Краткая справка:
вучоны ў галіне гісторыка-філасофскіх навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1984), прэміі НАН Беларусі (1993)
Имена на других языках:
Maikhrovich Alfred Stepanovich (не определен); Майхрович Альфред Степанович (русский);
3158 символов
Справка
Альфрэд Сцяпанавіч Майхровіч з'яўляўся адным са стваральнікаў новых на той час напрамкаў у гуманітарнай навуцы Беларусі – гісторыі і тэорыі эстэтычнай і этычнай думкі, філасофіі гісторыі.
Нарадзіўся ён у Мінску ў сям'і літаратуразнаўца С. К. Майхровіча. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1959). Працаваў рэдактарам у выдавецтве «Навука і тэхніка» (1959–1961). У 1961–1964 гг. вучыўся ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, у 1965–1969 гг. працаваў у ім. У 1969–1980 гг. быў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі і права АН БССР, з 1980 г. загадчыкам аддзела гісторыі філасофіі, з 1994 г. дырэктарам. Пад кіраўніцтвам А. С. Майхровіча ў інстытуце была распрацавана праграма фундаментальных даследаванняў «Общественно-политическое, государственное и национально-культурное развитие Беларуси» на 1996–2000 гг. У 1984 г. ён стаў доктарам філасофскіх навук, у 1994 г. прафесарам, у 1996 г. членам-карэспандэнтам АН Беларусі.
Вучоны даследаваў праблемы гісторыі культуры, філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі, эстэтыкі і этыкі, сацыяльнага развіцця, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, новых духоўна-ідэалагічных прадстаўленняў. Альфрэд Майхровіч – аўтар кніг «Эстетические взгляды Якуба Коласа» (1970), «Об эстетическом освоении действительности» (1973), «Белорусские революционные демократы : важнейшие аспекты мировоззрения» (1977), «Янка Купала и Якуб Колас: вопросы мировоззрения» (1982), «Поиск истинного бытия и человека : из истории философии и культуры Беларуси» (1992), «Становление нравственного сознания: из истории духовной культуры Беларуси» (1997), «Идеология : сущность, назначение, возможности» (2001, 2003, 2004) і інш. Прымаў непасрэдны ўдзел і кіраваў дзейнасцю па стварэнні многіх фундаментальных работ, сярод якіх «Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии» (1973–1978), «Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии : дооктябрьский период» (1977), «Идеи материализма и диалектики в Белоруссии : дооктябрьский период» (1980), «Философская и общественно-политическая мысль Белоруссии и Литвы : дооктябрьский период: закономерности развития, проблемы исследования» (1987), «Памятники философской мысли Беларуси ХVII – первой половины ХVIII веков» (1991), «Философская мысль Беларуси : культурно-исторические этапы, славянский контекст, методология исследования» (2005). Таксама ён адзін са складальнікаў энцыклапедычнага даведніка «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, Х–ХIХ стагоддзі» (1995). Ім напісана шмат артыкулаў па праблемах эстэтыкі, філасофіі, сацыялогіі. Гісторык з'яўляецца аўтарам больш за 90 навуковых прац, у тым ліку 6 манаграфій.
Альфрэд Майхровіч быў членам савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, праўлення Беларускай паліталагічнай асацыяцыі, экспертам савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі, двух спецыялізаваных саветаў па абароне доктарскіх дысертацый. Ён падрыхтаваў да абароны 5 дактароў і 12 кандыдатаў навук. У 1984 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, у 1993 г. прэміі АН Беларусі.