Хто б ні звяртаўся да вывучэння гісторыі Крымскага паўвострава – Таўрыі – першыя азнаямляльныя крокі заўсёды пачынае з бібліяграфічнага паказальніка літаратуры “Таўрыка”. Аўтар-складальнік яго, як і аўтар яшчэ 250 прац пра Крым, – наш зямляк Арсен Іванавіч Маркевіч.
Нарадзіўся будучы вучоны 12 красавіка 1855 г. у Брэсце ў сям’і святара, дзе вельмі шанавалі адукаванасць і кнігі. Яшчэ ў дзяцінстве яго захапляла сівая даўніна родных ваколіц Брэсцкага і Бельскага паветаў, з якой ён знаёміўся падчас розных вандровак з бацькамі. Арсен скончыў павятовае вучылішча, прагімназію, славяна-рускае аддзяленне гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта (1876). З павагай успамінаў ён сваіх выкладчыкаў, сярод якіх І. У. Цвятаеў (першы дырэктар сучаснага Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна), Д. Я. Самаквасаў (заснавальнік археалагічнага музея пры Варшаўскім універсітэце), Ф. І. Іезбэра (заснавальнік рускага этнаграфічнага музея Варшаўскага ўніверсітэта), якія прывілі і замацавалі ў яго цікаўнасць да помнікаў старажытнасці. Яшчэ студэнтам А. І. Маркевіч падрыхтаваў першую ў славяназнаўчай літаратуры манаграфію “Юрый Крыжаніч і яго літаратурная дзейнасць” (1876).
Пасля заканчэння вучобы малады вучоны выкладаў рускую мову і літаратуру ў гімназіях г. Холм (цяпер Хэлм, Польшча) і г. Шаўлі (цяпер Шаўляй, Літва), актыўна займаўся самаадукацыяй. У 1881 г. у Варшаве асобным выданнем пабачыла свет яго брашура “Афанасій Філіповіч ігумен Брэсцкі”. З 1893 г. вучоны перабраўся у г. Сімферопаль (Украіна), працаваў настаўнікам у мужчынскай і жаночай гімназіях горада. Крым захапіў Арсена Іванавіча сваёй прыродай і кліматам, а таксама, ў большай ступені, сваёй гісторыяй і старажытнасцямі. Гэтаму паспрыяў таксама і адзін з самых адукаванейшых людзей старога Сімферопаля – гімназічны ўрач М. У. Пляшкоў.
Арсен Іванавіч стаў старанна вывучаць помнікі старажытнасці і літаратуру аб Крыме. Ён быў сярод ініцыятараў адкрыцця ў Сімферопалі археалагічнага гуртка, пры якім пачаў дзейнічаць музей археалагічных знаходак. Летам 1884 г. вучоны ажыццявіў падарожжа ў Канстанцінопаль, Грэцыю, Егіпет, Палесціну і Малую Азію – землі, непасрэдна звязаныя з гісторыяй Крыма. Яго даследаванні не засталася без увагі і ў снежні 1885 г. ён быў узнагароджаны ордэнам святога Станіслава ІІІ ступені “За выдатную і старанную службу і асобыя працы”. У гэтым жа годзе ў “Таўрыдскіх губернскіх ведамасцях” з’явілася і першая яго буйная друкаваная праца “Святыя Кірыл і Мяфодзій, іх жыццё, дзейнасць і заслугі”.
У 1887 г. А. І. Маркевіч прымаў удзел у стварэнні Таўрыдскай вучонай архіўнай камісіі, у якой прайшоў шлях ад аднаго з заснавальнікаў да старшыні гэтага аўтарытэтнага таварыства (1908). У “Ведамасцях Таўрыдскай вучонай камісіі” вучоны публікаваў шматлікія дакументы, якія выяўляў у мясцовых архівах. З 57 кніг “Ведамасцей” 50 пабачылі свет пад рэдакцыяй вучонага. Старанна вывучаў А. І. Маркевіч і крымазнаўчую бібліяграфію. У 1894–1902 гг. выйшлі з друку тры выпускі найбольш вядомай з прац вучонага – універсальнага паказальніка друкаваных матэрыялаў пра Крым “Taurica. Вопыт паказальніка сачыненняў, што датычацца Крыма і Таўрыдскай губерні ўвогуле”, які да сённяшняга дня застаецца адзіным універсальным бібліяграфічным дапаможнікам па крымазнаўчай літаратуры. Сучаснікі адзначалі, што па паўнаце і сістэматызацыі звестак такога паказальніка ў Крыме яшчэ не было. Стварэнне такой вялікай працы назвалі навуковым подзвігам Арсена Іванавіча.
Шмат намаганняў прыклаў Арсен Іванавіч для стварэння на паўвостраве першай вышэйшай навучальнай установы – Таўрыдскага ўніверсітэта (зараз Таўрыдскі нацыянальны ўніверсітэт імя У. І. Вярнадскага). Пасля яго адкрыцця (1918) працаваў дацэнтам, прафесарам кафедры гісторыі Крыма, чытаў курс лекцый па гісторыі Таўрыды, ахвяраваў універсітэту сваю бібліятэку. Акрамя таго, вучоны быў супрацоўнікам Крымскага цэнтральнага архіва, старшынёй Таўрыдскага таварыства гісторыі, археалогіі і этнаграфіі (1923). У 1927 г. навуковыя, краязнаўчыя і многія іншыя заслугі Арсена Іванавіча былі адзначаны выбраннем вучонага членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР, хаця ў яго не было нават вучонай ступені. Выпадак беспрэцэдэнтны! Такому рашэнню мог паспрыяць толькі высокі аўтарытэт даследчыка.
А. І. Маркевіч быў яшчэ і даволі паспяховым літаратуразнаўцам. Выдаў зборнік вершаў “Крым у рускай паэзіі”. Вельмі цікавымі былі і яго артыкулы біяграфічнага характару “З дзіцячых успамінаў”, “Вясковыя ўражанні”, “Два словы пра кінематограф”. Сярод іншых яго публікацый: “Да гісторыі ханскага Бахчысарайскага палаца”, “Таўрыдская губерня ў час Крымскай вайны. Па архіўных матэрыялах” (1905), “Тапаніміка Крыма”, “Сімферопаль, яго гістарычныя лёсы, даўніна і нядаўняе мінулае” (абедзьве 1924) i iнш. Яго дзейнасць, а таксама шматлікія артыкулы, брашуры і кнігі ўражваюць сваёй грунтоўнасцю. Маштабы здзейсненага вучоным відавочныя, яго навуковы ўклад і кіпучая арганізатарская праца па вывучэнні Крыма дазволілі яму заняць пачэснае месца сярод даследчыкаў Крыма.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.