Дата рождения:
18.03.1935 Селішча, в., Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка:
мовазнавец, член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998), выдатнік адукацыі Беларусі (2009)
Имена на других языках:
Bulyko Alexandr Nikolaevich (не определен); Булыко Александр Николаевич (русский);
3627 символов
Справка
Шмат зрабіў для развіцця беларусістыкі, папулярызацыі роднай мовы, раскрыцця яе скарбаў вядомы вучоны-мовазнавец, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, чалавек энцыклапедычных ведаў Аляксандр Мікалаевіч Булыка.
Нарадзіўся А. Булыка ў вёсцы Селішча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1959). Некалькі гадоў выкладаў беларускую мову ў сельскіх школах (Асоўскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна і Воранаўскай школе-інтэрнаце). У 1962 г. Аляксандр Мікалаевіч паступіў у аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН Беларусі і назаўсёды звязаў сваё жыццё з гэтай навуковай установай. Пасля заканчэння аспірантуры ён працаваў спачатку малодшым, а з 1969 г. старшым навуковым супрацоўнікам, загадваў аддзеламі руска-беларускіх моўных сувязей (з 1984 г.) і гісторыі беларускай мовы (з 1992 г.). У 2008 г. А. Булыка стаў галоўным навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі. Дыяпазон інтарэсаў вучонага надзвычай шырокі. У галіне вывучэння гісторыі беларускай мовы з яго ўдзелам напісаны такія грунтоўныя працы, як “Гістарычная лексікалогія беларускай мовы” (1970), “Гістарычная марфалогія беларускай мовы” (1979), “Мова беларускай пісьменнасці XIV–XVIII стст.” (1988). Ужо шмат гадоў Аляксандр Мікалаевіч плённа працуе над стварэннем “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле выйшла 29 выпускаў гэтага слоўніка.
Значны ўклад зрабіў вучоны і ў айчыннае скарыназнаўства. Ён аўтар грунтоўных публікацый, прысвечаных даследаванню лексічнай і арфаграфічнай спадчыны Ф. Скарыны, сааўтар кніг “Мова выданняў Францыска Скарыны” (1990) і “Скарына і яго эпоха” (1990). Вывучаў А. Булыка і моўныя адметнасці асобных старабеларускіх помнікаў – Вісліцкага статута, Літоўскай метрыкі, Статута Вялікага княства Літоўскага і інш. Ён з’яўляецца буйнейшым спецыялістам Беларусі ў галіне запазычанай лексікі. Працы А. Булыкі “Даўнія запазычанні беларускай мовы” (1972) і “Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV–XVIII стст.” (1980) – найбольш поўныя і завершаныя даследаванні лексікі іншамоўнага паходжання ў беларускай мове. Першымі айчыннымі лексікаграфічнымі крыніцамі, у якіх сабрана лексіка іншамоўнага паходжання сучаснай беларускай мовы, сталі яго слоўнікі іншамоўных слоў (1993, 1999). Па чатыры выданні вытрымалі падрыхтаваныя ім арфаграфічныя і перакладныя лексікаграфічныя даведнікі “Арфаграфічны слоўнік”, “Беларуска-рускі слоўнік” і “Русско-белорусский словарь”. У 1998 г. вучоны стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне гуманітарных і сацыяльных навук за калектыўную працу “Беларуская мова. Энцыклапедыя” (1994). У 2002 г. А. Булыка (сумесна з Л. М. Мінаковай і А. А. Станкевічам) выдаў кнігу “Красамоўства ў Беларусі”, у якой сабраны лепшыя ўзоры прамоўніцкага майстэрства знакамітых дзеячаў Бацькаўшчыны. Ён аўтар больш за 300 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, аўтар і сааўтар 17 слоўнікаў. Як сакратар Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі вучоны шмат працуе над праблемамі ўпарадкавання беларускай тэрмінасістэмы. Шмат увагі надае А. Булыка падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне беларускага мовазнаўства. На працягу ўсёй навуковай дзейнасці вучоны прапагандуе дасягненні беларускай лінгвістыкі за мяжой, выступае з дакладамі на шматлікіх міжнародных мовазнаўчых канферэнцыях і сімпозіумах. Навуковую работу А. Булыка паспяхова спалучае з удзелам у грамадскім жыцці.