Дата рождения:
17.11.1870 Хоцімск, г. п., Хоцімскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
11.02.1956
Краткая справка:
вучоны-астраном, аўтар шэрага арыгінальных канструкцый і прылад для тэлескопаў, член-карэспандэнт АН СССР, заслужаны дзеяч навукі РСФСР (1934), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952)
Имена на других языках:
Блажко Сергей Николаевич (русский);
3788 символов
Справка
Стваральнік навуковай школы пераменных зорак Сяргей Мікалаевіч Блажко больш за 60 гадоў жыцця прысвяціў працы ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В. Ламаносава. Ён выканаў шэраг навуковых даследаванняў у галіне практычнай астраноміі і астраметрыі, чытаў асноўныя астранамічныя курсы.
Нарадзіўся будучы вучоны ў мястэчку Хоцімск (зараз гарадскі пасёлак у Магілёўскай вобласці) у сям’і купца. Пачатковую адукацыю атрымаў у Хоцімскім народным вучылішчы (1880) і Смаленскай гімназіі (1888). У далейшым паспяхова здаў уступныя экзамены і пачаў вывучаць астраномію на фізіка-матэматычным факультэце Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта. Сярод выкладчыкаў былі выдатныя вучоныя, прафесары Ф.А. Брадзіхін і
В.К. Цэраскі, якія аказалі значны ўплыў на фарміраванне навуковых поглядаў астранома. Пасля заканчэння навучання (1892) С.М. Блажко стаў працаваць звышштатным асістэнтам у абсерваторыі ўніверсітэта. Пад кіраўніцтвам В.К. Цэраскага ў 1895 г. пачаў фотаметрычныя назіранні зорак пры дапамозе экватарыяльнай камеры і сістэматычнае фатаграфаванне Сонца і зорнага неба з мэтай вызначэння пераменных зорак. Гэта яго захапленне паклала пачатак фарміраванню багатай калекцыі здымкаў Маскоўскай абсерваторыі. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў даследчык назіраў больш як 200 пераменных зорак розных тыпаў. Адкрыў заканамерную змену крывой і перыяду бляску цэфеід (так званы эфект Блажко, 1907). 3 дапамогай зоркавага спектрографа ўласнай канструкцыі атрымаў першыя фатаграфіі спектраў метэораў (1904, 1907), упершыню ў Расіі даследаваў вышыні згарання метэораў і іх спектры. Вынікі сваёй работы С.М. Блажко выклаў у 1911 г. у манаграфіі «О звездах типа Алголя» (1911), якая выйшла асобным выданнем і атрымала сусветную вядомасць. Яна стала яго магістарскай дысертацыяй, абароненай у 1913 г. У 1919 г. астраном прапанаваў новы метад выяўлення малых планет, які атрымаў значнае распаўсюджанне. У 1918–1931 гг. С.М. Блажко ўзначальваў астранамічную абсерваторыю ўніверсітэта, у 1922–1931 гг. з’яўляўся дырэктарам НДІ астраноміі і геадэзіі пры МДУ. У 1929 г. быў выбраны членам-карэспандэнтам АН СССР, у 1934 г. яму прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі РСФСР.
Акрамя навуковай, С.М. Блажко займаўся педагагічнай дзейнасцю. З 1896 г. ён чытаў у Маскоўскім універсітэце курсы лекцый па агульнай і сферычнай астраноміі, агульнай і практычнай астрафізіцы. Выкладаў астраномію на Педагагічных курсах Таварыства выхавальніц і настаўніц, Вышэйшых жаночых курсах (1900–1918), у Народным універсітэце імя А.Л. Шаняўскага (1909–1919). У 1918 г. стаў штатным прафесарам, у 1931–1953 гг. узначальваў кафедру астраноміі Маскоўскага ўніверсітэта. Вучоны – аўтар трох фундаментальных манаграфій, якія сталі асновай універсітэцкага выкладання астранамічных дысцыплін. За падрыхтоўку падручнікаў «Курс сферической астрономии» (1948) і «Курс практической астрономии» (1951) вучоны ў 1952 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. Таксама ён напісаў больш за 100 навуковых прац і шэраг наукова-папулярных артыкулаў па практычнай астраноміі, астрафатаметрыі, гісторыі астраноміі. Сярод іх – «Коперник» (1926), «Астрономия в военном деле» (у суаўтарстве, 1934), «Витольд Карлович Цераский. Некролог» (1927), «Памяти П.К. Штернберга» (1935), «История астрономической обсерватории Московского университета в связи с преподаванием астрономии» (1941) і інш.
Вучоны з’яўляўся членам Міжнароднага астранамічнага саюза і некаторых навуковых таварыстваў. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна (1940, 1945) і Працоўнага Чырвонага Сцяга (1944, 1953), медалямі. Імем С.М. Блажко названы малая планета № 2445 і кратар на адваротным баку Месяца. У сярэдняй школе № 1 г. Хоцімска створаны музей, прысвечаны вучонаму. У 2008 г. на доме, дзе ён нарадзіўся, была ўстаноўлена памятная дошка.