Дата рождения:
16.08.1935 Залессе, в., Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
21.11.2005
Краткая справка:
мовазнавец, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат прэміі НАН Беларусі (1995), кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Имена на других языках:
Подлужный Александр Иосифович (русский);
5416 символов
Справка
Вядомы вучоны, адзін з арганізатараў мовазнаўчай навукі ў рэспубліцы, таленавіты кіраўнік і педагог Аляксандр Іосіфавіч Падлужны пакінуў значны след у гісторыі беларускай мовы.
Нарадзіўся ён у в. Залессе Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1954 г. скончыў Мсціслаўскае педагагічнае вучылішча, у 1959 г. філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (БДУ). Да 1962 г. выкладаў беларускую і рускую мовы ў сярэдняй школе в. Расна Горацкага раёна Магілёўскай вобласці, потым вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук БССР. Далейшая дзейнасць А. І. Падлужнага была звязана з гэтай установай. Пачаўшы навуковы шлях з пасады малодшага навуковага супрацоўніка, працаваў загадчыкам лабараторыі эксперыментальнай фанетыкі (1969–1992), загадчыкам аддзела сучаснай беларускай мовы (1992–2005). На працягу 20 гадоў кіраваў Інстытутам мовазнаўства імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі): спачатку быў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце (1983–1989), потым дырэктарам (1989–2003). Адначасова ў 1997–2002 гг. з’яўляўся акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі.
З першых дзён працы А. І. Падлужны звярнуўся да найбольш актуальных і малараспрацаваных у тэарэтычным і практычным плане праблем беларускага мовазнаўства. У 1967 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю “Фонологическая система современного белорусского литературного языка”, пазней глыбока і дэталёва распрацаваў гэту тэму ў доктарскай дысертацыі “Фонетичекая система белорусского языка (экспериментально-фонетическое исследование звукового состава)” (1981). У 1969 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук БССР вучоны стварыў лабараторыю эксперыментальнай фанетыкі, дзе была выканана вялікая работа па эксперыментальным даследаванні фанетычнай сістэмы беларускай мовы. Яе вынікі абагульнены ў манаграфіях “Фанетыка слова ў беларускай мове” (1983), “Фанетыка беларускай літаратурнай мовы” (1989), а таксама ў шэрагу артыкулаў, прысвечаных тэарэтычным праблемам фанетыкі і фаналогіі. Вучоны з’яўляецца аўтарам прац “Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы” (1969), “Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы” (1977). Значнае месца ў навуковай дзейнасці А. І. Падлужнага займалі праблемы нармалізацыі беларускага літаратурнага маўлення. Ён уваходзіў у рэдкалегію і быў адным з аўтараў нарматыўнага “Слоўніка беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне” (1987), а таксама аўтарам раздзелаў “Фаналогія” і “Арфаэпія” (з М. В. Бірылам) у акадэмічнай “Беларускай граматыцы” (ч. 1, 1985). Вучоны ўзначальваў работу па стварэнні новай нарматыўнай граматыкі беларускай мовы. Некалькі публікацый прысвяціў праблеме ўдасканалення сучаснага беларускага правапісу. Шэраг прац А. І. Падлужнага адрасаваны тым, хто вывучае беларускую мову. Ён адзін з аўтараў кнігі “Белорусский язык для небелорусов” (1973; 2-е выданне, выпраўленае і дапоўненае, выйшла ў 1978 г.; 3-е, перапрацаванае, выпушчана ў 1990 г. пад назвай “Белорусский язык для говорящих по-русски”). Акадэмік А. І. Падлужны з’яўляецца навуковым рэдактарам і адным з аўтараў кнігі “Беларуская мова: цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі” (1987), хрэстаматыі “Вусная беларуская мова” (1990), зборніка “Пытанні культуры пісьмовай мовы” (1991), у суаўтарстве падрыхтаваў вучэбныя дапаможнікі “Фанетыка беларускай мовы” (1984), “Практыкум па фанетыцы беларускай мовы” (1989), а таксама “Учебник белорусского языка. Для самообразования” (1994). Вызначэнне прыярытэтаў лінгвістычнай навукі пацверджана стварэннем буйных, грунтоўных прац пад грыфам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа НАН Беларусі (этымалагічнага, гістарычнага, нарматыўнага, дыялектных слоўнікаў, граматык і атласаў). Усяго А. І. Падлужны выдаў больш за 150 навуковых работ, у тым ліку 16 манаграфій.
Адначасова з навуковай дзейнасцю ён на працягу многіх гадоў чытаў лекцыі на філалагічным факультэце БДУ, уваходзіў у склад прэзідыума навукова-метадычнага савета Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па падручніках, быў галоўным рэдактарам штогодніка “Беларуская лінгвістыка” (з 1989 г.) і часопіса “Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук” (з 1997 г.). У 1990-я гг. А. І. Падлужны з’яўляўся намеснікам старшыні Дзяржаўнай камісіі па ўдасканаленні беларускага правапісу, старшынёй Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі (прызначаны ў 1992 г.), членам рэдкалегіі і адным з аўтараў энцыклапедыі “Беларуская мова” (1994), узначальваў рабочую групу па падрыхтоўцы праекта новай рэдакцыі правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Шырока вядома яго навуковая дзейнасць за межамі Беларусі. На працягу многіх гадоў уваходзіў у Камісію па фанетыцы і фаналогіі пры Міжнародным камітэце славістаў, быў членам рабочай групы Міжнароднай камісіі па “Агульнаславянскім лінгвістычным атласе” (прымаў удзел у распрацоўцы гэтага праекта і кіраваў беларускай групай).
Актыўная навукова-даследчыцкая дзейнасць А. І. Падлужнага высока ацэнена. У 1989 г. атрымаў званне прафесара, у тым жа годзе абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1994 г. акадэмікам НАН Беларусі. Ён узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1983), ордэнам “Знак Пашаны” (1986), у 1999 г. А. І. Падлужнаму прысвоена званне “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь”.