Адважны Вінцук (сапраўднае імя Германовіч Язэп Станіслававіч)
Дата рождения:
04.03.1890 Гальшаны, аг., Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
26.12.1978
Краткая справка:
пісьменнік, рэлігійны дзеяч
Псевдонимы:
Unuk Wіncuk; Адважны Вінцук; Ветрагон Лявон; Хлопчык з-пад Горадні
Имена на других языках:
Германович Язеп Станиславович (русский);
Криптонимы:
A.W.; W.A.; А.В.; В.Адв
5366 символов
Справка
Значнае месца ў заходнебеларускай літаратуры 1920–30-х гг. належыць паэту, байкапісцу, празаіку Вінцуку Адважнаму (сапраўднае імя Германовіч Язэп Станіслававіч), імя якога вярнулася ў нашу гістарычную і культурную прастору толькі ў канцы ХХ ст.
Нарадзіўся ён у мястэчку Гальшаны Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер в. Гальшаны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці) у сям’і рамесніка. Рана застаўшыся без бацькі, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, увесь час імкнуўся да навукі. Скончыўшы Гальшанскую парафіяльную школу, вучыўся ў Ашмянскай гарадской школе. У 1908 г. паступіў у Віленскую духоўную семінарыю. Закончыў вучобу ў 1913 г. і адразу атрымаў святарскае пасведчанне. Служыў у Беластоцкім (Далістова, Беласток, Крыпна), Ваўкавыскім (Мсцібава, Вялікая Лапеніца), Слонімскім (Луконіца), Дзiсенскім (Лужкі) паветах. Казанні ў касцёлах гаварыў на беларускай мове, за што падвяргаўся ганенням з боку польскіх улад. У 1924 г. у Друі ўступіў у ордэн марыянаў. Спачатку стаў пробашчам Друйскай парафіі, пазней – магістрам навіцыяту і адначасова настаўнікам рэлігіі і лацінскай мовы ў Друйскай гімназіі. У 1932 г. В. Адважны выехаў у Харбін (Кітай), дзе выконваў абавязкі дырэктара гімназіі. Быў настаўнікам, спавядальнікам жаночых манастыроў. Праз чатыры гады ён вярнуўся на радзіму. У Вільні кіраваў беларускім студэнцкім інтэрнатам. У гэты перыяд паўсюдна ўзмацніліся рэпрэсіі. У 1938 г. польская адміністрацыя закрыла беларускі кляштар у Друі і марыянскі дом у Вільні. Вінцук Адважны і семінарысты былі выселены ў цэнтральную частку Польшчы. Адтуль ён праз Рым зноў адправіўся ў Харбін, дзе арганізаваў дапамогу беспрытульным і бедным дзецям. У 1948 г. арыштаваны кітайскімі ўладамі і перададзены ў СССР, дзе беспадстаўна асуджаны на 25 гадоў зняволення ў сібірскіх лагерах. У 1955 г. быў вызвалены, пасля чаго выехаў у Польшчу, а потым у канцы 1959 г. – у Італію. Праз год пераехаў у Англію, дзе жыў да канца жыцця. Пахаваны на могілках святога Панкрата ў Лондане.
Друкавацца В. Адважны пачаў у 1920-я гг. Выступаў пад псеўданімамі Лявон Ветрагон, Хлопчык з-пад Горадні, A. W., W. A., Unuk, Wincuk, пакуль не стаў Вінцуком Адважным. Першы артыкул быў змешчаны ў газеце «Крыніца» пад назвай «Хто мы?», падпісаны псеўданімам Хлопчык з-пад Горадні. Свае допісы, гутаркі на бытавыя, маральна-этычныя і грамадскія тэмы змяшчаў у часопісах «Шлях моладзі», «Калоссе», «Хрысціянская думка», «Беларуская крыніца». Пяру В. Адважнага належаць не толькі шматлікія артыкулы, вершы, замалёўкі, але і апавяданні, аповесці, байкі. Вялікі ўплыў на літаратурную творчасць аказалі творы Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, М. Гарэцкага. Яго празаічным дэбютам стала кніга «Як Казюк сабраўся да споведзі» (1928). У гэтым творы як і ў наступных «Казюкова жанімства» (1929), «Як Гануля збіралася ў Аргентыну» (1930), «Адам і Анэлька» (1931) уздымаліся праблемы маральнага выхавання моладзі ў духу вернасці хрысціянскім ідэалам любві і дабрачыннасці. На прыкладах з жыцця аўтар даводзіў праз літаратурны твор тыя ісціны, якія ён прамаўляў таксама ў час пастырскіх казанняў, расказваючы пра сутнасць хрысціянскіх прынцыпаў жыцця. Найбольш плённа ў 1930-я гг. В. Адважны выступаў як аўтар баек, сатырычна-гумарыстычных вершаў, побытавых паэтычных замалёвак. Лепшыя з іх увайшлі ў зборнік «Беларускія цымбалы» (1933). Сярод твораў эпічнага жанру вылучаецца аповесць «Хлапец» (1935), у якой апісана шырокая панарама жыцця заходнебеларускага мястэчка пачатку ХХ ст. У творы ўзняты праблемы сацыяльныя, рэлігійныя, нацыянальныя. Аповесць носіць аўтабіяграфічны характар, многія вобразы маюць прататыпаў. У 1932 г. на аснове рэальных падзей была напісана паэма «Унія на Палессі», прысвечаная святарскай і асветніцкай дзейнасці В. Аношкі. Значную частку твора займае дыскусія паміж прадстаўнікамі розных канфесій: уніяцкім святаром, праваслаўным іераманахам і рымска-каталіцкім ксяндзом, якая закранае найважнейшыя пытанні хрысціянскага адзінства, многія з іх застаюцца актуальнымі і сёння. У сваіх творах В. Адважны прапаведаваў агульначалавечыя матывы дабра, справядлівасці, змагаўся з дапамогай слоў і думак з праяўленнямі хцівасці, прыстасаванства. Асобнае месца ў творчасці пісьменніка займае кніга ўспамінаў «Кітай – Сібір – Масква», у якой аўтар расказаў пра ўласна зведанае і перажытае ў час знаходжання ў папраўча-працоўных лагерах (выдадзена ў Мюнхене ў 1962 г.). Яна перакладалася і выдавалася на рускай, польскай, літоўскай, італьянскай мовах. Шматлікія байкі, вершы, вершаваныя інтэрпрэтацыі біблейскіх матываў, успаміны друкаваліся ў лонданскім часопісе «Божым шляхам», рэдактарам якога з’яўляўся сам В. Адважны. У Лондане асобнымі кнігамі выйшлі сатырычная паэма «Князь і Лапаць» (1964), «Байкі і іншыя вершы» (1973). Таксама ім было зроблена шмат перакладаў многіх вядомых аўтараў. На жаль, частка гэтых твораў загінула.
У Беларусі творы пісьменніка доўгі час не выдаваліся, а яго імя не ўспаміналася ні ў падручніках, ні ў даведніках. У 1990-я гг. некаторыя беларускія выданні пачалі змяшчаць невялікія ўрыўкі з яго твораў і асобныя вершы. У 2003 г. успаміны «Кітай – Сібір – Масква» былі надрукаваны ў Расіі ў санкт-пецярбургскім выдавецтве «Неўскі прасцяг». У 2011 г. у серыі «Беларускі кнігазбор» выйшла кніга выбраных твораў В. Адважнага, дзе прадстаўлены найбольш значныя творы пісьменніка, напісаныя ў розныя перыяды творчасці.