Дата рождения:
19.05.1936 Нежыхаў, в., Брагінскі раён, Гомельская вобласць
Краткая справка:
вучоны ў галіне этналогіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі
Имена на других языках:
Пилипенко Михаил Фёдорович (русский);
3239 символов
Справка
Нарадзіўся М. Ф. Піліпенка ў в. Нежыхаў Брагінскага раёна ў сялянскай сям'i. Вучыўся ў Мазырскiм педагагiчным вучылiшчы, скончыў гiстарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1961). У 1964–1967 гг. вучыўся ў аспiрантуры Маскоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя М.В. Ламаносава, пасля заканчэння якой працаваў на гiстарычным факультэце БДУ. З 1991 г. М. Ф. Пiлiпенка працуе загадчыкам аддзела этнаграфii ў Iнстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. У 1993 г. абараніў доктарскую дысертацыю. Праз год яго абiраюць членам-карэспандэнтам АН Беларусi, з мая 1994 г. ён прызначаны дырэктарам Iнстытута, з 2004 г. яго галоўны навуковы супрацоўнік. У 1995 г. Мiхаiл Фёдаравiч атрымлівае ганаровае званне прафесара, у 1997 г. узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, а ў 1999 г. становіцца заслужаным дзеячам культуры Беларусі.
Буйны вучоны ў галіне этналогіі, ён даследаваў праблемы этнагенэзу і этнічнай гісторыі беларускага народа, сям’і і сямейнага побыту, традыцыйных народных вераванняў беларусаў. Шмат увагі вучоны надае вывучэнню гісторыі і тэарэтычных праблем беларускай этналогіі.
Вынiкам шматгадовай працы М. Ф. Піліпенкі па праблеме паходжання беларускага народа з'явiлася канцэпцыя, выкладзеная iм у манаграфii "Узнiкненне Беларусi: новая канцэпцыя" (1991), асноўныя палажэнні якой былі працягнуты і ўдакладнены аўтарам у працах наступнага часу – "Канцэпцыі ўзнікнення Беларусі", "Старажытныя этнічныя супольнасці на тэрыторыі Беларусі", "Фарміраванне Русі", "Гістарычныя, сацыяльна-эканамічныя, палітычныя ўмовы ўзнікнення Беларусі", "Усталяванне назвы Беларусь", ("Беларусь на мяжы тысячагоддзяў", 2000).
М. Ф. Пiлiпенка – аўтар манаграфій "Этнаграфія Беларусі" (1981), "Узнікненне Беларусі: новая канцэпцыя" (1991), шматлікіх навуковых артыкулаў: "Паходжанне і сацыяльная сутнасць сімвалічных выкупаў у беларускай вясельнай абраднасці", "Сляды родавай арганізацыі ў вясельных звычаях славянскіх народаў" (абодва 1969), "Сям'я і шлюб у беларускіх сялян у другой палове 19 – пачатку 20 ст.", "З гісторыі вывучэння беларускай этнаграфіі і фальклору" (абодва 1970), "Роля рэвалюцыі і дыфузіі ў гісторыі традыцый" (1990), "Беларуская традыцыйная культура як феномен еўрапейскай цывілізацыі" (1995), адзін з аўтараў навуковых прац "Гістарычнае краязнаўства Беларусі" (1980), "Народная педагогіка беларусаў" (1996), "Беларусы" (1998), "Беларусь на мяжы тысячагоддзяў" (2000), "Беларусы. Вытокі і этнічнае развіццё" (т. 4), "Беларусы. Сям'я" (т. 5, абодва 2001), "Беларусы. Грамадскія традыцыі" (т. 6, 2002).
М. Ф. Пiлiпенка ўдзельнiчаў у падрыхтоўцы "Беларускай Савецкай энцыклапедыi", кароткай энцыклапедыi "Беларуская ССР" у 5 тамах, "Энцыклапедыi лiтаратуры i мастацтва Беларусi", энцыклапедычнага даведнiка "Беларусь", энцыклапедый "Этнаграфiя Беларусi", "Гісторыя Беларусі" ў 6 тамах, "Беларускі фальклор", "Рэспубліка Беларусь", "Беларуская энцыклапедыя" ў 18 т. і інш. М. Ф. Пiлiпенка – член навукова-рэдакцыйных саветаў, рэдакцыйных калегій і навуковы кансультант шэрагу рэспубліканскіх часопісаў, сярод якіх "Беларускі гістарычны часопіс", "Роднае слова" і інш.