Павел Кірылавіч Белавусаў нарадзіўся на Днепрапятроўшчыне ў г. Такмак (Украіна). Скончыў Варашылаўградскае мастацкае вучылішча (1939). Вучыўся ў В. Федчанкі. У гады Вялікай Айчыннай вайны П. Белавусаў знаходзіўся ў радах Чырвонай Арміі. У 1960 г. скульптар пераехаў у Мінск. Працаваў ва Упраўленні аддзелачных работ, спецыялізаваўся ў галіне архітэктурна-дэкаратыўнай скульптуры. Пад яго кіраўніцтвам брыгада скульптараў у складзе С. Адашкевіча, А. Заспіцкага, В. Палійчука стварыла шэраг рэльефаў і статуй, якія ўпрыгожваюць фае і залы Мінскага сувораўскага вучылішча, будынкі на Прывакзальнай плошчы і іншыя адміністрацыйныя і жылыя пабудовы. У рэспубліканскіх і ўсесаюзных мастацкіх выстаўках стаў удзельнічаць з 1951 г. У гэтым жа годзе быў прыняты ў члены Беларускага саюза мастакоў.
Працаваў у манументальнай і станковай скульптуры ў жанрах фігуратыўнай кампазіцыі і партрэта. Адной з вядучых тэм творчасці П. Белавусава стала ваенная тэма. Сярод работ гэтай тэматыкі – “Партызан на допыце” (1952), “Аб сябрах-аднапалчанах” (1955), “Пісьмо” (1957), “Апошні бастыён” (1958), “Салдаты. 1941 год” (1969) і інш. Павел Белавусаў з’яўляецца таксама аўтарам помніка воінам Савецкай Арміі і партызанам у в. Сінягова Старадарожскага раёна Мінскай вобласці (1962), помніка партызанскай брыгадзе “Жалязняк” у Бягомлі (1967), Мемарыяла Воінскай Славы каля в. Лудчыцы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці (1984, усе ў суаўтарстве).
Сярод іншых твораў – кампазіцыі “Варатар” (1957), “Мінчанка” (1958), “Мантажнікі”(1960), “Хірург” (1962), “А маці ўсё чакаюць” (1975) і інш.
Працаваў скульптар і ў партрэтным жанры. Ім створаны партрэты У. Маякоўскага (1957), Я. М Свярдлова (1963), У. І. Леніна ( 1967, 1973), С. Ясеніна (1973), Ю. Смірнова, Героя Савецкага Саюза А. Р. Саенкі (абодва 1975) і інш.
Характэрызуючы адметныя рысы творчасці майстра, спецыялісты адзначаюць, што лепшыя творы П. Белавусава вылучаюцца ўнутранай дынамікай, пластычнасцю формы, лаканічнасцю выяўленчых сродкаў.
У 1986 г. П. Белавусаў у складзе аўтарскага калектыву за стварэнне Мемарыяла Воінскай Славы “Лудчыцкая вышыня” ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР (пасмяротна).
Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.