Дата рождения:
05.06.1925 Кругліца, в., Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
22.04.1997
Краткая справка:
удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, поўны кавалер ордэна Славы
Имена на других языках:
Беляев Николай Григорьевич (русский);
2914 символа
Справка
Мікалай Рыгоравіч Бяляеў нарадзіўся ў пасёлку Кругліца Журавіцкага раёна Магілёўскага акругі (цяпер вёска ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці). Скончыў няпоўную сярэднюю школу ў роднай вёсцы. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны застаўся на тэрыторыі, занятай ворагам, прымаў удзел у падпольнай барацьбе. У жніўні 1942 г. уступіў у 425-ы партызанскі атрад Клічаўскага партызанскага злучэння, якое вяло баявыя дзеянні на тэрыторыі Рагачоўскага, Гомельскага, Быхаўскага, Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў. У кастрычніку 1943 г. атрад, у якім ваяваў Мікалай Бяляеў, стаў партызанскім палком.
Партызан Бяляеў прымаў удзел у баявых аперацыях па вызваленні раёна ад акупантаў, разгроме ваенных гарнізонаў і апорных пунктаў паліцыі, “рэйкавай вайне”, баях з карнікамі ў канцы 1943 – пачатку 1944 гг. 24 лютага 1944 г. 425-ы партызанскі полк у ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі злучыўся з Чырвонай Арміяй.
У сакавіку 1944 г. Мікалай Бяляеў стаў чырвонаармейцам, навучыўся стральбе з мінамёта, стаў сяржантам. У жніўні 1944 г. трапіў на фронт у якасці камандзіра мінамётнага разліку 47-й гвардзейскай стралковай дывізіі і за кароткі перыяд службы паказаў сябе выдатным камандзірам.
За ўзорнае выкананне заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым доблесць і гераізм Мікалай Рыгоравіч Бяляеў быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ-й ступені.
Камандзір мінамётнага разліку гвардыі старшы сяржант Бяляеў праявіў сябе ў час Варшаўска-Познанскай наступальнай аперацыі, калі яго разлік знішчыў некалькі агнявых кропак праціўніка. Загадам камандавання ад 31 сакавіка 1945 г. Мікалай Рыгоравіч Бяляеў быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІ-й ступені.
Мікалай Бяляеў праявіў асаблівы гераізм у ходзе Берлінскай наступальнай аперацыі: толькі за адзін дзень баёў мінамётчыкі пад яго кіраўніцтвам знішчылі тры кулямёты і каля 25 салдат праціўніка. У баях за цэнтральныя кварталы Берліна мінамёты Бяляева заглушылі агонь варожай гарматы, знішчылі чатыры станкавых і тры ручных кулямёты, каля 20 салдат і афіцэраў праціўніка. За гэтыя подзвігі Мікалай Рыгоравіч Бяляеў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
У снежні 1945 г. старшы сяржант Бяляеў быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў Беларусь, экстэрнам скончыў сярэднюю школу, працаваў у Ваўкавыскім раёне.
За мужнасць, адвагу і гераізм, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1946 г. Мікалай Рыгоравіч Бяляеў быў узнагароджаны ордэнам Славы 1-й ступені і стаў поўным кавалерам ордэна Славы. Узнагароджаны таксама ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені (1985), Чырвонай Зоркі (1945), медалямі.
У пасляваенныя гады Мікалай Рыгоравіч жыў і працаваў у Казахстане, шмат сіл і часу аддаваў ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак пераехаў на Украіну.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.