Дата рождения:
каля 1130 ці 1113 Тураў, г., Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
каля 1182 ці 1184 ці пасля 1190
Краткая справка:
беларускі і ўсходнеславянскі царкоўны дзеяч, пісьменнік-прапаведнік, святы Беларускай Праваслаўнай Царквы
Духовные имена:
Кірыла Тураўскі
Имена на других языках:
Кирилл Туровский (русский);
4542 символа
Справка
Гонарам і славай беларускай зямлі з’яўляецца найбуйнейшы майстар слова, выдатны асветнік, філосаф і прамоўца, першы епіскап Тураўскай епархіі, адзін з высокаадукаванейшых людзей свайго часу Кірыла Тураўскі.
Нарадзіўся будучы асветнік у Тураве ў заможнай сям’і. Свецкае імя яго не захавалася, у гісторыю ўвайшоў пад імем Кірыла, якое прыняў пры пострыгу. Атрымаў добрае хатняе выхаванне, пазней спасціг вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэчаскіх настаўнікаў. Па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Даволі рана ён пастрыгся ў манахі. Такое рашэнне было прынята, магчыма, з-за ранняй смерці бацькоў, магчыма, з-за жадання завяршыць адукацыю, развіць свой талент, паслужыць справе асветніцтва роднага народа. Жывучы ў манастыры, захапіўся літаратурнай і прапаведніцкай дзейнасцю. Каля 1144 г. Кірыла становіцца настаяцелем Нікольскага манастыра. У 1148 г. ён зачыніўся ў манастырскай вежы, куды перанёс і сваю бібліятэку, каб поўнасцю аддацца роздуму, малітвам і літаратурнай творчасці, стаўшы, такім чынам, першым вядомым на Русі стоўпнікам. Аўтарытэт і слава падзвіжніка бязмежна ўзраслі і выклікалі павагу ў князя і гараджан. Прыкладна каля 1161 г. Кіеўскі мітрапаліт узвёў Кірылу Тураўскага ў сан епіскапа горада Турава, які ён насіў больш за 13 гадоў. Гэта быў першы за сто гадоў выпадак, калі епіскапам быў прызначаны мясцовы святар, а не з Кіева-Пячэрскай лаўры. Існуе меркаванне, што праз некаторы час ён адмовіўся ад епіскапскай кафедры і жыў у келлі пры царкве Святога Міколы ў Тураве. Памёр Кірыла Тураўскі ў апошняе дзесяцігоддзе XII ст. у чыне вялікай схімы ў Тураўскім Барысаглебскім манастыры. Магчыма, ужо ў пачатку XIII ст. ушаноўваўся як святы, хаця звестак пра яго афіцыйную кананізацыю не выяўлена. Тураўскі епіскап праславіўся як прапаведнік, выдатны майстар урачыстага царкоўнага красамоўства, які горача клапаціўся пра духоўную дасканаласць суайчыннікаў. Ён аўтар пропаведзяў, малітваў, павучанняў, прытчаў, канонаў (захавалася каля 70 твораў), створаных на ўзор антычнай і візантыйскай аратарскай прозы. Асобная група твораў Кірылы Тураўскага – тры выразна белетрызаваныя эпічныя тэксты: “Слова на сабор 318 святых айцоў”, “Слова ў памяць усіх святых”, “Канон і сціхіры на адыход найпадобнай княгіні Вольгі, бабулі Уладзіміра”. Зберагліся яго 8 “слоў”-пропаведзяў (“Слова на Вербніцу”, “Слова на Вялікдзень”, “Слова на Ушэсце” і інш.), некалькі дыдактычных аповесцей-прытчаў (“Аповесць пра беларызца і манаства”, “Казанне пра чарнарызскі чын”), 2 каноны, каля 30 малітваў-споведзяў. У творы “Прытча пра душу і цела” выкрываў сепаратысцкія імкненні Растоўскага епіскапа Фёдара і князя Андрэя Багалюбскага. У паэтычных “словах”, складзеных з нагоды розных свят, праз традыцыйны біблейскі змест выяўляюцца захапленне чалавека радасцю жыцця, хараством прыроды, імкненне да духоўнай дасканаласці, ідэалу. “Словы” вылучаюцца багаццем вобразна-паэтычнай мовы, стылістычным адзінствам, глыбокім лірызмам і эмацыянальнасцю, шырокім выкарыстаннем алегорый, сімвалаў, рытарычных зваротаў, разгорнутых параўнанняў. Некаторыя прамовы Кірылы Тураўскага дзякуючы багатай паэтычнай фразеалогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу нагадваюць вершы ў прозе. Яго творы склалі залаты фонд старажытнай літаратуры і на працягу стагоддзяў карысталіся вялікай папулярнасцю на землях усходніх славян, перапісваліся да XIX ст. Яны змяшчаліся ў зборніках “Златоуст” і “Торжественник” побач з класічнымі ўзорамі антычнай аратарскай прозы, творамі Іаана Златавуста і іншымі, а іх аўтара сучаснікі называлі “Златоуст, паче всех воссиявший нам на Руси”. Асобныя працы друкаваліся ў “Евангеллі вучыцельным” (Заблудаў, 1569), “Малітвах паўсядзённых” (Вільня, 1596; Еўе, 1615; Вільня, 1635) і інш.
Першая грунтоўная публікацыя твораў Кірылы Тураўскага зроблена рускім вучоным К. Калайдовічам у 1821 г. Найбольш поўнае іх выданне ў Беларусі ажыццявіў А. Мельнікаў у сваёй кнізе “Кірыл, епіскап Тураўскі” (1997, 2-е выд. 2000 г.). Беларуская праваслаўная царква шануе Кірылу Тураўскага. У 1984 г. ён быў уключаны ў Сабор беларускіх святых, 28 красавіка (па старому стылю) – Дзень яго памяці. З 1995 г. перыядычна праводзяцца Тураўскія чытанні, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства. Сваёй рознабаковай дзейнасцю Кірыла Тураўскі заклаў падмурак беларускай нацыянальнай культуры, указаў на важную ролю асветы ў жыцці народа і падаў выключны прыклад бескарыслівага служэння на гэтай ніве.