Дата рождения:
22.07.1932 Чэрыкаў, г., Магілёўская вобласць
Дата смерти:
06.11.2019
Краткая справка:
вучоны-філосаф, паэт, член-карэспандэнт НАН Беларусі
Имена на других языках:
Evmenov Leonid Fyodorovich (не определен); Евменов Леонид Фёдорович (русский);
4516 символов
Справка
Леанід Фёдаравіч Яўменаў, доктар філасофскіх навук, прафесар, аўтар шматлікіх навуковых прац, нарадзіўся ў г. Чэрыкаве Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1950 г. паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Працоўную дзейнасць пачаў у 1954 г. сакратаром Мінскага гарадскога камітэта ЛКСМБ. У 1958 г. быў накіраваны на вучобу ў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. У 1961 г. пачаў выкладаць на кафедры філасофіі і палітычнай эканоміі ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў, праз год абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Критика извращений диалектики общественного развития в современной буржуазной философии Франции». З 1963 па 1964 г. праходзіў навуковую стажыроўку ў Сарбоне. У 1967 г. Л.Ф. Яўменаў працаваў на міжнароднай выстаўцы «ЭКСПО-67» у Манрэалі (Канада). Некаторы час (з 1970 па 1971 г.) з’яўляўся лектарам ЦК КПБ. У 1971–1974 гг. ён супрацоўнік Аддзела філасофіі Дэпартамента сацыяльных, гуманітарных навук і культуры Сакратарыята ЮНЕСКА (Парыж). Пасля вяртання Л.Ф. Яўменаў з 1975 па 1979 г. выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У.І. Леніна на кафедры этыкі, эстэтыкі і навуковага атэізму. У 1977 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Проблемы диалектики в идеологической борьбе с современной французской буржуазной философией», праз два гады стаў прафесарам. У 1979–1982 гг. з’яўляўся загадчыкам сектара крытыкі буржуазнай філасофіі і ідэалогіі антыкамунізму Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР, з 1982 па 1999 г. – загадчыкам Аддзела навуковай інфармацыі па гуманітарных навуках, адначасова загадчыкам сектара навукова-метадалагічных праблем інфармацыі. У 1991 г. Л.Ф. Яўменаў выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі. З 1999 па 2002 г. з’яўляўся загадчыкам аддзела, галоўным навуковым супрацоўнікам Аналітычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2002 па 2006 г. працаваў у Беларускім інстытуце правазнаўства. У 2009–2017 гг. ён галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Вучоны з’яўляецца аўтарам больш за 200 навуковых і навукова-публіцыстычных работ, у тым ліку 10 манаграфій, а таксама некалькіх кніг паэзіі. Філасофскія работы Л.Ф. Яўменава «Диалектика и революция» (1969), «Философия антимарксизма и диалектика» (1981), «Антигуманистические тенденции современного буржуазного искусства» (1983, у суаўтарстве), «Актуальные проблемы контрпропаганды» (1985), «Тотальный кризис и права человека» (1996), «Международная идеология прав человека: проблемы – решения» (2000), «Глобализация: конвергенция – достоинства и права человека» (2015) і іншыя прысвечаны найбольш актуальным праблемам дыялектыкі, палітычнай філасофіі, правам чалавека, тэорыі глабалізацыі і стратэгіі міжнародных адносін. Яны маюць важнае метадалагічнае значэнне для аналізу сучаснай немарксісцкай філасофіі, ідэалогіі і для пазітыўнай распрацоўкі актуальных тэарэтычных праблем.
Актыўную навуковую дзейнасць Л.Ф. Яўменаў сумяшчаў з творчасцю. У 1949 г. у раённай газеце «Камуніст» (Бабруйск) былі надрукаваны яго першыя творы, з 1953 г. вершы публікаваліся ў абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях. У 1980 г. выйшаў зборнік «Чужая планета», дзе змешчаны творы, напісаныя пад уражаннем знаходжання вучонага ў Канадзе і Францыі. У 1981 г. Л.Ф. Яўменаў стаў членам Саюза пісьменнікў БССР. Зборнік «Блізкія далі» быў надрукаваны ў 1983 г. У вершах, што ўвайшлі ў кнігу, аўтар разважае над праблемамі сучаснасці, экалогіі, маральна-этычнымі прынцыпамі ўзаемаадносін чалавека і грамадства, піша пра прыгажосць беларускай прыроды і закранае пытанні яе аховы, праслаўляе чалавека працы. З цягам часу творчасць Л.Ф. Яўменава набыла новыя грані адметнасці, тэматычнай разнастайнасці, вобразнасці. Найбольш поўна і пераканаўча гэта адлюстравана ў кнізе паэзіі «Існасць» (1997). На вершы паэта беларускімі кампазітарамі Ю. Семянякам і К. Цесаковым напісаны песні. Леанід Фёдаравіч выступаў таксама ў друку з артыкуламі па пытаннях айчыннай і замежнай літаратуры, перакладаў творы французскіх, канадскіх і амерыканскіх паэтаў.
Вучоны ўдзельнічаў у рабоце Генеральнай Асамблеі ААН, шматлікіх Міжнародных форумах па правах чалавека. У 1985–1987 гг. з’яўляўся прадстаўніком БССР у Камісіі ААН па правах чалавека, у 1987 г. быў прызначаны старшынёй. Па намінацыі Міжнароднага біяграфічнага цэнтра (Кембрыдж, Вялікабрытанія) Л.Ф. Яўменаў аб’яўлены Міжнародным чалавекам года (1998–1999, 1999–2000).