Имена на других языках:
Кунцевич Иван Гаврилович (русский);
3491 символ
Справка
Адной з самых вядомых і супярэчлівых асоб у канфесійнай гісторыі Беларусі XVII ст., наконт якой існуюць дыяметральна процілеглыя меркаванні ў католікаў і праваслаўных, быў уніяцкі царкоўны дзеяч Іасафат Кунцэвіч.
Нарадзіўся ён у г. Уладзімір-Валынскі (зараз Украіна) у сям’і гандляра. Пасля заканчэння пачатковай школы Іван (такое імя атрымаў пры нараджэнні) каля 1596 г. быў адпраўлены ў Вільню вучыцца купецкай справе. Зблізіўся з езуітамі, прафесарамі Віленскай акадэміі В. Фабрыцыусам і Я. Гружэўскім, а таксама з грэкам
П. Аркудзіем. Пад іх уплывам стаў прыхільнікам Брэсцкай уніі 1596 г. У 1604 г. ён пад імем Іасафат стаў манахам Віленскага Троіцкага манастыра. Вывучаў багаслоўе ў семінарыі пры манастыры, займаўся перапісваннем кніг, удзельнічаў у царкоўных спевах, шмат чытаў і маліўся. Вызначаўся аскетызмам і глыбокай рэлігійнасцю, быў духоўным настаўнікам інакаў.
У 1609 г. І. Кунцэвіч быў пасвячоны ў сан святара. З’яўляўся ігуменам Быценскага і Жыровіцкага манастыроў (1613–1614), архімандрытам Віленскага Троіцкага манастыра (1614–1617). У гэты перыяд заснаваў навіцыят пры Быценскім манастыры, адбудаваў зруйнаваную царкву і манастыр у Жыровічах, разам з мітрапалітам І. Руцкім удзельнічаў у стварэнні ордэна базыльян. У 1617–1618 гг. І. Кунцэвіч быў каад’ютарам (намеснікам) архіепіскапа полацкага Г. Бральніцкага, пасля яго смерці стаў архіепіскапам полацкім (1618–1623). Увёў у практыку штогадовыя епархіяльныя саборы, частыя візітацыі парафій, рэгулярныя споведзі духавенства і веруючых, садзейнічаў далучэнню некаторых манастыроў епархіі да ордэна базыльян, вяртанню царкоўнай маёмасці, адбудоўванню Сафійскага сабора ў Полацку. Архіепіскап полацкі з’яўляўся актыўным распаўсюджвальнікам Брэсцкай уніі 1596 г., прыхільнікам жорсткіх метадаў пашырэння ўніяцтва: закрываў праваслаўныя храмы, замяняў іх святароў на ўніятаў, не дазваляў набажэнствы і інш. Непамяркоўнасць І. Кунцэвіча выклікала пратэст праваслаўных веруючых, у выніку чаго 12 лістапада 1623 г. у час Віцебскага паўстання архіепіскап быў забіты гараджанамі. За забойства архіепіскапа 19 чалавек прыгаворана каралеўскай камісіяй на чале з канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Л. Сапегам да пакарання смерцю. Віцебск быў пазбаўлены ўсіх правоў самакіравання, ратуша разбурана, з цэркваў зняты званы. Першапачаткова астанкі І. Кунцэвіча па завяшчанні пахавалі ў Сафійскім саборы ў Полацку. У далейшым іх яшчэ некалькі разоў перамяшчалі, пасля чаго ў 1949 г. перапахавалі ў саборы Святога Пятра ў Рыме.
Паступова ў XVII–XVIII стст. на беларускіх землях пачаў фарміравацца культ І. Кунцэвіча. У 1643 г. Папа Рымскі Урбан VIII абвясціў яго блажэнным пакутнікам каталіцкай царквы, у 1720 г. на Замойскім саборы ўніяцкай царквы было зацверджана свята ў гонар блажэннага. Да яго труны з мошчамі арганізоўваліся паломніцтвы. Пра архіепіскапа распаўсюджваліся жыццяпісы, мастакі стваралі абразы. У 1867 г. Папа Рымскі Пій ІХ прылічыў І. Кунцэвіча да святых і абвясціў яго апекуном Русі і Польшчы. Памяць святога ў Рымска-каталіцкай царкве адзначаецца 12 лістапада.
Іасафат Кунцэвіч пакінуў пасля сябе значную літаратурную спадчыну. Ён аўтар палемічных твораў на старабеларускай і польскай мовах у абарону уніі. Сярод іх – «Аб фальшаванні славянскіх кніг», «Правілы для прэсвітэраў», «Катэхізіс», шэраг лістоў, два рукапісныя тамы «Казанняў» на розныя тэмы. Таксама вядомы адзіны яго музычны твор «Херувік Балгарскі нябожчыка архіепіскапа Полацкага Іасафата Кунцэвіча».