Дата рождения: 19.12.1935
Дата смерти: 03.03.2018
Краткая справка: мовазнавец, патрыярх беларускай тапанімікі, якая на працягу дваццаці гадоў узначальвала Рэспубліканскую тапанімічную камісію НАН Беларусі
Имена на других языках: Лемтюгова Валентина Петровна (русский);
Адметнае месца ў даследаванні беларускага мовазнаўства займае Валянціна Пятроўна Лемцюгова – вядомы вучоны, выдатны лінгвіст, таленавіты педагог.
Нарадзілася яна ў в. Новая Алакюль Паргалаўскага раёна Ленінградскай вобласці ў сям’і беларускіх сялян, якія прыехалі сюды ў 1933 г. на працу па вярбоўцы. У 1940 г. бацька загінуў на савецка-фінляндскай вайне. У 1945 г. маці з дзецьмі вярнулася на Магілёўшчыну. Пасля заканчэння ў 1953 г. Чавускай беларускай сярэдняй школы В. П. Лемцюгова паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (БДУ). З 1958 па 1960 г. настаўнічала (выкладала рускую, нямецкую і беларускую мовы ў школах Валожынскага раёна). З 1961 г. пачала працаваць у Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук БССР (цяпер Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы, філіял Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі), дзе адразу вызначылася як неардынарная асоба, навуковец з перспектыўным мысленнем, наватарскім падыходам. У 1966 г. яна абараніла кандыдацкую дысертацыю “Топонимия Минщины”, у 1987 г. стала доктарам філалагічных навук (тэма дысертацыі “Восточнославянская ойконимия в ее связи с семантической историей нарицательных названий типов поселений и жилища”).
Асноўным кірункам навуковай дзейнасці В. П. Лемцюговай з’яўляюцца лексікалогія і лексікаграфія. Яна суаўтар шэрага буйных калектыўных лексікаграфічных прац, такіх як “Русско-белорусский словарь общественно-политической терминологии” (1970), “Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне” (1987), “Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі” (1994). Асобныя слоўнікі (падрыхтаваныя ў суаўтарстве з Г. У. Арашонкавай) адрасаваны выкладчыкам і студэнтам філалагічных факультэтаў, настаўнікам і вучням – “Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы” (1987, 2005), слоўнік-даведнік “Кіраванне ў беларускай і рускай мовах” (1991), “Кароткі слоўнік беларускай мовы” (1994) і інш. Даследчыца з’яўляецца складальнікам першага ў беларускай і славянскай лексікаграфіі “Украінска-беларускага слоўніка” (1980), у якім змешчана больш за 30 тыс. украінскіх слоў, што адрозніваюцца ад беларускіх адпаведнікаў – значэннем, месцам націску, словаўтварэннем, граматычным родам. Шэраг яе работ прысвечаны разнастайным пытанням сучаснай беларускай мовы і культуры мовы, дыялекталогіі. Пры актыўным удзеле даследчыцы ствараліся такія фундаментальныя працы, як “Беларуская граматыка” (ч. 1, 1985), “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” (т. 1, 1993), “Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы” (1994), “Общеславянский лингвистический атлас” (вып. 2. Варшава, 2000; вып. 3. Мінск, 2000). Пад яе кіраўніцтвам ажыццёўлена ўнікальнае лексікаграфічнае даследаванне беларускай мовы пачатку XX ст., у выніку якога падрыхтаваны комплекс фундаментальных навуковых работ – «Слоўнік мовы “Нашай Нівы”, 1906–1915» (у 5 т.; выдадзены два тамы: у 2003 г. выйшаў першы том, у 2007 г. – другі), манаграфіі «Мова “Нашай Нівы”, 1906–1915. Варыянтнасць. Сінанімія» (2005), «Мова “Нашай Нівы”. Семантыка. Стылістыка» (2014) і інш. Вядучае месца ў навуковай працы В. П. Лемцюговай займаюць пытанні анамастыкі. З 1992 па 2012 г. яна ўзначальвала анамастычную школу ў Беларусі, заснаваную акадэмікам М. В. Бірылам. Даследчыца неаднаразова прымала ўдзел у ажыццяўленні буйных міжнародных і агульнанацыянальных праектаў – “Анамастыка Пабужжа” (у галіне навуковага супрацоўніцтва з Польскай акадэміяй навук), “Slowianska onomastyka” (агульнаславянскі праект), “Нацыянальны атлас Рэспублікі Беларусь”, а таксама выдала манаграфіі “Беларуская айканімія” (1970), “Восточнославянская ойконимия апеллятивного происхождения” і “Формирование восточнославянской ойконимии в связи с развитием типов поселений” (абедзве 1983), у якіх даследавала працэс узнікнення і эвалюцыі беларускіх айконімаў. Кола навуковых інтарэсаў В. П. Лемцюговай надзвычай шырокае. Яна распрацавала тэарэтычныя асновы стандартызацыі беларускіх геаграфічных назваў, што знайшлі прымяненне пры падрыхтоўцы і выданні розных па тэматыцы і маштабе карт, атласаў. Асобнае месца займае падрыхтаваны пад непасрэдным кіраўніцтвам даследчыцы нарматыўны даведнік “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” (у 6 кн., 2003–2010). Выдадзены сумесна з Камітэтам па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, ён атрымаў высокую ацэнку экспертаў камісіі па стандартызацыі пры ААН і быў рэкамендаваны ў якасці ўзору для стварэння нарматыўных тапанімічных даведнікаў у іншых еўрапейскіх краінах. У 2008 г. выйшла кніга В. П. Лемцюговай “Тапонімы распавядаюць”, дзе ў навукова-папулярнай форме тлумачыцца паходжанне назваў беларускіх паселішчаў (каля 3 тыс.). Пры назвах падаюцца геаграфічныя, гістарычныя і этнаграфічныя звесткі, народныя легенды і паданні, старажытныя і сучасныя варыянты.
Таленавіты педагог, выдатны вучоны, В. П. Лемцюгова ўнесла важкі ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных мовазнаўцаў. Яе вучні працуюць у розных дзяржаўных установах Рэспублікі Беларусь, выкладаюць ва ўніверсітэтах і інстытутах краіны. Педагагічную і навуковую дзейнасць В. П. Лемцюгова сумяшчала з грамадскай работай. Яна з’яўлялася старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прымала актыўны ўдзел у працы Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і Тапанімічнай камісіі па найменні і перанайменні вуліц пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў, з 2009 г. у газеце “Советская Белоруссия” вядзе рубрыку, дзе выступае з навуковым тлумачэннем паходжання розных беларускіх прозвішчаў. За шматгадовую плённую навуковую дзейнасць у галіне беларускага мовазнаўства, распрацоўку тэарэтычных і практычных праблем беларускай анамастыкі, падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі В. П. Лемцюгова ў 2003 г. узнагароджана юбілейным медалём “У гонар 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.