Дата рождения:
14.07.1927 Старая Беліца, в., Гомельскі раён
Дата смерти:
02.03.2018
Краткая справка:
вучоны ў галіне археалогіі і гісторыі, даследчык археалогіі і гісторыі Беларусі VІ–ХІІІ стст., гісторыі Полацкай зямлі, вытокаў беларускай народнасці, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990), педагог, выдатнік народнай асветы Беларусі
Варианты имени:
Штыхаў Георгій Васілевіч
Имена на других языках:
Shtykhov Georgy Vasilievich (не определен); Штыхов Георгий Васильевич (русский);
5669 символов
Справка
Георгій Васільевіч Штыхаў унёс значны ўклад у развіццё беларускай археалагічнай і гістарычнай навукі. Яго імя добра вядома спецыялістам айчыннай гісторыі, даследчыкам славянскай археалогіі за межамі Беларусі.
Нарадзіўся Г.В. Штыхаў у в. Старая Беліца Гомельскага раёна ў сям’і сельскага настаўніка. У 1932 г. бацькі пераехалі ў Рэчыцу. Дзяцінства хлопчыка было азмрочана вайной, акупацыяй і пасляваеннымі нягодамі. У 1944 г. ён паступіў у Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту. З 1947 па 1950 г. вучыўся на філасофскім факультэце Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Пасля заканчэння некаторы час працаваў настаўнікам гісторыі ў школах Гродзенскай і Гомельскай абласцей, завочна вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (скончыў у 1956 г.). У 1959 г. паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР. У 1962 г. пачаў працаваць там малодшым навуковым супрацоўнікам. У 1965 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Древний Полоцк (IX–XIII вв.)» і праз год быў прызначаны старшым навуковым супрацоўнікам, з 1981 г. загадчыкам сектара. У 1983 г. Г.В. Штыхаў стаў доктарам гістарычных навук (тэма дысертацыі «Города Полоцкой земли IX–XIII вв.»). З 1988 г. ён загадваў аддзелам зон новабудоўляў, у 1993 г. узначаліў аддзел археалогіі і гісторыі Полацкай зямлі. З 2001 г. з’яўляецца галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела археалогіі сярэдневяковага перыяду Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Сфера навуковых інтарэсаў Г.В. Штыхава вельмі шырокая. Ён вывучае старажытныя гарады Полацкай зямлі, курганныя могільнікі ранняга Сярэдневякоўя Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі. Правёў археалагічныя даследаванні Полацка, Віцебска, Заслаўя, Лукомля, Лагойска, Копысі, выявіў гарадзішча старажытнага Барысава і паселішча на р. Менцы (Мінскі раён), вывучаў могільнікі трэцяй чвэрці І тысячагоддзя н. э., сінхронныя гарадзішчам банцараўскай культуры. Вучоны даследаваў старажытную скульптуру, дробную пластыку гарадоў Полацкай зямлі, скарбы сярэбраных і залатых рэчаў. У экспазіцыях шэрагу музеяў Беларусі прадстаўлены матэрыялы археалагічных раскопак, якія ён праводзіў. У 1983–1990 гг. Г.В. Штыхаў узначальваў археалагічныя даследаванні ў Мінску (на месцы будаўніцтва станцыі метро «Няміга»). У 2001–2005 гг. пад яго кіраўніцтвам была выканана дзяржаўная тэма даследаванняў «Вывучэнне гісторыі і археалогіі Полацкай зямлі IX–XVII стст. у кантэксце еўрапейскай цывілізацыі».
Георгій Васільевіч Штыхаў напісаў больш за 10 манаграфій, некалькі навуковых і навукова-папулярных кніг, брашур, шмат артыкулаў у энцыклапедычныя выданні. У 1971 г. была надрукавана кніга вучонага «Археологическая карта Белоруссии. Вып. 2. Памятники железного века и эпохи феодализма». Гэта своечасовая праца ўтрымлівае звесткі аб тысячах археалагічных помнікаў: гарадзішчах, паселішчах, курганных могільніках. Пры напісанні работы аўтар выкарыстаў інфармацыю са старажытнай літаратуры і ўласныя грунтоўныя абследаванні шматлікіх археалагічных помнікаў у Полацкім, Расонскім, Гарадоцкім, Віцебскім раёнах. Падчас гэтых даследаванняў Г.В. Штыхаў распачаў вывучэнне курганоў, якіх за 30 гадоў пад яго кіраўніцтвам было раскапана больш за 300. У 1975 г. выйшла манаграфія вучонага «Древний Полоцк IX–XIII вв.», у 1978 г. – «Города Полоцкой земли (IX–XIII вв.)». Даныя раскопак курганных могільнікаў VI–XIII стст. на тэрыторыі былога Полацкага княства даследчык абагульніў у манаграфіі «Крывічы: па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі» (1992). Георгій Васільевіч Штыхаў займаецца не толькі археалогіяй. Як вучоны-медыявіст ён даследуе сярэдневяковую гісторыю нашай краіны па пісьмовых крыніцах. Пад рэдакцыяй Г.В. Штыхава ў 1996 г. выйшаў першы зборнік «Сведкі беларускай мінуўшчыны», дзе змешчаны дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі VI–XV стст. Ён з’яўляецца таксама адным з аўтараў калектыўных прац «Древнейшие города Белоруссии» (з П.Ф. Лысенкам, 1966), «Старажытныя скарбы Беларусі» (з П.М. Захаранкам, 1971), «Очерки по археологии Белоруссии» (ч. 2, 1972), «История Белорусской ССР» (1977), «Киев и западные земли Руси в IX–XIII вв.» (1982), «Белорусская археология» (1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994), «Гісторыя сялянства Беларусі» (т. 1, 1997), «Археалогія Беларусі» (т. 2–3, 1999–2000), «Дзевяць стагоддзяў Барысава» (2002, з Ж.В. Гілевіч, В.Л. Насевічам, Л.Ф. Белай), гісторыка-дакументальных хронік «Памяць» (Мінск, Полацк, Лоеўскі, Буда-Кашалёўскі, Жлобінскі, Верхнядзвінскі, Чачэрскі раёны), якія выходзілі ў розныя гады. У пачатку 1990-х гг. Г.В. Штыхаў прымаў удзел у распрацоўцы новай канцэпцыі гістарычнай адукацыі ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе і стварэнні базавых праграм па айчыннай гісторыі. Ён напісаў некалькі школьных падручнікаў і дапаможнікаў па гісторыі Беларусі, вучням адрасаваны таксама кнігі «Галасы далёкіх продкаў» (1968) і «Ажываюць сівыя стагоддзі» (1974, 1982).
Агульны спіс навуковых, навукова-папулярных і іншых прац Г.В. Штыхава налічвае звыш 970 найменняў. У 1990 г. вучоны стаў лаўрэатам Дзяжаўнай прэміі БССР за ўдзел у падрыхтоўцы выдання «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (у 7 т., 8 кн., апублікаваны ў 1984–1987 гг.). За вялікія дасягненні ў развіцці беларускай археалогіі і гістарычнай навукі, шматгадовую плённую навукова-педагагічную, асветніцкую і грамадскую дзейнасць Г.В. Штыхаў узнагароджаны медалём «Ветэран працы» (1987), у 2009 г. атрымаў юбілейны медаль з нагоды 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, мае шматлікія ганаровыя граматы Прэзідыума АН БССР, Прэзідыума НАН Беларусі, Міністэрства культуры БССР, Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.