Міхаіл Іванавіч Будыка, адзін з самых аўтарытэтных кліматолагаў XX ст., нарадзіўся ў Гомелі. З 1937 па 1942 г. вучыўся ў Ленінградскім палітэхнічным інстытуце. Пасля атрымання дыплома быў накіраваны на працу ў Ленінградскую галоўную геафізічную абсерваторыю імя А.І. Ваейкава, дзе з мэтай вывучэння змяненняў клімату арганізаваў групу навукоўцаў. У 1944 г. М.І. Будыка атрымаў званне кандыдата, а ў 1951 г. – доктара навук. З 1954 па 1972 г. быў дырэктарам абсерваторыі. З 1975 г. з’яўляўся загадчыкам аддзела даследаванняў змяненняў клімату Дзяржаўнага гідралагічнага інстытута. Пад яго кіраўніцтвам ажыццяўлялася распрацоўка прагнозаў змяненняў рэжыму тэмпературы паветра і ападкаў у асобных рэгіёнах Зямлі і ацэнка ўплыву змяненняў клімату планеты на гаспадарчую дзейнасць і прыроднае асяроддзе. У 1964 г. вучоны стаў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР, у 1992 г. – акадэмікам Расійскай акадэміі навук.
Навуковыя працы М.І. Будыкі прысвечаны фізічнай кліматалогіі, геахіміі, біякліматалогіі, актынаметрыі, уплыву кліматычных фактараў і іх змяненняў на эвалюцыю. Сярод іх – «Испарение в естественных условиях» (1948), «Климат и жизнь» (1971), «Изменения климата» (1974), «Глобальная экология» (1977), «Климат в прошлом и будущем» (1980), «Изменения окружающей среды и смены последовательных фаун» (1982), «Антропогенные изменения климата» (1987, у суаўтарстве) і інш. Вучоны разам з А.А. Грыгор’евым сфармуляваў перыядычны закон геаграфічнай занальнасці, прапанаваў класіфікацыю клімату. Будыка М.І. актыўна вывучаў сувязь паміж цеплавым балансам зямной паверхні і кліматам, распрацаваў энергабалансавую мадэль клімату і інш. Пад яго кіраўніцтвам складзены атлас цеплавога балансу зямлі.
Вучоны ўнёс значны ўклад у развіццё міжнароднага навуковага супрацоўніцтва ў галіне кліматалогіі: быў сустаршынёй VIII Рабочай групы міжурадавага пагаднення 1972 г. паміж СССР і ЗША аб сумеснай ахове навакольнага асяроддзя, арганізоўваў навуковыя сімпозіумы, удзельнічаў у падрыхтоўцы справаздачы-манаграфіі «Предстоящие изменения климата». З 1998 г. – навуковы кіраўнік Цэнтра ІНЭНКО Расійскай акадэміі навук. Ён з’яўляўся ганаровым членам Рускага геаграфічнага таварыства і Амерыканскага метэаралагічнага таварыства, дэпутатам раённага і Ленінградскага гарадскога Саветаў.
Будыка М.І. узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», «За заслугі перад Айчынай» II ступені, медалямі. Ён з’яўляецца лаўрэатам Ленінскай прэміі (1958), прэміі Міжнароднага фонду Асахі «Блакітная Планета» (1998) і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.