Вацлаў Аляксандравіч Бубноўскі нарадзіўся ў маёнтку Дубянец Полацкага павета (цяпер Расонскі раён Віцебскай вобласці). З дзяцінства захапляўся мастацтвам, вучыўся маляванню ў знакамітага І. Хруцкага, які даводзіўся яму родным дзядзькам. Пад уплывам І. Хруцкага было прынята рашэнне паступаць у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1888 г. В. Бубноўскі працягнуў навучанне ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве. Яго настаўнікамі былі мастак І. Яблонскі і скульптар А. Даўн. Пасля заканчэння асноўнага курса ў 1895 г. В. Бубноўскі практыкаваўся ў парыжскай Акадэміі Каляросі, удасканальваў свае веды ў Алжэбера. У 1896 г. працягваў навучанне ў Кракаве на аддзяленні скульптуры, дзе стварыў свае першыя скульптурныя работы (“Хлопчык, які іграе на пішчалі” і інш.), потым вучыўся яшчэ год у Акадэміі прыгожых мастацтваў у Мюнхене.
Пасля вяртання ў Кракаў пачаў займацца дэкаратыўнай скульптурай і ўжытковым мастацтвам. У 1898 г. В. Бубноўскі пераехаў у Варшаву, выставіў свае творы ў Таварыстве заахвочвання прыгожых мастацтваў. Вырабіў для фірмы братоў Лапенскіх шэраг медальёнаў выдатных суайчыннікаў. Стварыў пластыку дробных форм: статуэткі, дэкаратыўныя кампазіцыі і вазы ў стылі мадэрн. У гэты перыяд ён цесна працаваў з вядомым варшаўскім скульптарам З. Ота. Створаная імі скульптурная група для фасада Таварыства заахвочвання прыгожых мастацтваў у Варшаве была адзначана першай прэміяй.
У 1900 г. скульптар пераехаў з Варшавы ў в. Служава, якая знаходзілася на поўначы Польшчы ў Куяўскім ваяводстве, па запрашэнні ўладальніка вёскі Л. Вадзінскага, з якім пазнаёміўся ў Парыжы. Лявон Вадзінскі задумаў рэстаўрацыю старога, збудаванага ў 1560 г., познегатычнага касцёла Яна Хрысціцеля. Унутранае аздабленне ён даручыў В. Бубноўскаму. Скульптарам быў выкананы алтар, дзе размяшчаліся дзве скульптуры “Багародзіца з дзіцём” і “П’ета”. Створаны амбон з выявамі евангелістаў, хрысцільня з барэльефам “Выгнанне з Раю”, аздоблены калятарская (патронская) ложа і арганныя хоры. Праца была завершана ў 1903 г. Падчас работы над аздабленнем касцёла скульптар не парываў сувязі з Таварыствам заахвочвання прыгожых мастацтваў у Варшаве і ў 1900, 1902, 1903. 1906 гг. удзельнічаў у выстаўках, якія праводзіліся гэтым таварыствам.
У 1905 г. В. Бубноўскі набыў у Александрове прыдатнае памяшканне і заснаваў сваю скульптурна-керамічную майстэрню. У гэтай майстэрні ён стварыў пяць скульптур, што сёння ўпрыгожваюць фасад касцёла Пятра і Паўла ў Цехацінку. Тут жа былі зроблены з тэракоты стацыі Крыжовай дарогі для касцёла ў Нешаве. Шмат увагі надаваў рабоце над скульптурай малых форм, якая цалкам абумоўлівалася традыцыямі мадэрнізму, распрацаваў уласны спосаб пацініравання керамікі і шырока карыстаўся ім. Кампазіцыі статуэтак, дэкаратыўных ваз вызначаліся вычурнымі формамі, асіметрыяй і мудрагелістымі арнаментамі з ломаных, крывых ліній (“Купальшчыца”, “Прыгажуня і купідон” і інш.). Вацлаў Бубноўскі карыстаўся сімвалічнымі і фантастычнымі матывамі, выявамі казачных раслін і экзатычных арнаментаў. Творы дробнай пластыкі майстра вызначаліся вясёлымі, радаснымі настроямі і прызначаліся для аздаблення сядзіб і палацаў. Яны карысталіся попытам за межамі Беларусі – у Варшаве, Берліне, Лондане.
У творчай спадчыне В. Бубноўскага ёсць шэраг партрэтаў, выкананых у рэалістычнай манеры, сярод якіх вылучаецца “Жаночы партрэт” (1910). У 1919 г. ён стварыў бюст жонкі А. Дурайскай.
У складзе Улацлаўскай рамеснай палаты прымаў удзел у Прамыслова-рамесніцкай выстаўцы, што праходзіла ў Гдыні з 26 чэрвеня па 1 верасня 1935 г. Праца керамічнай майстэрні В. Бубноўскага на выстаўцы была адзначана сярэбраным медалём. У гэты час скульптар працаваў настаўнікам малявання ў Александроўскай гімназіі. 26 мая 1945 г. В. Бубноўскі памёр, пахаваны на могілках у Александрове.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.