Іван Пятровіч Пачопка (Янка Пачопка), беларускі паэт, празаік, фалькларыст, нарадзіўся ў в. Летнікі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) у сям’і лесніка. У 1913 г. скончыў Варанецкую сельскагаспадарчую школу, працаваў у дэпартаменце земляробства Віленскай губерні. У 1925 г. быў рэдактарам двухтыднёвіка «Праваслаўны беларус», які выдаваўся ў Варшаве. У 1930-я гг. жыў на ўласнай гаспадарцы. Пазней працаваў аграномам пры Дзісенскім рэўкаме (1939–1958).
Літаратурную дзейнасць пісьменнік пачаў з публікацыі ў 1913 г. верша «Дудар» у «Нашай ніве». Пісаў Я. Пачопка на беларускай мове. Першы празаічны твор, апавяданне «Злы лёс», надрукавана ў газеце «Савецкая Беларусь» у 1921 г. У 1926 г. была напісана камедыя «Гурток». Янка Пачопка збіраў і запісваў народныя казкі, паданні, з якіх потым быў складзены зборнік «Дурнішча: народная казка з Дзісненшчыны» (1927). Яго творы публікаваліся ў часопісах «Маланка», «Калоссе», «Студэнцкая думка» «Хрысціянская думка», дзіцячых часопісах «Заранка», «Пралескі», газеце «Сялянская ніва», у двухтыднёвіку «Праваслаўны беларус». Пісьменнік быў блізкім сябрам мастака Я. Драздовіча, які зрабіў яго разны партрэт і малюнкі да кнігі «Пчолы…».
Акрамя літаратурных твораў Я. Пачопка напісаў шэраг кніг на сельскагаспадарчую тэматыку: «Малочная карова: як яе выбраць, карміць і даглядаць» і «Пчолы і як вадзіць іх у рамавых вуллях» (1923), «Гародніцтва: як трэба гаспадарыць на агародзе, каб мець добрае варыва» (1925), «Як выбраць добрага каня» (1928). Паэт шмат працаваў на зямлі, аказваў дапамагу землякам па пытаннях ветэрынарыі і аграноміі. Частка рукапіснай спадчыны пісьменніка знаходзіцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.