Краткая справка:
краязнавец і грамадскі дзеяч, магілёўскі губернатар (1872–1893), пад кіраўніцтвам якога губерня дасягнула росквіту і стала адной з прагрэсіўных у Расійскай Імперыі
Имена на других языках:
Дембовецкий Александр Станиславович (русский); Домбовецкий Александр Станиславович (русский);
4360 символов
Справка
Адным з самых вядомых губернатараў Прыдняпроўскага краю, пры якім Магілёўская губерня дасягнула найбольшага росквіту, быў Аляксандр Станіслававіч Дамбавецкі. Пра месца яго нараджэння, сям’ю, дзіцячыя і юнацкія гады звестак не захавалася. Нават у афіцыйным дакуменце “Формулярный список о службе”, які складаўся на кожнага дзяржаўнага чыноўніка, не названы бацькі, а толькі адзначана, што А. С. Дамбавецкі паходзіў “из дворян” і “исповедания православного”. Магчыма, згодна з традыцыямі тагачаснага выхавання будучы магілёўскі губернатар атрымаў добрую хатнюю адукацыю, потым вучыўся ў мужчынскай гімназіі, якая з 1804 г. стала асноўным тыпам сярэдняй агульнаадукацыйнай школы ў Расійскай Імперыі. Толькі пасля яе заканчэння дазвалялася паступаць ва ўніверсітэт. Вядома, што А. С. Дамбавецкі ў 1859 г. скончыў Кіеўскі імператарскі ўніверсітэт Святога Уладзіміра і 1 чэрвеня 1860 г. быў залічаны на службу ў Гаспадарчы дэпартамент Міністэрства ўнутраных спраў. 7 сакавіка 1862 г. ён пераведзены ў канцылярыю Рыжскага ваеннага Ліфляндскага, Эстляндскага і Курляндскага генерал-губернатара, дзе атрымаў пасаду сакратара гаспадарчага аддзела. Займаўся пенсіямі, падаткамі, адначасова некалькі месяцаў кіраваў паліцэйскім аддзяленнем канцылярыі. У маі 1863 г. стаў тытулярным саветнікам, у чэрвені таго ж года атрымаў чын калежскага асэсара, праз два гады быў узведзены ў надворныя саветнікі, потым прызначаны чыноўнікам па асобых даручэннях. Дзякуючы службе ў Рызе набыў вопыт адміністрацыйнай работы, і з верасня 1866 г. А. С. Дамбавецкага перавялі ў Санкт-Пецярбург ва ўласную канцылярыю Яго Імператарскай Вялікасці, дзе ён быў стацкім саветнікам і ў сакавіку 1870 г. атрымаў прыдворнае званне камергера. Аўтарытэт у Міністэрстве ўнутраных спраў, трывалае матэрыяльнае становішча, а таксама шлюб з генеральскай дачкой М. А. Грын спрыялі далейшаму кар’ернаму росту. У сакавіку 1872 г. ён быў абраны ганаровым міравым суддзёй Лідскага павета Віленскай губерні. Разам з пасадай А. С. Дамбавецкаму дастаўся маёнтак Бердаўка (каля Ліды), які на доўгія гады стаў месцам адпачынку яго сям’і. Да нашых дзён там захавалася двухпавярховая сядзіба з вялікім паркам рэдкіх дрэў.
У 1872 г. А. С. Дамбавецкага прызначылі губернатарам Магілёўскай губерні. Вопытны адміністратар, ён усю сваю дзейнасць накіраваў на канкрэтныя гаспадарчыя мерапрыемствы, пашырэнне тэрыторыі Магілёўшчыны, распаўсюджванне адукацыі і культуры сярод насельніцтва, шмат часу ўдзяляў пытанням аховы здароўя. Пры А. С. Дамбавецкім у Магілёве былі ўзведзены будынкі гарадскога тэатра, жаночай гімназіі, рэальнага і епархіяльнага вучылішчаў, адкрыта фельчарская школа. Вялікая ўвага надавалася добраўпарадкаванню горада. Губернатар унёс у жыццё Магілёва такія на той час новаўвядзенні, як водаправоднае забеспячэнне цэнтральных вуліц і тэлефанізацыю каля 70 гарадскіх устаноў. Ён з’яўляўся ініцыятарам стварэння губернскага гістарычна-этнаграфічнага музея (1879, зараз Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава). Пад кіраўніцтвам і рэдакцыяй А. С. Дамбавецкага была выпушчана калектыўная праца “Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях” (3 кн., 1882–1884), дзе змешчаны матэрыялы па археалогіі, ёсць звесткі пра побыт, абрады, народную творчасць, помнікі старажытнасці. Ён садзейнічаў Е. Р. Раманаву ў падрыхтоўцы “Археологической карты Могилевской губернии”, спрыяў выданню “Дневника курганных раскопок…” М. В. Фурсава, С. Ю. Чалоўскага (1892). Губернатар Магілёўшчыны прымаў удзел у рабоце 9-га Археалагічнага з’езда (працаваў у Вільні з 31ліпеня па 14 жніўня 1893 г.), дапамагаў вучоным-археолагам і краязнаўцам праводзіць даследаванні помнікаў Падняпроўя, арыентаваў іх на збор матэрыялаў для фонду губернскага гістарычна-этнаграфічнага музея, фінансаваў экспедыцыі, арганізоўваў выстаўкі археалагічных знаходак у Магілёве і Вільні.
Стыль і метады кіраўніцтва, выпрацаваныя А. С. Дамбавецкім, вельмі хутка паўплывалі на становішча губерні, і да канца 1880-х – пачатку 1890-х гг. яна значна змянілася і стала адной з квітнеючых і прагрэсіўных у дзяржаве. У 1893 г. губернатар пакінуў Магілёў: ён быў абраны ў Сенат Расійскай Імперыі. У 1894 г. атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Магілёва.