Краткая справка:
польскамоўны пісьменнік, філосаф, перакладчык, які пакінуў шматжанравую багатую літаратурную спадчыну (большасць твораў захоўваецца за межамі Беларусі)
Имена на других языках:
Bykowski Ignacy (польский); Быковский Игнатий Якса (русский);
2977 символов
Справка
Пісьменнік, паэт, перакладчык, філосаф, мемуарыст, выдатны знаўца сусветнай гісторыі і культуры Ігнацій Быкоўскі пакінуў шматжанравую літаратурную спадчыну, якая ўключае не толькі ўласныя, але і перакладныя творы.
Нарадзіўся ён у в. Пяцеўшчына Мінскага павета (цяпер Мінскі раён) у сям’і падстолія браслаўскага Мацея і Багумілы Быкоўскіх. Меў пяцёра братоў і сястру. Вучыўся ў езуіцкай школе ў Мінску. З 1765 г. адукацыю працягваў у калегіуме піяраў у Віцебску, праз паўтара года пакінуў вучобу. Некаторы час І. Быкоўскі жыў у фальварку Зарванец (цяпер вёска ў Вінніцкай вобласці Украіны), які належаў яго старэйшаму брату Раману. Потым пераехаў у Варшаву і стаў удзельнікам Барскай канфедэрацыі. У 1772 г. уступіў у расійскае войска. У складзе Сеўскага пяхотнага палка першай арміі пад камандаваннем П. Румянцава прымаў удзел у Руска-турэцкай вайне 1768–1774 гг. Удзельнічаў у ваенных паходах пад кіраўніцтвам А. Суворава, Ю. Далгарукава, у баях пад Варнай (Балгарыя), штурмах гарадоў Карасу (цяпер Меджыдзія, Румынія), Базарджык (цяпер Добрыч, Балгарыя), Казлуджа (цяпер Суворава, Балгарыя) і інш. Даслужыўся да звання паручніка. У час баявых дзеянняў 1774 г. загінуў малодшы брат І. Быкоўскага Станіслаў, а ён сам цяжка захварэў і быў адпраўлены на лячэнне. Пасля выздараўлення адмовіўся ад ваеннай кар’еры і ў 1775 г. вярнуўся ў Польшчу. Пасля 1778 г. жыў у вёсках Воўчын (цяпер Камянецкі раён), Хільчыцы (цяпер Жыткавіцкі раён), у Мінску. У 1789 г. ажаніўся з Антанінай Тарлецкай, з якой меў дваіх дзяцей: сына Яна і дачку Багумілу (паводле ўласных успамінаў 1806 г.).
З канца 1770-х гг. займаўся літаратурнай творчасцю, перакладаў на польскую мову творы расійскіх, французскіх і англійскіх пісьменнікаў. У 1787–1788 гг. быў надрукаваны цыкл вершаў І. Быкоўскага “Вясковыя вечары” (ч. 1–2). Ён з’яўляецца аўтарам паэм “Вясковыя ночы” (1788), “Касцёл славы” (1799), аповесці “Клаўдзіна” (1799), шэрага драматургічных твораў, успамінаў “Жыццё Ігнація Быкоўскага…” (1806), і інш.
Ігнацій Быкоўскі вядомы і як перакладчык на польскую мову трагедыі “Мсціслаў” А. Сумарокава, паэмы “Локан Белінды, захаваны і выкрадзены” А. Поўпа, п’есы “Наніна, або пераможаная прадузятасць” Вальтэра, рамана “Велізарый” Ж.-Ф. Мармантэля. Дзякуючы намаганням І. Быхоўскага былі надрукаваны пераклады кніг: “Эма і Лемазаў” А. Канстана д’Арвіля (Гродна, 1787), “Батмендзі, або карціна чалавечай мітусні” Ж-П. Клары дэ Фларыяна (Мінск, 1790) і інш. На жаль, многія ўласныя творы пісьменніка так і засталіся ў рукапісах.
Самастойны характар маюць філасофска-псіхалагічныя разважанні І. Быкоўскага, змешчаныя ў трактаце “Праблема, прапанаваная для вырашэння: чым бывае больш усхваляваная душа, радасцю ці сумам?” (Мінск, 1790), зборніку “Вясковыя развагі” (“Сялянскі роздум”) (Вільня, 1799). У іх у духу французскага Асветніцтва ўзняты этычныя і эстэтычныя пытанні, а таксама асобныя палажэнні, сугучныя з ідэямі французскіх матэрыялістаў (асабліва К.А. Гельвецыя).