Дата рождения:
03.04.1946 Ліда, г., Гродзенская вобласць
Краткая справка:
тэатразнавец, тэатральны крытык, педагог, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1999)
Псевдонимы:
Лідскі Р.; Міхальчук Р.; Сокалаў Р.; Янавіцкі А.
Имена на других языках:
Смольский Ричард Болеславович (русский);
5363 символа
Справка
Вядомай асобай у тэатральнай крытыцы і тэатразнаўстве з’яўляецца Рычард Баляслававіч Смольскі. Працягваючы традыцыі свайго настаўніка У. І. Няфёда, ён распрацаваў новыя падыходы да вывучэння праблем нацыянальнай тэатральнай культуры, узбагаціў беларускую навуку аб тэатры новымі фундаментальнымі даследаваннямі.
Нарадзіўся Р. Б. Смольскі ў Лідзе Гродзенскай вобласці ў рабочай сям’і. Скончыўшы сярэднюю школу, працаваў сталяром на Лідскім раённым прамысловым камбінаце. У 1965 г. паступіў на тэатральны факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Пасля заканчэння вучобы (1970) працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм» асістэнтам рэжысёра, другім рэжысёрам на кінастужках «І ніхто іншы», «Крокі па зямлі», «Бераг прынцэсы Люські». Праз некаторы час Р. Б. Смольскі стаў рэдактарам творчага аб’яднання «Летапіс», дзе праявіў свае здольнасці ў сцэнарным майстэрстве. У 1976–1979 гг. вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Затым працаваў у гэтай установе малодшым навуковым супрацоўнікам (1979–1981), вучоным сакратаром (1981–1987), загадчыкам аддзела тэатральнага мастацтва (1988–1997). З 1985 г. з перапынкамі выкладаў у ВНУ Мінска. У 1991 г. Р. Б. Смольскі стаў доктарам мастацтвазнаўства, у 1999 г. атрымаў званне прафесара. У 1997–2010 гг. быў рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, з кастрычніка 2010 г. з’яўляецца галоўным навуковым супрацоўнікам навукова-даследчага аддзела. За гады яго працы навучальная ўстанова якасна змянілася. Рэарганізаваны факультэты, адкрыты кафедры, савет па абароне дысертацый, дактарантура, уведзены новыя, сучасныя спецыялізацыі, далучаны да выкладчыцкай працы цікавыя спецыялісты, вытрымана дзяржаўная атэстацыя на статус ВНУ ўніверсітэцкага тыпу. Вучыцца і працаваць у гэтай установе стала прэстыжна. Акадэмія набыла папулярнасць, атрымала прызнанне ў краінах СНД, Еўропе, Амерыцы.
Педагагічную дзейнасць Р. Б. Смольскі сумяшчае з навукова-даследчай. Ён займаецца праблемамі рэжысуры, акцёрскай творчасці, сцэнічнай героікі, рускай тэатральнай культуры ў Беларусі. Даследчыку належаць больш за 350 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій, 3 навучальныя дапаможнікі, а таксама шматлікія рэцэнзіі, артыкулы, нарысы, даследаванні на тэмы тэатральнага мастацтва. Ён аўтар кніг «На сцене – бессмертие подвига: белорусский театр о Великой Отечественной войне. Эволюция художественных принципов в осмыслении героических характеров» (1982), «Пазначана часам: пошукі сучаснай беларускай рэжысуры» (1984), «Грядущим в наследство: тема Великой Отечественной войны в белорусском театре 80-х годов» (1986), «Сотворение судьбы: историческая и героико-революционная тема в театрах Белоруссии 70–80-х годов» (1987), «Тэатр у прасторы часу: мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, творчыя партрэты» (1998), «На скрыжаванні: тэатр у працэсах станаўлення і развіцця гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларусаў» (1999; спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Мастацтвазнаўства і крытыка»), «Рэха мінулага: тэатразнаўчыя эцюды аб беларускай культуры XX стагоддзя» (2000), «Контуры новага часу: праблемы беларускага тэатра і мастацкай адукацыі ў прасторы XXI стагоддзя» (2011; прэмія Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў намінацыі «Літаратура і журналістыка»), «Тэатр як сутворца чалавека: аб некаторых асаблівасцях і тэндэнцыях творчага працэсу» (2014). Вучоным-тэатразнаўцам падрыхтавана шмат раздзелаў у наступных калектыўных працах: «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 2–3, 1985–1987), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000), «Тэатральная Беларусь» (т. 1– 2, 2002–2003), «Беларусы» (т. 13 «Тэатральнае мастацтва», 2012) і інш.
Як тэатральны крытык Р. Б. Смольскі актыўна выступае з рэцэнзіямі і праблемнымі артыкуламі. У розныя гады ў перыядычным друку былі змешчаны яго публікацыі «Будзьце смелымі» (нататкі пра маладую драматургію), «Безназоўнае» (нататкі пра сучасную рэжысуру), «Вольнае жыццё: святло і цені» (нататкі пра тэатральныя фестывалі), «Купалаўцы ў прасторы ХХ стагоддзя» (палемічныя нататкі) і інш. Нямала Р. Б. Смольскі напісаў цікавых творчых партрэтаў майстроў сцэны («Вольга Галіна», «Дзмітрый Арлоў», «Юрый Сідараў», «Галіна Арлова», «Алімпіяда Шах-Парон» і інш.). Таксама ён займаецца літаратурна-мастацкай творчасцю. У суаўтарстве з Ю. Сохарам напісаны п’есы «Разбег» (1974), «Выкупленне» (1976), «Не толькі пра каханне» (1978), што ставіліся на прафесійных і аматарскіх сцэнах. З’яўляецца аўтарам наступных радыёп’ес, пастаўленых на Беларускім радыё: «Іншага права няма» і «Мы яшчэ пажывём» (1978), «На парозе жыцця» (1980, у суаўтарстве з Ю. Сохарам), «Лёс, які мы выбіраем» (1986) і інш. Па яго сцэнарыях пастаўлены дакументальныя фільмы «Марыя» (1975), «Праз усё жыццё» (1978), «Уладзіслаў Галубок» (1982), «Жыццё кліча» (1984), «Антракт» (1992, у суаўтарстве з В. Навуменкам) і інш.
За поспехі ў развіцці беларускай мастацтвазнаўчай навукі і мастацкай адукацыі, актыўную творчую і грамадскую дзейнасць заслужаны дзеяч культуры Беларусі Р. Б. Смольскі ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі» (2006), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2006), а таксама многімі іншымі ганаровымі граматамі і дыпломамі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый.