першая публікацыя — «Участие комсомола Белоруссии в культурном строительстве в республике» (1969).
У 1973 г. Уладзімір Іосіфавіч пачаў працаваць у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР малодшым навуковым супрацоўнікам. З 1975 па 1984 г. ён з’яўляўся намеснікам сакратара парткама АН БССР па ідэалагічнай рабоце. Адначасова займаўся навукова-даследчай дзейнасцю ў сектары гісторыі камуністычнага будаўніцтва пад кіраўніцтвам А. Філімонава. У 1975 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Участие комсомола Белоруссии в осуществлении культурной революции в годы первой пятилетки (1928—1932 гг.)». У наступныя гады вучоны напісаў сумесна з Я. Новікам дзве манаграфіі «Участие Ленинского комсомола Белоруссии в борьбе за подъем народного образования (1920 — июнь 1941 гг.)» (1979) і «Ленинский комсомол Белоруссии — общеобразовательной школе: содержание, формы и методы работы по обучению и коммунистическому воспитанию молодежи (1941—1980 гг.)» (1982). Абедзьве работы прысвечаны ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці насельніцтва, умацаванню агульнаадукацыйнай школы, павышэнню якасці падрыхтоўкі кадраў інтэлігенцыі ў ВНУ і тэхнікумах.
У 1987 г. была выдадзена манаграфія У. Навіцкага «Человеческий фактор: пути активизации (на материалах Белорусской ССР)». Праз два гады Уладзімір Іосіфавіч у сааўтарстве з членам-карэспандэнтам АН БССР І. Марчанкам напісаў кнігу «Белорусская ССР: курсом перестройки». Вучоны таксама прымаў удзел у падрыхтоўцы калектыўных прац «Очерки истории Ленинского комсомола Белоруссии» (1975), «История рабочего класса Белорусской ССР» (т. 4, 1987), «Школа мужества и патриотизма. Краткий очерк истории ДОСААФ Белорусской ССР» (1976, 2-е выд. 1988), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995) і інш.
У 1990 г. У. Навіцкі абараніў доктарскую дысертацыю «Идейно-воспитательная работа среди трудящихся Белорусской ССР (1970—1980-е гг.)», а потым яму было прысвоена званне прафесара. У 1996 г. узначаліў аддзел гісторыі нацыянальна-культурнага развіцця Беларусі пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. У гэты ж час выйшла манаграфія «Гісторыя культуры Беларусі» (1995), напісаная У. Навіцкім разам з Л. Лычом.
Уладзімір Іосіфавіч даследаваў канфесіянальную гісторыю Беларусі. Вынікам стала калектыўная праца У. Навіцкага, В. Грыгор’евай, А. Філатавай і У. Завальнюка «Канфесіі на Беларусі (канец XVIII — XX ст.)» (1998). Канфесіянальнае становішча ў 20—30-я гг. ХХ ст. вучоны адлюстраваў у пятым томе шасцітомнай «Гісторыі Беларусі». Узаемаадносіны паміж дзяржавай і царквой ён выклаў у трэцім томе энцыклапедычнага даведніка «Современная Беларусь».
Уладзімір Навіцкі — адзін з першых беларускіх гісторыкаў, які пачаў вывучаць культуру нацыянальных супольнасцей, што пражываюць на тэрыторыі нашай краіны. Гэта праблема была разгледжана на міжнародных канферэнцыях, праведзеных па яго ініцыятыве: «Беларуска-грэчаскія ўзаемасувязі: ад старажытнасці да сучаснасці» (2000), «Этнічныя супольнасці Беларусі: гісторыя і сучаснасць» (2001), «Беларусь — Украіна: гістарычны вопыт узаемаадносін» (2003).
Уладзімір Іосіфавіч – аўтар 30 індывідуальных і калектыўных манаграфій, больш за 250 розных публікацый – навуковых артыкулаў, рэцэнзій, тэзісаў дакладаў канферэнцый. Вучоны з’яўляецца навуковым рэдактарам гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць» Верхнядзвінскага раёна.
З ліпеня 1990 г. У. Навіцкі выконваў абавязкі намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі, з 2006 г. — галоўны навуковы супрацоўнік аддзела найноўшай гісторыі Рэспублікі Беларусь.
Працоўная і творчая дзейнасць Уладзіміра Іосіфавіча на навуковай ніве была адзначана Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1970), медалём «За трудовую доблесть» (1981), прэміяй В.А. Капцюга Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук (2003) за сумесную навуковую працу «Очерки истории белорусов в Сибири в XIX – XX вв.» (2002).