Краткая справка:
расійскі вучоны-фізік, які ўдзельнічаў у стварэнні першых у СССР транзістараў, фотадыёдаў і магутных германіевых выпрамнікоў, акадэмік АН СССР і АН Расіі, замежны член НАН Беларусі, АН Германіі, Польскай АН, Нацыянальнай інжынернай АН ЗША, Нацыянальнай АН ЗША, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (2000), Ленінскай прэміі (1972) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1984), кавалер ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "За заслугі перад Айчынай" (Расія), Францыска Скарыны
Имена на других языках:
Алферов Жорес Иванович (русский);
4133 символа
Справка
Выдатным вучоным сучаснасці, лаўрэатам самай прэстыжнай прэміі ў свеце Жарэсам Іванавічам Алфёравым аднолькава ганарацца ў Беларусі і Расіі.
Нарадзіўся Ж. Алфёраў у г. Віцебску. У 1947 г. з залатым медалём скончыў мінскую сярэднюю школу № 42 і паступіў на электравакуумны факультэт Маскоўскага энергетычнага інстытута, але ў хуткім часе перавёўся на энергетычны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута, а праз год – на другі курс факультэта электроннай тэхнікі Ленінградскага электратэхнічнага інстытута (цяпер Санкт-Пецярбургскі электратэхнічны універсітэт), які скончыў на выдатна. У 1953 г. Ж. Алфёраў пачаў працаваць у Фізіка-тэхнічным інстытуце, заснаваным бліскучым фізікам і арганізатарам навукі А. Ф. Іофе. Тут ён вельмі хутка дапоўніў сваю інжынерна-тэхнічную адукацыю фізічнай і стаў высакакласным спецыялістам па квантавай фізіцы паўправадніковых прыбораў, стварыў уласную навуковую школу, а ў 1987 г. змяніў на пасадзе дырэктара інстытута свайго настаўніка У. Тучкевіча і заставаўся на ёй да 2006 г. Па ініцыятыве Ж. Алфёрава яшчэ ў 1972 г. былі створаны кафедры оптаэлектронікі ў Ленінградскім электратэхнічным інстытуце і Ленінградскім політэхнічным інстытуце, а ў апошнім у 1988 г. арганізаваны фізіка-тэхнічны факультэт. Ён акадэмік Расійскай акадэміі навук, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі адукацыі, віцэ-прэзідэнт РАН, замежны член акадэмій навук Польшчы, Украіны, Балгарыі, Літвы і многіх іншых краін, ганаровы доктар многіх універсітэтаў свету, заснавальнік Фонду падтрымкі адукацыі і навукі, мэта якога – дапамога вучоным у фундаментальных даследаваннях у галіне фізікі. Вучоны ўсё жыццё прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны. Выбіраўся народным дэпутатам СССР і дэпутатам Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі.
Свой першы патэнт у галіне гетэрапераходаў (за распрацоўку гэтай тэмы Ж. Алфёраў і ўзнагароджаны Нобелеўскай прэміяй) вучоны атрымаў у 1963 г. Даследаванні ў галіне фізікі паўправаднікоў, паўправадніковай і квантавай электронікі і тэхнічнай фізікі прынеслі яму славу вучонага-першаадкрывальніка і паклалі пачатак новай навуковай школе – фізіцы паўправадніковых гетэраструктур. Ж. Алфёраў прымаў дзейсны ўдзел у стварэнні першых айчынных транзістараў, фотадыёдаў і магутных германіевых выпрамнікоў. Ён адкрыў з’яву зверхінжэкцыі ў гетэраструктурах, прынцыпова новы спосаб кіравання электроннымі і светлавымі патокамі ў паўправадніковых гетэраструктурах. Распрацаваныя ім сонечныя батарэі забяспечвалі электрычнасцю арбітальную станцыю “Мір”. Адкрыцці Ж. Алфёрава і яго навуковая школа істотна паскорылі развіццё інфармацыйных тэхналогій. Ён аўтар больш за 500 навуковых работ, у тым ліку 4 манаграфій, больш за 50 вынаходніцтваў. Фундаментальныя даследаванні вучонага адзначаны ўжо названай вышэй Нобелеўскай прэміяй, прысуджанай Ж. Алфёраву (сумесна з амерыканскімі вучонымі) у 2000 г., Ленінскай прэміяй СССР (1972) і Дзяржаўнай прэміяй СССР (1984), а таксама Дзямідаўскай прэміяй (1999), залатым медалём А. С. Папова (РАН, 1999), прэстыжным залатым медалём Сцюарта Балантайна Франклінскага інстытута ЗША (1971), які называюць “малой Нобелеўскай прэміяй”, прэміяй Кіёта (Японія, 2001) і інш. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна (1986), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1989), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975), ордэнам Расійскай Федэрацыі “За заслугі перад Айчынай” першай, другой і трэцяй ступеней (2005, 2000, 1999). Яго імем названа малая планета.
Цесныя сувязі падтрымлівае Ж. Алфёраў і з Беларуссю, якая назаўсёды засталася для яго родным, дарагім краем. У розны час прыязджаў ён сюды на адпачынак, заўсёды падтрымліваў адносіны з навуковай грамадскасцю, удзельнічаў у расійска-беларускіх семінарах па паўправадніковых лазерах, прыязджаў разам з дэпутатамі Дзярждумы. У 1995 г. вучоны быў абраны замежным членам Акадэміі навук Беларусі. Ж. Алфёраў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2002). Некалькі універсітэтаў рэспублікі абралі выдатнага вучонага ганаровым доктарам, а Політэхнічная акадэмія нават назвала яго імем лабараторыю высокіх напружанняў. Ж. Алфёраў – ганаровы грамадзянін Мінска і Віцебска.