Адзін з першых, хто звярнуў погляд гісторыкаў і філолагаў Еўропы на беларускую праблематыку, зацікавіў іх, быў піянерам у яе распрацоўцы – гэта выдатны нямецкі філолаг-славіст, арыенталіст Рудольф Абіхт. Нарадзіўся ён у Польшчы, у г. Намыслаў. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў сярэдніх школах Брэслаў (зараз Вроцлаў), Познані. У 1869 г. пачаў вучобу ў Берлінскім універсітэце, аднак ужо ў 1870 г. яго імя сустракаецца сярод студэнтаў-тэолагаў Брэслаўскага (Вроцлаўскага) універсітэта. Пасля ўдзелу ў Франка-прускай вайне 1870–1871 гг. працягвае навучанне ў Галле. У 1888 г. вяртаецца ў Вроцлаў, дзе ўзнаўляе свае сувязі з універсітэтам і з 1900 г. становіцца прафесарам славянскай філалогіі. У 1917–1918 гг. выкладае беларускую мову ў Свіслацкай настаўніцкай семінарыі, якая была ўтворана з дазволу і пры фінансаванні нямецкіх акупацыйных улад і рыхтавала настаўнікаў для беларускіх пачатковых школ на тэрыторыі Беларусі, акупіраванай войскамі Германіі падчас Першай сусветнай вайны.
Рудольф Абіхт быў першым замежным вучоным, які чытаў універсітэцкі курс беларускай мовы, наладзіў сувязь з прадстаўнікамі беларускай культуры В. Ластоўскім, А. і І. Луцкевічамі, Я. Станкевічам. У 1893–1898 гг. Р. Абіхт займаецца славістыкай, дзякуючы яго артыкулам і працам заходнія славяназнаўцы змаглі пазнаёміцца з "Супрасльскім летапісам", "Словам пра паход Ігаравы", перакладае даны твор на нямецкую мову белым вершам. Першыя публікацыі Абіхта па беларусістыцы з’яўляюцца падчас Першай сусветнай вайны, бо яе пачатак значна паўплываў на рост зацікаўленасці нямецкіх гісторыкаў і публіцыстаў беларускай тэматыкай.
Рудольф Абіхт вывучаў старажытныя помнікі беларускай літаратуры, з’яўляецца аўтарам найбольш цікавых роздумаў, прысвечаных літаратурна-фальклорнай тэматыцы, друкаваў беларускія матэрыялы ў газетах "Гоман" (Вільня), "Deutschland" ("Германія"), "Wilnaer Zeitung" ("Віленская газета") і інш. У "Наглядальніку" ("Der Beobachter") Р. Абіхт змясціў нарыс "Са старажытнай і новай гісторыі Беларусі", дзе праявіў цікавасць да народнага жыцця беларусаў і яго вуснай народнай творчасці (легенд, паданняў). Нямецкі славіст прасачыў у гэтым нарысе лёс беларускага народа ад часоў Кіеўскай Русі да 1918 г.
У суаўтарстве Рудольф Абіхт выдаў лемантар "Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным" (1918, Вроцлаў), дзе спрабаваў сістэматызаваць прынцыпы фанетыкі, правапісу і пунктуацыі беларускай літаратурнай мовы. Пры яго актыўным удзеле быў выдадзены першы на нямецкай мове зборнік пра наш край "Беларусь" ("Weissruthenien"; Берлін, 1919) пад рэдакцыяй В. Егера, у якім змешчаны падрыхтаваныя Р. Абіхтам матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры да 1915 г.; апісанні звычаяў, вераванняў, абрадаў, прыкмет і забабонаў беларусаў, якія знайшлі адлюстраванне ў вуснай народнай творчасці праз прымаўкі, прыпеўкі і галашэнні; перакладзеныя ім апавяданне Я. Коласа "Бунт", верш Я. Купалы "Роднае слова", тэксты 10 народных казак, легенда "Юга і Грамавік", шэраг беларускіх песень з нотамі і інш.
Рудольф Абіхт таксама вызначыўся сваімі шматлікімі перакладамі беларускіх матэрыялаў (асабліва казак) на нямецкую мову, твораў Я. Купалы і Я. Коласа, Я. Баршчэўскага.
Памёр Р. Абіхт у Вроцлаве, дзе да апошніх дзён займаўся навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.