Дата рождения:
06.06.1950 Кляны, в., Дубровенскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
27.02.2023 Мінск, г.
Краткая справка:
драматург, сцэнарыст, тэатральны дзеяч, акцёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1991), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1982), прэміі Ленінскага камсамола (1984), Дзяржаўнай прэміі СССР (1985), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2001), прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2002), Нацыянальнай тэатральнай прэміі (2016)
Имена на других языках:
Дударев Алексей Ануфриевич (русский); Дударев Алексей Онуфриевич (русский);
5447 символов
Справка
Сучасную драматургію немагчыма ўявіць без творчасці аднаго з самых папулярных пісьменнікаў апошняй чвэрці ХХ – першага дзесяцігоддзя ХХІ ст. Аляксея Ануфрыевіча Дударава.
Нарадзіўся будучы драматург у вёсцы Кляны Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і калгаснікаў. Вучыўся ў Наваполацкім ГПТВ-28 нафтавікоў, некаторы час працаваў на заводзе. У 1972 г. Аляксей Дудараў стаў студэнтам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, які скончыў у 1976 г. па спецыяльнасці “акцёр тэатра і кіно”. У тым жа годзе быў запрошаны ў Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, з 1978 да 1983 г. загадваў літаратурнай часткай тэатра. З 1991 да 2002 г. быў галоўным рэдактарам часопіса “Мастацтва”, у 2001 г. стаў мастацкім кіраўніком тэатра-студыі “Вольная сцэна” пры Саюзе тэатральных дзеячаў Беларусі, з 2003 г. – мастацкі кіраўнік Драматычнага тэатра Беларускай арміі. Шмат гадоў узначальвае Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі (з 1992 г.).
Займацца літаратурнай дзейнасцю А. Дудараў пачаў яшчэ працуючы ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача. Пісаў апавяданні, п’есы, казкі, якія ў 1979 г. склалі кнігу прозы пачынаючага пісьменніка “Святая птушка”, якая ў тым жа годзе выйшла ў Маскве на рускай мове і набыла вядомасць. У творах пісьменнік узняў маральна-этычныя і духоўныя праблемы сваіх сучаснікаў, вясковых жыхароў, узнавіў знаёмыя, перажытыя рэаліі. Тагачасная крытыка параўноўвала дудараўскіх персанажаў-дзівакоў з “чудзікамі” В. Шукшына.
Пачатак драматургічнай дзейнасці А. Дударава паклала п’еса “Выбар” (1979), у якой драматург выступіў супраць спрошчанага разумення гераізму. За гэту п’есу і зборнік “Святая птушка” А. Дудараў быў узнагароджаны ў 1982 г. прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. У творчасці драматурга знайшлі адлюстраванне самыя розныя тэмы. Аднолькава дакладна піша ён пра сучаснасць, чалавека на вайне, на гістарычныя тэмы. Яго творы адрозніваюцца жанравай разнастайнасцю і арыгінальнай пабудовай сюжэта. А. Дудараў – майстар так званых простых гісторый, ад якіх перахоплівае дыханне. У п’есах “Парог” (1981), “Вечар” (1983), “Злом” (1989) ён даследуе мараль і этыку чалавека, разважае аб праблемах алкагалізму, духоўнай спустошанасці, лёсах жыхароў неперспектыўных вёсак, лёсах тых, каго жыццё кінула на самае “дно”. Чарнобыльскай трагедыі прысвечана п’еса “Адцуранне” (1994). Парадоксы нашага часу знайшлі адлюстраванне ў яго камедыі “Прынц Мамабук” (1999).
Значнае месца ў творчасці драматурга займае тэма Вялікай Айчыннай вайны. Пачатак ёй паклала п’еса “Узлёт” (першапачатковая назва “Апошні ўзлёт”, 1980), але сапраўднай падзеяй у тэатральным жыцці другой паловы 1980-х гг. стала п’еса “Радавыя”, у якой пісьменнік узняў пытанне аб тым, чым была вайна для кожнага яе радавога ўдзельніка. Твор быў адзначаны прэміяй Усесаюзнага Ленінскага камсамола (1984) і Дзяржаўнай прэміяй СССР (1985). Новы віток зацікаўленасці Вялікай Айчыннай вайной адбыўся ў драматурга ў пачатку ХХІ ст. Да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ён напісаў п’есу “Ты памятаеш, Алёша…”, прысвечаную абароне Магілёва ў першыя дні вайны, якая, на думку аўтара, стала першай перамогай Савецкай арміі – на 23 дні дазволіла спыніць наступленне ворага. З гэтага спектакля, уласна кажучы, і пачаўся Драматычны тэатр Беларускай арміі. За створаны па п’есе сцэнарый фільма “Дняпроўскі рубеж” (2009) драматург быў удастоены першай прэміі за лепшы сцэнарый мастацкага фільма на конкурсе, які аб’явіла кінастудыя “Беларусьфільм”. Заметны ўклад у распрацоўку ваеннай тэматыкі зрабіла і п’еса А. Дударава “Не пакідай мяне…” (2005). Напісаны драматургам і кінасцэнарый пра гераічную абарону Брэсцкай крэпасці.
На працягу ўсёй творчасці А. Дудараў праяўляў цікавасць да гістарычнага мінулага радзімы. У п’есах “Князь Вітаўт” (1997), “Чорная панна Нясвіжа” (1998), “Палачанка” (або “Рагнеда і Уладзімір”), “Крыж” (абедзве 2000), “Усяслаў Чарадзей” (2001) ён выступае, у першую чаргу, як драматург, які ў межах гістарычнага кантэксту выпрабоўвае свае творчыя магчымасці – пошук яркіх характараў, паказ моцных пачуццяў, стварэнне эфектнага тэатральнага відовішча. За напісанне гістарычных п’ес, пастаўленых Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Я. Купалы, А. Дудараву была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2001). Гістарычныя п’есы з’яўляюцца вяршыняй творчасці драматурга.
Акрамя арыгінальнай драматургіі А. Дудараў стварае п’есы па творах іншых аўтараў. Сярод іх – “Як гартавалася сталь” паводле рамана М. Астроўскага, “Апошні журавель” паводле аповесці А. Жука “Паляванне на апошняга жураўля”, “Вераб’іная ноч” па матывах пралога “Паром на бурнай рацэ” рамана У. Караткевіча “Нельга забыць” і інш.
Па сцэнарыях А. Дударава пастаўлены мастацкія фільмы “Купальская ноч”, “Восеньскія сны”, “Суседзі”, “Белыя Росы”; кароткаметражныя фільмы “Кола”, “Дэбют” і інш. За сцэнарый фільма “Белыя Росы”, а таксама за п’есы “Парог”, “Вечар”, “Радавыя”, “У прыцемках”, “Чорная панна Нясвіжа” пісьменнік атрымаў прэмію Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі ў галіне літаратуры і мастацтва (2002). А. Дудараў з’яўляецца заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі (1991). Ён “жывы класік” сучаснасці. Імя драматурга сёння на афішах усіх тэатраў рэспублікі. Яго п’есы ставяцца на сцэнах многіх тэатраў далёкага і блізкага замежжа. Усё, што напісана, пастаўлена і экранізавана А. Дударавым, складае вялікую і значную з’яву беларускага мастацтва.