Дата рождения: 29.03.1950 Слабодка, в., Браслаўскі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка: паэтэса, празаік, драматург, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2018)
Имена на других языках: Дудюк Зинаида Иосифовна (русский);
Адметны голас мае ў беларускай літаратуры пісьменніца Зінаіда Іосіфаўна Дудзюк, творчасць якой ужо даўно атрымала прызнанне чытачоў і заслужаную ацэнку крытыкі далёка за межамі яе роднай Брэстчыны.
Нарадзілася З. Дудзюк у вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Ранняе маленства прайшло ў дзедавай хаце на высокім беразе Дняпра ў вёсцы Чаплін. Нейкі час жыла з бацькамі на Украіне. Скончыла Белаазёрскую сярэднюю школу, працавала на будоўлі ў Белаазёрску тынкоўшчыцай. З 1968 г. жыве ў Брэсце. Была чарцёжніцай, тэхнікам, інжынерам у праектным інстытуце “Брэстграмадзянпраект”. Адначасова вучылася ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце, які скончыла ў 1977 г. Працавала інжынерам на Бярозаўскай ДРЭС, метадыстам Бярозаўскага бюро экскурсій і падарожжаў, у Бюро прапаганды мастацкай літаратуры (Брэсцкае аддзяленне) Саюза пісьменнікаў Беларусі. Вучылася на Вышэйшых літаратурных курсах ў Маскве, пасля заканчэння якіх была адначасова аглядальнікам у абласной газеце “Народная трыбуна” і загадчыкам літаратурнай часткі Брэсцкага тэатра драмы і музыкі.
Свае першыя вершы З. Дудзюк апублікавала ў бярозаўскай раённай газеце “Маяк камунізму” ў 1967 г. Пасля гэтага нізкі яе вершаў пачалі з’яўляцца на старонках розных перыядычных выданняў рэспублікі. У Брэсце З. Дудзюк далучылася да літаратурнага аб’яднання пры абласной газеце “Зара”. У 1983 г. выйшаў яе першы паэтычны зборнік “Праводзіны птушак”, які крытыкі адзначылі як удалы дэбют маладой паэтэсы. Пасля былі паэтычныя зборнікі “Абрысы лета” (1988), “Так і не” (1993), “Табе” (2000), “Падданыя кахання” (2003).
Паэзія З. Дудзюк уражвае сваёй глыбінёй і пранікнёнасцю, лірыкай пачуццёвых перажыванняў. Яе вершы зачароўваюць меладычнасцю, прывабліваюць непасрэднасцю, адкрытасцю, сілай пачуцця і драматызму, які часам даходзіць да трагізму. Сваё паэтычнае крэда пісьменніца выказала ў вершы “Спектакль”:
Праўду піша сваёю крывёю мастак,
І не трэба для праўды ніякага грыму.
Пачынаючы з першага зборніка ў яе творчасці асабліва ярка вылучаецца тэма кахання.
Не паміраюць ад кахання,
А паміраюць без яго, –
гаворыць лірычная гераіня паэтэсы ў вершы “Суцешыў сябар незнарок…”. Шчасце і боль ідуць у яе творчасці побач:
Я ведала: ты госць, ты толькі госць.
І нас чакае хуткае расстанне.
Дык для чаго мне гэта? Для чаго?
Няма адказу. Ёсць маё каханне.
“Госць”
Ёсць у паэтэсы вершы пра старую вёску з бабулінай хатай, творы сваёй будовай і структурай блізкія да народных песень, вершы, у якіх закранаецца балючая тэма Чарнобыля.
Між тым літаратурная праца З. Дудзюк не абмяжоўваецца толькі паэтычнай творчасцю. У 1997 г. выйшла яе кніга прозы “Палоннікі жыцця”, у якой пісьменніца хацела данесці да чытачоў душэўны стан сучасніка, адкрыць драматызм яго лёсу. У рамане “Кола Сварога” (2006) З. Дудзюк упершыню ў беларускай літаратуры зрабіла спробу аднавіць цэласную сістэму светабудовы, якою яе ўяўлялі нашы далёкія продкі. На аснове ўспамінаў, якія пакінулі нам старажытныя гісторыкі, пісьменніца стварыла аповесць-хранограф “Славянскія князі” (2005). Пра жыццё славянскіх плямёнаў на Балканах – яе раман “Велясіты” (2005), у аснову якога пакладзена супрацьстаянне славян і Візантыі. Значным дасягненнем беларускай літаратуры стаў гістарычны раман З. Дудзюк “Год 1812” (2004, часопісны варыянт “Архірэевы скарбы”). У ім раскрываецца адна з драматычных старонак у жыцці нашага народа. Твор прасякнуты гуманістычным пафасам, непрыняццем вайны.
Акрамя таго, З. Дудзюк і таленавіты драматург. Добра вядомы яе п’есы-казкі “Сінязорка”, “Дудка-самагудка”, “Жывая вада”, “Канікулы на астэроідзе”. Дыпломамі і прэміямі рэспубліканскіх конкурсаў адзначаны п’есы пісьменніцы “Гадзіннік Лікбога”, “Лятавіцы”, “Кароль смаўжоў”, кінасцэнарый “На парозе раю”.
Яна аўтар дакументальных нарысаў “Лясы і лесаводы Брэстчыны”, “Людзі і гады”, укладальнік кнігі “Песні Белавежы” з серыі “Беларусь літаратурная”. Настаўнікам, кіраўнікам драматычных гурткоў і студый пісьменніца адрасавала свае дапаможнікі “Чароўнае слова” і “Зачараванасць тэатрам”. Вядома З. Дудзюк і як перакладчыца. На беларускую мову яна пераклала з рускай казку П. Яршова “Канёк-Гарбунок” і з польскай камедыю Я. Ходзькі “Вызваленая Літва, або Пераход цераз Нёман”, а таксама асобныя вершы ўкраінскіх паэтаў.
На дасягнутым пісьменніца не збіраецца спыняцца. “Ёсць задумы, якія, калі пашчасціць, мару некалі здзейсніць, а працаваць я люблю”, – зазначыла яна ў сваіх аўтабіяграфічных нататках.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.