Имена на других языках:
Филиппович Афанасий (русский);
5261 символ
Справка
Першая палова XVII ст. – адна з самых напружаных і цікавых старонак у гісторыі, культуры і літаратуры Беларусі. Рэлігійны рух, выкліканы барацьбой паміж праваслаўнымі, католікамі і уніятамі, дасягнуў у гэты перыяд вельмі шырокіх памераў і вылучыў шэраг цікавых і значных асоб, сярод якіх – славуты рэлігійны і грамадскі дзеяч, чалавек рэдкага пісьменніцкага таленту, адзін з найбуйнейшых беларускіх пісьменнікаў гэтага стагоддзя Афанасій Філіповіч.
Дакладны год нараджэння А. Філіповіча невядомы. Дата губляецца недзе паміж 1595–1600 гг. Невядома і дзе ён нарадзіўся, але тое, што А. Філіповіч быў брэсцкім ігуменам, сведчыць пра яго паходжанне з Брэстчыны, таму што па царкоўных правілах XVII ст. такі досыць вялікі пост у праваслаўнай іерархіі мог займаць, за рэдкім выключэннем, толькі чалавек, які нарадзіўся на гэтай тэрыторыі. У сваім славутым “Дыярыушы” Філіповіч называе сябе чалавекам простым і адносіць да выхадцаў з сям’і гарадскога рамесніка. Мяркуецца, што адукацыю ён атрымаў спачатку ў брацкай школе, а потым прайшоў навучанне ў Віленскай езуіцкай калегіі. З 1620 па 1627 г. Філіповіч быў выхавацелем пры двары Льва Сапегі так званага “царэвіча маскоўскага” – сына польскага шляхціца Дз. Лубы Яна Фаустына, якога польскія прыдворныя колы рыхтавалі на самазванства, каб зноў узняць смуты ў Расіі. Ці ведаў пра гэта Філіповіч, дакладна невядома, але, магчыма, ён у рэшце зразумеў праўду і вельмі балюча перажываў свой – вольны ці нявольны – грэх. У 1627 г. Філіповіч пакінуў двор канцлера і пастрыгся ў манахі віленскага Святадухаўскага манастыра. Жыў у манастырах Куцеінскім (пад Оршай), Міжгорскім (пад Кіевам). У 1632 г. Філіповіч быў пасвечаны ў сан іераманаха, а ў наступным годзе стаў намеснікам ігумена Дубайскага манастыра, што знаходзіўся блізка каля Пінска. Пасля яго закрыцця знайшоў прытулак у Купяціцкім (таксама каля Пінска) манастыры. На Піншчыне ён апынуўся ў самым цэнтры супрацьстаяння праваслаўнай царквы з уніятамі і прыняў актыўны ўдзел у барацьбе за праваслаўную веру, за яе абарону ад гвалтоўных дзеянняў католікаў і уніятаў.
У 1637 г. пад выглядам збору сродкаў на Купяціцкую царкву А. Філіповіч накіроўваецца ў Маскву. На самой справе – прасіць рускага цара аб дапамозе. Пра мэту і вынікі гэтай паездкі ён напісаў у сваім першым публіцыстычным творы “Гісторыя падарожжа ў Маскву”, у якім у своеасаблівай форме, выкарыстоўваючы арыгінальныя паэтычныя прыёмы, расказаў пра цяжкае становішча праваслаўнага насельніцтва Беларусі і Украіны ў складзе Рэчы Паспалітай. Праз два гады А. Філіповіч быў прызначаны ігуменам Сімяонаўскага манастыра ў Брэсце. Тут і пачаўся апошні, самы бурны перыяд яго жыцця. Барацьба Філіповіча з уніятамі была вельмі вострай і бескампраміснай. Яго дзейнасць стала шырока вядома ў краіне. За актыўнае процідзеянне Брэсцкай уніі 1596 г., рэзкія выпады супраць караля яго тройчы арыштоўвалі, садзілі ў калодкі, высылалі ў Кіеў пад нагляд мітрапаліта Пятра Магілы. Але арышты, здзекі, пакуты – нішто не магло зламаць гэтага мужнага чалавека. У турмах Афанасій Філіповіч стварае свае публіцыстычныя творы “Навіны”, кароткі трактат “Фундамент непарадку касцёла рымскага”, “Супліка трэцяя”, “Прыгатаванне на суд”, “Парада пабожная” і багаслоўскі эцюд “Аб фундаменце царкоўным”, у якіх з дэмакратычных пазіцый крытыкаваў палітыку Рэчы Паспалітай, царкоўных іерархаў і свецкіх магнатаў, выступаў супраць царкоўнай уніі, за саюз з Расійскай дзяржавай. У сваіх творах Філіповіч мала звяртаўся да багаслоўскіх пытанняў, таму што разумеў, што уніфікацыя праваслаўнага і каталіцкага веравызнанняў праводзіцца не з рэлігійных, а выключна з палітычных меркаванняў.
У 1646 г., знаходзячыся пад наглядам мітрапаліта Пятра Магілы ў келлі Кіева-Пячорскага манастыра, А. Філіповіч усю сваю публіцыстычную дзейнасць звёў у адзіны збор – “Дыярыуш” (“Дзённік”). У ім аб’яднаны ў адно цэлае дарожныя і тлумачальныя запіскі аўтара, яго ўспаміны, дзённікі і аўтабіяграфічны нарыс аб пражытым і перажытым, легенды і містычныя прывіды, пасланні і пісьмы А. Філіповіча, яго выкрывальныя прамовы, канспектыўныя накіды асобных артыкулаў, філасофскія трактаты багаслоўскага характару, вершы, прысвечаныя барацьбе, і нават напеў гімнападобнага канта – аднаго з найбольш ранніх нотных запісаў у беларускай музыцы. Ідэйная насычанасць, каларытнасць і разнастайнасць стылёвых адценняў, багацце апавядальных сродкаў, розных мастацкіх прыёмаў робяць “Дыярыуш” А. Філіповіча адным з яркіх помнікаў палемічнай публіцыстыкі XVII ст. Пры жыцці аўтара “Дыярыуш” не быў апублікаваны і захаваўся ў двух спісах. Адзін – у Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве, другі – у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу.
У 1647 г. пасля смерці мітрапаліта Пятра Магілы, які хоць і аднёсся абыякава да “Дыярыуша”, але А. Філіповічу сімпатызаваў, той аказаўся на волі. Аднак свабода была непрацяглай. У верасні 1648 г. па абвінавачванні ў дапамозе казакам Б. Хмяльніцкага Філіповіча зноў арыштавалі і расстралялі.
Недзе паміж 1658 і 1666 гг. брэсцкі ігумен быў кананізаваны праваслаўнай царквой як святы прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі. У памяці нашчадкаў ён застаўся як нястомны барацьбіт супраць сацыяльнага, нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту і таленавіты пісьменнік-публіцыст.