Дата рождения:
26.03.1940 Масцішча, в., Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
05.02.2019
Краткая справка:
вучоны-гісторык, акадэмік НАН Беларусі, лаўрэат прэміі Сібірскага аддзялення РАН і НАН Беларусі імя акадэміка В.А. Капцюга (2003)
Имена на других языках:
Костюк Михаил Павлович (русский);
5460 символов
Справка
Міхаіл Паўлавіч Касцюк нарадзіўся ў в. Масцішча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў Навагрудскае педагагічнае вучылішча (1958), гісторыка-філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (1963). Быў размеркаваны на працу дырэктарам Касадворскай васьмігадовай школы ў в. Баярская Навагрудскага раёна. У 1966 г. М. П. Касцюк паступіў у аспірантуру пры Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР. Менавіта з гэтага часу ўсё далейшае жыццё звязана з навуковай працай, даследаваннем складаных праблем гісторыі Беларусі. Пачаліся настойлівыя пошукі архіўных крыніц, іх скрупулёзнае, уважлівае вывучэнне і выкарыстанне. У выніку ў 1969 г. была абаронена кандыдацкая дысертацыя на тэму “Трудовая активность колхозного крестьянства Белоруссии в период победы и упрочения социализма (1933–1940 гг.)”. У 1970 г. М. П. Касцюк быў прызначаны вучоным сакратаром Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, а ў 1975–1981 гг. працаваў на той жа пасадзе, але ўжо ў Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Ён паспяхова спалучаў арганізатарскую і навукова-даследчую дзейнасць. Займаўся пытаннямі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, у першую чаргу гісторыяй беларускага сялянства. У 1979 г. М. П. Касцюк абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Деятельность Компартии Белоруссии по идейно-политическому воспитанию крестьянства в период строительства социализма”. Гэтай тэматыцы таксама прысвечаны яго працы “Идейно-политическое воспитание крестьянства: из опыта работы Компартии Белоруссии в период строительства социализма (1926–1937 гг.)” (1979), “Трудовой вклад крестьянства в победу и упрочение социализма: на материалах БССР” (1986), “Социалистические ценности тружеников села: история, современность, перспективы” (1989). У ліпені 1981 г. М. П. Касцюк стаў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, а ў 1988–1999 гг. быў дырэктарам гэтай навуковай установы. З 1999 г. ён загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай і палітычнай гісторыі Беларусі XX ст., з 2007 г. з’яўляецца галоўным навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі). Працуючы на розных пасадах, М. П. Касцюк праявіў сябе як выдатны арганізатар і каардынатар гістарычнай навукі не толькі ў рамках Інстытута гісторыі, але і ў рэспубліцы і за мяжой. Пад яго кіраўніцтвам было разгорнута даследаванне белых плям айчыннай гісторыі: пытанняў палітычнага і культурнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага, розных аспектаў рэлігійнага жыцця, гісторыі беларускай эміграцыі, палітычных рэпрэсій 1920–50-х гг. Значным дасягненнем Інстытута гісторыі стала выданне “Нарысы гісторыі Беларусі” ў дзвюх частках (1994–1995). Галоўным яго рэдактарам і адным з асноўных аўтараў з’яўляўся М. П. Касцюк. Пад кіраўніцтвам даследчыка падрыхтавана грунтоўная калектыўная праца “Гісторыя сялянства Беларусі”, першы том якой быў выпушчаны ў 1997 г., другі – у 2002 г. Кола навуковых інтарэсаў М. П. Касцюка не абмяжоўваецца гісторыяй сялянства. Ён грунтоўна даследуе пытанні нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, гісторыі рабочага класа і інтэлігенцыі. Вывучэнню гэтых пытанняў прысвечаны асобныя раздзелы чатырохтомнай працы “История рабочего класса Белорусской ССР” (1984–1987). Адказным рэдактарам другога тома, выдадзенага ў 1985 г., з’яўляўся М. П. Касцюк. Вялікі інтарэс у навуковай грамадскасці як у Беларусі, так і Расіі выклікала яго манаграфія “Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі” (2000), перавыдадзеная ў 2002 г. на рускай мове Інстытутам расійскай гісторыі Расійскай акадэміі навук (РАН). Плённа развівалася супрацоўніцтва з вучонымі Інстытута гісторыі Сібірскага аддзялення РАН. Беларускімі і сібірскімі вучонымі была праведзена вялікая работа па вывучэнні гісторыі беларускай дыяспары ў Сібіры. Адным з яе каардынатараў выступіў М. П. Касцюк. Былі надрукаваны два зборнікі артыкулаў – “Белорусы в Сибири” (2000), “Очерки истории белорусов в Сибири в XIX–XX вв.” (2002). У 2003 г. вучоны быў адзначаны прэміяй імя акадэміка В. А. Капцюга Сібірскага аддзялення РАН і НАН Беларусі. Міхаіл Паўлавіч – галоўны рэдактар і адзін з аўтараў прац “Беларусь у сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных працэсах, 1946–2006 гг.” (2007), “Гісторыя Беларусі” ў шасці тамах (2007–2011), “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII – пачатку XXI ст.” у дзвюх кнігах (2011–2012), “Гісторыя Навагрудка – з глыбінь вякоў да нашых дзён” (2014) і інш. Таксама ён з’яўляецца адным з аўтараў кніг “Гісторыя Мінска” (2006), “Нарыс гісторыі беларускай дзяржаўнасці: XX стагоддзе” (2008), “Прыпяцкае Палессе: ад старажытнасці да сучаснасці” (2013) і інш. Беларускую гістарыяграфію М. П. Касцюк папоўніў цікавымі арыгінальнымі даследаваннямі, што атрымалі прызнанне як у рэспубліцы, так і за мяжой. Яго пяру належыць больш за 250 навуковых прац, якія прысвечаны вывучэнню актуальных праблем айчыннай гісторыі, у тым ліку 4 асабістыя і звыш 10 калектыўных манаграфій.
Шматгранная творчая дзейнасць М. П. Касцюка атрымала прызнанне навуковай грамадскасці нашай краіны і замежжа. У 1989 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1996 г. акадэмікам НАН Беларусі. У 1998 г. М. П. Касцюк стаў акадэмікам Цэнтральнай Еўрапейскай Акадэміі навук і мастацтва, Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Амерыканскі біяграфічны інстытут неаднаразова прызнаваў М. П. Касцюка Чалавекам года і ўключыў яго ў склад Міжнароднага камітэта па прысваенні такога статусу іншым асобам.