Краткая справка:
дзяржаўны і грамадскі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, гуманіст, правазнавец, мецэнат-асветнік
Варианты имени:
Валовіч Яўстафій Багданавіч
Имена на других языках:
Волович Остафий Богданович (русский);
4447 символов
Справка
У гісторыі Беларусі XVI ст. адметнае месца сярод выдатных і знакамітых асоб займае Астафій Валовіч – дзяржаўны дзеяч, дыпламат, рэфарматар, мецэнат-асветнік.
Нарадзіўся ён на Гродзеншчыне. Паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду Валовічаў. Атрымаўшы хатнюю адукацыю, магчыма, вучыўся ў адным з нямецкіх пратэстанцкіх універсітэтаў. Ёсць звесткі, што А. Валовіч скончыў Падуанскі ўніверсітэт, дзе вывучаў замежныя мовы, гісторыю, права. Ён шмат падарожнічаў па Еўропе. Маючы выдатную адукацыю, займаў высокія дзяржаўныя пасады і адыгрываў ключавую ролю ў ваеннай, грамадска-палітычнай, прававой сферах жыцця Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) на працягу другой паловы XVI ст. У 1551–1566 гг. ён – пісар ВКЛ, у 1553–1561 гг. – маршалак дворны, у 1561–1566 гг. – падскарбі земскі ВКЛ, у 1566–1579 гг. – падканцлер ВКЛ, у 1569–1579 гг. – кашталян трокскі, з 1579 г. – канцлер ВКЛ і кашталян віленскі і інш. Таксама быў падстаростам брэсцкім, дзяржаўцам медніцкім, старостам магілёўскім, азярышчанскім, брэсцкім, кобрынскім, рэчыцкім. Дзейнасць на розных пасадах патрабавала ад А. Валовіча добрага ведання прававой сістэмы і заканадаўства ВКЛ. Даследчыкі лічаць, што ён быў звязаны з вырашэннем розных судовых спраў, афармленнем афіцыйных актаў, якія запісваліся ў кнігах гаспадарскай канцылярыі (Метрыцы ВКЛ). Такая работа патрабавала дасканалага ведання дзяржаўнага і мясцовага заканадаўства, магдэбургскага, хелмскага, замежнага дапаможнага права, судова-працэсуальнай і прававой сістэм. Некалькі разоў быў паслом у Маскве. У 1553 г. у складзе дэлегацыі ВКЛ накіраваны на перагаворы, каб заключыць з Іванам IV пагадненне аб міры.
Астафій Валовіч з’яўляўся адным з арганізатараў падрыхтоўкі Статута ВКЛ 1566 г. Садзейнічаў уключэнню ў яго прагрэсіўных норм. Маючы вялікі аўтарытэт, ён дабіўся стварэння Трыбунала ВКЛ – вышэйшага апеляцыйнага судовага органа краіны таго часу, створанага ў 1581 г. Сумеснымі намаганнямі з Л. Сапегам падрыхтавалі юрыдычныя нормы, што рэгулявалі яго дзейнасць. Дзяржаўная дзейнасць А. Валовіча была шырокай і разнастайнай. Ён удзельнічаў у аграрнай, судова-адміністрацыйнай і іншых рэформах 1550–60-х гг., а таксама ў падпісанні Бельскага прывілея 1564 г., дзякуючы якому шляхта пашырыла свае саслоўныя і палітычныя правы. Актыўна праяўляў сябе і ў справах абароны роднай зямлі. У Лівонскую вайну 1558–1583 гг. камандаваў харугвай пры асадзе і ўзяцці Полацка ў 1579 г., у 1580 г. са сваім атрадам узяў Вялікія Лукі. Пытанні ўмацавання і адстойвання дзяржаўнай самастойнасці і суверэнітэту ВКЛ хвалявалі яго на працягу ўсёй службовай дзейнасці. Астафій Валовіч з’яўляўся адным з лідараў апазіцыі пры заключэнні Люблінскай уніі 1569 г. Разам з іншымі магнатамі – праціўнікамі аб’яднання ВКЛ з Каронаю пакінуў Люблінскі сейм, паслаў на Падляшша і Валынь адозвы з заклікам змагацца супраць уніі. За гэта быў пазбаўлены каралеўшчын (дзяржаўных маёнткаў) на Падляшшы, якія былі вернуты яму пасля падпісання уніі. Разам з Я.Г. Хадкевічам выступіў супраць кандыдатуры С. Баторыя на каралеўскі трон, быў прыхільнікам выбрання аўстрыйскага эрцгерцага Эрнста, але пасля выбрання С. Баторыя перайшоў на яго бок. Знаходзячыся на вядучых пазіцыях у сістэме велікакняжацкага дзяржаўнага апарату, А. Валовіч падтрымліваў сувязі з вялікай колькасцю палітыкаў, мысліцеляў, рэлігійных дзеячаў. Нягледзячы на тое, што ён выхадзец з праваслаўнай сям’і, паводле веравызнання стаў кальвіністам, а ў канцы жыцця прыхільна ставіўся да антытрынітарызму. Яго подпіс стаяў пад актам Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г., паводле якога прадстаўнікі ўсіх канфесій атрымлівалі роўныя правы ў ВКЛ і Польшчы. Гэта прагрэсіўнае для таго часу палажэнне знайшло сваё адлюстраванне ў Статуце ВКЛ 1588 г. Таксама А. Валовіч падтрымліваў гуманістаў В. Цяпінскага, Якуба з Калінаўкі, С. Буднага. Шмат зрабіў для пашырэння адукацыі, ведаў, кнігадрукавання. Не шкадаваў грошай на выданне кніг і заснаванне школ. На яго сродкі ў 1559 г. зроблены пераклад твора швейцарскага тэолага-кальвініста Г. Булінгера «Пра праўдзівае прыняцце цела і крыві Ісуса Хрыста». Фінансаваў адкрыццё Нясвіжскай друкарні, у якой у 1562 г. была выдадзена кніга С. Буднага «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам», прысвечаная А. Валовічу. У публічным і прыватным жыцці для яго заўсёды былі важнымі ідэі свабоды і справядлівасці. У сваім завяшчанні наказаў вызваліць усіх сваіх нявольных людзей і перадаць іх пад юрысдыкцыю дзяржавы.