У асобе Уладзіміра Іосіфавіча Мархеля спалучаліся і талент праніклівага, удумлівага даследчыка, і майстэрства тонкага стыліста, які выдатна валодаў беларускім словам, і дар паэта-перакладчыка.
Нарадзіўся ён у в. Жыгалкі Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Вучыўся ў сярэдняй школе імя Я. Коласа ў в. Мікалаеўшчыне. Працаваў малатабойцам у калгасе, рабочым ачышчальнага забою на шахце ў Навашахцінску Растоўскай вобласці. У 1959 г. паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (БДУ). Скончыўшы ў 1964 г. вучобу, настаўнічаў у школах Беларусі (в. Стадолічы Лельчыцкага раёна, Валожын, Мінск), супрацоўнічаў у газеце “Мінская праўда” (1966), быў старшым рэдактарам у Фундаментальнай бібліятэцы імя Я. Коласа Акадэміі навук БССР (АН БССР, 1969–1971). З 1971 г. працаваў у Аддзеле навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках АН БССР, рыхтаваў навукова-інфармацыйныя бюлетэні па беларускім літаратуразнаўстве і мовазнаўстве. З 1978 г. У. Мархель – у Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, дзе ў 1999–2008 гг. быў загадчыкам аддзела ўзаемасувязей літаратур. Адначасова выкладаў беларускую літаратуру ў БДУ і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Абараніўшы кандыдацкую дысертацыю па тэме “Владислав Сырокомля в белорусско-польском литературном взаимодействии (середина XIX – начало XX века)” (1982), ён працягваў вывучаць беларускую літаратуру XIX ст., беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі (кнігі “Крыніцы памяці: старонкi беларуска-польскага лiтаратурнага сумежжа” (1990), “Прадвесце: беларуска-польскае літаратурнае ўзаемадзеянне ў першай палавіне XIX ст.” (1991), “Прысутнасць былога” (1997) і інш.). Навуковец лічыў, што без асэнсавання традыцый няма літаратурнага развіцця, і сваімі даследаваннямі спрыяў вяртанню польскамоўнай спадчыны ў беларускую культуру. Білінгвальную творчасць беларуска-польскіх пісьменнікаў У. Мархель разглядаў як з’яву двухадзінага літаратурнага працэсу, а станаўленне новай беларускай літаратуры асвятляў у шырокім гісторыка-культурным кантэксце моўна-этнабеларускага і моўна-пісьмовапольскага ўзаемадзеяння. Яго кнігі “Лірнік вясковы: Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні” (1983), “Вяшчун славы і волі” (1989), «“Ты як здароўе…”: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры» (1998; дапрацаванае выданне выйшла пад назвай “Шлях да Беларусі: Адам Міцкевіч – прадвеснік адраджэння беларускай літаратуры”, 2003) і сёння не страцілі сваёй актуальнасці і запатрабаванасці. Уладзімір Мархель – укладальнік зборнікаў “Творы” В. Каратынскага (1981, 1994, 2009), “Творы” Я. Лучыны (1988, дапоўненае выданне 2001), “Санеты” А. Міцкевіча (1998) і інш.
Навуковец выступаў не толькі як даследчык, але і як перакладчык і тэкстолаг. Ім складзена ўнікальная кніга “Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: беларуская польскамоўная паэзія ХІХ ст.” (1998). У гэтым анталагічным зборніку сабраны творы больш як 70 паэтаў, якія апявалі нашу Бацькаўшчыну па-польску. Дзякуючы У. Мархелю на старонкі беларускага друку ўпершыню трапілі і вершы многіх невядомых аўтараў. Адметнасць выдання ў тым, што побач з перакладамі прыведзены і арыгінальныя тэксты. Кніга перакладаў У. Мархеля з польскай мовы “Водгулле” (2000) выявіла яго як таленавітага перастваральніка, добрага знаўца польскамоўнай лірыкі ХІХ–ХХ стст. Працуючы над зборнікам, вывучаў біяграфіі паэтаў, каб зразумець псіхалогію іх творчасці. На беларускую мову пераклаў паасобныя польскамоўныя творы А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, В. Каратынскага, Я. Лучыны, Я. Каханоўскага, Ю. Тувіма, Т. Ружэвіча і інш.
Уладзімір Мархель вядомы і як паэт. Літаратурны дэбют адбыўся яшчэ ў 1954 г. у стаўбцоўскай раённай газеце “Голас селяніна”, калі аўтару было 14 гадоў. Пазней яго вершы змяшчаліся ў газетах “Чырвоная змена”, “Знамя шахтера”, часопісе “Маладосць”, зборніку “Дзень паэзіі” і інш. У 2007 г. была выпушчана кніга выбранай лірыкі “Але…”, і крытыкі высока ацанілі адметныя светапогляд, творчую манеру, шырокі жанрава-тэматычны дыяпазон арыгінальнага паэта. Таксама У. Мархель (з В. Скорабагатавым) з’яўляецца ўкладальнікам кнігі С. Манюшкі “Ліра мая для спеваў: рамансы і песні на словы У. Сыракомлі” (1998). Бліскуча перастварыў у 1993 г. па-беларуску лібрэта М. Радзівіла оперы “Агатка, або Прыезд пана” Я. Д. Голанда. Удзельнічаў у фестывалі “Адраджэнне беларускай капэлы”, спрыяў арганізацыі канцэртаў, каб данесці музыку выдатных кампазітараў да беларускіх слухачоў.
Творчая спадчына У. Мархеля надзвычай цікавая і глыбакадумная, вартая сур’ёзнага вывучэння. За сваю плённую працу літаратуразнавец быў узнагароджаны прэміямі Polcul (1998), прэзідэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнай акадэміі навук Украіны і Акадэміі навук Малдовы (2004).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.