Дата рождения:
26.12.1925 Гімбатаўка, в., Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
22.06.2015
Краткая справка:
вучоны ў галіне правазнаўства, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, кавалер ордэнаў "Знак Пашаны", Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені
Имена на других языках:
Семенков Виктор Иванович (русский);
3391 символ
Справка
З імем Віктара Іванавіча Семянкова, вядомага прававеда, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, звязана фарміраванне і развіццё беларускай навуковай школы працоўнага права.
Нарадзіўся ён у в. Гімбатаўка Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1944 г. быў прызваны ў Чырвоную армію. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны працягнуў службу ў хімічным батальёне. Дэмабілізаваны ў 1950 г. У 1954 г. скончыў Мінскі юрыдычны інстытут. У гэтым жа годзе В.І. Семянкоў стаў народным суддзёй Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. З 1961 г. працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР. У 1962 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Правовые формы государственного надзора и общественного контроля за соблюдением законодательства по охране труда: по материалам Белорусской ССР», у 1974 г. ‒ доктарскую на тэму «Проблемы правовой охраны труда в СССР». З 1972 г. загадваў сектарам гаспадарчага і працоўнага права інстытута. У 1979 г. яму прысвоена вучонае званне прафесара. У 1980 г. выбраны членам-карэспандэнтам АН БССР. З 1983 г. Віктар Іванавіч быў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце і адначасова загадчыкам аддзела. З 1996 па 1997 г. вучоны кіраваў Галоўным упраўленнем па рабоце з органамі заканадаўчай і судовай улады Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, быў пастаянным прадстаўніком Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Вярхоўным Савеце. З 1997 г. В.І. Семянкоў загадваў аддзелам працоўнага і грамадзянскага права Інстытута філасофіі і права НАН Беларусі (з 1999 г. Інстытут дзяржавы і права НАН Беларусі). З 2008 г. працаваў галоўным навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Узначальваў Савет па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый.
Віктар Іванавіч ‒ аўтар каля 350 навуковых прац па гісторыі працоўнага права і заканадаўства аб ахове працы, наглядзе і кантролі за выкананнем заканадаўства, праблемах дзяржаўнага будаўніцтва і інш. Сярод іх ‒ «Развитие советской демократии и укрепление законности» (1961, у суаўтарстве), «Надзор и контроль за охраной труда в СССР» (1963), «Охрана труда в СССР: (организационно-правовые вопросы)» (1970), «Кодекс законов о труде Республики Беларусь. Постатейный комментарий» (1993, у суаўтарстве) і інш. Пад яго рэдакцыяй выдадзены «Сборник нормативных правовых актов о труде» (у 2 т., 2008), юрыдычныя даведнікі, шэраг калектыўных навуковых даследаванняў. Віктар Іванавіч з’яўляўся кіраўніком аўтарскага калектыву па падрыхтоўцы да выдання каментарыяў да Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У работах В.І. Cемянкова атрымалі навуковае абгрунтаванне тэарэтычныя праблемы працоўнага права. Многія палажэнні яго прац улічаны пры падрыхтоўцы важных заканадаўчых актаў.
Віктар Іванавіч актыўна займаўся грамадскай работай. З 1975 па 1983 г. ён працаваў сакратаром парткама АН БССР, выбіраўся членам Мінскага абкама КПБ, Мінскага гаркама КПБ, членам бюро Першамайскага райкама КПБ, дэпутатам Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, узначальваў пастаянную камісію гарсавета па сацыялістычнай законнасці і ахове грамадскага парадку.
У 1996 г. В.І. Cемянкову прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь. Вучоны ўзнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны» (1971), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1979), Айчыннай вайны II ступені (1985), медалямі, ганаровымі граматамі.