Краткая справка:
ваенны дзеяч, генерал-лейтэнант, Герой Савецкага Саюза (1943), узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кутузава ІІ-й ступені, Айчыннай вайны І-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі
Имена на других языках:
Баталов Григорий Михайлович (русский);
2208 символов
Справка
Рыгор Міхайлавіч Баталаў нарадзіўся ў Віцебску ў сям’і рабочага. Скончыў няпоўную сярэднюю школу, працаваў слесарам. У верасні 1934 г. быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. У 1937 г. скончыў Мінскае ваенна-пяхотнае вучылішча. Кіраваў узводам і ротай кулямётчыкаў у тым жа вучылішчы.
З пачатку Вялікай Айчыннай вайны Р.М. Баталаў знаходзіўся на Заходнім фронце, удзельнічаў у абароне Смаленска. Пасля паскоранага курса Ваеннай акадэміі РСЧА імя Фрунзэ ў якасці камандзіра палка ваяваў пад Сталінградам, змагаўся на Данскім, Варонежскім, 2-м Украінскім франтах.
Асабістую адвагу і талент камандзіра Р.М. Баталаў праявіў падчас бітвы за Дняпро. У ноч на 26 верасня 1943 г. полк пад яго камандаваннем фарсіраваў раку і захапіў плацдарм у раёне сяла Барадаеўка Днепрапятроўскай вобласці.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 кастрычнiка 1943 г. за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры фарсіраванні Дняпра і ўтрыманні плацдарма Рыгору Міхайлавічу Баталаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
Рыгор Баталаў удзельнічаў у Кіраваградскай, Яска-Кішынёўскай, Будапешцкай, Браціслаўска-Брноўскай, Пражскай наступальных аперацыях. У баях за Венгрыю ў кастрычніку 1944 г. быў цяжка паранены і вярнуўся ў строй толькі ў студзені 1945 г. Перамогу сустрэў у Чэхаславакіі.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Міхайлавіч працягваў службу ў Савецкай Арміі. Скончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзэ, Ваенную акадэмію Генеральнага штаба. Служыў ва Уральскай, Забайкальскай, Закаўказскай ваенных акругах. З’яўляўся прадстаўніком Галоўнакамандуючага аб’яднанымі ўзброенымі сіламі дзяржаў – удзельніц Варшаўскага дагавора пры камандуючым арміі ў Чэхаславацкай Народнай Арміі, быў начальнікам Упраўлення баявой падрыхтоўкі Групы савецкіх войскаў у Германіі, ваенным саветнікам пры камандуючым войскамі ваеннай акругі Нацыянальнай Народнай арміі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. З красавіка 1971 г. генерал-лейтэнант Р.М. Баталаў – у адстаўцы.
Узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кутузава ІІ-й ступені, Айчыннай вайны І-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.