Нарадзіўся І.І. Белановіч у сям'і рабочага ў Мінску ў 1920 г. Застаўшыся без бацькі, у 16-гадовым узросце ён паехаў з роднага Мінска да брата ў Ніжні Тагіл, а адтуль – у Перм, дзе паступіў у мастацкае вучылішча. Аднак дыплом аб заканчэнні вучылішча ён атрымаць не паспеў: у красавіку, за два месяцы да пачатку вайны, з апошняга курса яго прызываюць у Чырвоную Армію. Вайна застала Белановіча ў Кіеўскай ваеннай акрузе. Ваенны лёс будучага мастака быў надзвычай суровым. Гвардыі старшы сяржант – кавалер двух ордэнаў Айчыннай вайны I і II ступеняў, ордэна Чырвонай Зоркі, медалёў “За адвагу”, “За баявыя заслугі” і многіх іншых узнагарод, Іосіф Белановіч прайшоў вайну ад Смаленска 1941 г. да Берліна 1945 г. Напрыканцы вайны ў якасці ўзнагароды ён атрымаў фотаапарат, якім было зроблена вялікае мноства ўнікальных фотаздымкаў ваеннай пары (частка фотаздымкаў перададзена ў фонды Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны). Апошняя воінская пасада І. Белановіча – камандзір гаўбічнага разліку 43-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады 3-га Беларускага фронту.
Потым было вяртанне на радзіму, работа ў мінскіх мастацка-вытворчых майстэрнях, першыя творчыя паездкі ў Брэст, дзе рабіліся замалёўкі руін Брэсцкай крэпасці. Восенню 1953 г. І. Белановіч становіцца студэнтам мастацкага факультэта, які быў створаны у гэтым годзе ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.
І.І. Белановіч – прадстаўнік беларускай школы жывапісу. Больш таго, ён мастак “першага прызыву”, які належыць да першага выпуску (1959). Яго настаўнікамі ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце былі выдатныя мастакі-рэалісты А.П. Мазалёў, В.В. Волкаў, В.К. Цвірка. Звязаныя вучобай і традыцыяй з рускай рэалістычнай школай, яны выхоўвалі ў гэтым напрамку і сваіх вучняў. Дыпломнай работай Белановіч абраў тэму абароны Брэсцкай крэпасці, выкарыстаўшы свае шматлікія зскізы своеасаблівага “Брэсцкага цыкла” 1948 г. Паводле слоў мастацтвазнаўца В. Шматава, гэта былі выдатныя працы, напэўна, лепшыя ў беларускім мастацтве на азначаную тэму. Тэматычная рэтраспектыва твораў менавіта гэтага цыкла экспанавалася ў ліпені 2007 г. у сталічнай мастацкай галерэі “Арт-блик”.
Пасля заканчэння БДТМІ Іосіф Іосіфавіч доўгі час выкладаў малюнак на архітэктурным аддзяленні Беларускага політэхнічнага інстытута. У сваёй творчасці застаўся прынцыповым рэалістам. Працаваў у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Значнае месца ў яго творчасці займала графіка (малюнак, акварэль). Да ліку лепшых сюжэтна-тэматычных карцін мастака, па сведчанні спецыялістаў, адносяцца “Хлеб партызанам” (1978), “Зямля мужнасці” (1981), “Сейбіты” (1977), “Эшалоны” (1981), “Камсамольцы 30-х гадоў” (1982). У галерэі партрэтаў – Я. Купала (1980), прафесар С. Секач (1987), М. Багдановіч (1990) і інш.
У 2010 г. у рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 65-годдзю Вялікай Перамогі, у рэспубліканскай мастацкай галерэі была адкрыта выстаўка “Фарбы пераможнай вясны”, на якой паказваліся галоўным чынам працы мастакоў апошніх гадоў, у тым ліку і тры персанальныя выстаўкі ветэранаў-мастакоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны І. Дмухайлы, Ф. Бараноўскага, І. Белановіча, якім у знак павагі была адведзена асобная зала.
Творы І.І. Белановіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у фондах Беларускага саюза мастакоў, у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, у сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, а таксама ў некаторых мінскіх школах, у краязнаўчых музеях Пінска, Брэста, Барысава і прыватных калекцыях у Бельгіі, Германіі, ЗША, Ізраілі, Расіі і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.