Барыс Забораў – сусветна вядомы беларускі мастак, які пачаў свой творчы шлях на радзіме, а працягнуў яго і дасягнуў вяршыні свайго творчага росквіту ў Парыжы, горадзе, які не адно стагоддзе вабіць творцаў з усяго свету, але дае магчымасць цалкам раскрыць свой талент толькі самым лепшым.
Нарадзіўся будучы мастак у Мінску. Пытанне аб выбары жыццёвага і прафесійнага шляху перад Б. Заборавым ніколі не стаяла: з дзяцінства ён знаходзіўся ў атмасферы майстэрні свайго бацькі – знакамітага мастака Абрама Заборава, а лепшыя ўспаміны звязаны з пахамі алейнай фарбы і палатна, якія заўжды хвалявалі творчую натуру хлопчыка. Дзяцінства скончылася хутка: Барысу было 6 гадоў, калі пачалася вайна. Пасля вяртання сям'і ў Мінск, юнак скончыў 8-ы клас сярэдняй школы, а у 1954 г. – Мінскае мастацкае вучылішча. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў (Санкт-Пецярбург), што прыносіла яму вялікае задавальненне, потым перавёўся ў Маскоўскі мастацкі інстытут імя В. Сурыкава, які скончыў у 1961 г. Нягледзячы на тое, што Барыс Забораў – мастак з шырокім спектрам творчасці (жывапіс, графіка, скульптура, тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва), пасля заканчэння інстытута ён працаваў пераважна ў жанры кніжнай ілюстрацыі, за што і атрымаў шэраг узнагарод на міжнародных конкурсах. Працуючы ў гэтым жанры, мастак звяртаўся да сусветнай літаратурнай спадчыны: твораў У. Шэкспіра, Ф. Дастаеўскага, О. Уальда, А. Пушкіна, Р. Барадуліна.
Кніжная графіка прынесла знакамітасць і матэрыяльную забяспечанасць, але не магла даць сапраўднага творчага задавальнення і магчымасці рэалізаваць сябе. Гэта і стала прычынай ад'езду ў Францыю, дзе ўжо немалады мастак (45 гадоў) пачаў сваё жыццё нанова, нібыта з чыстага ліста. Французскія карціны Б. Заборава нагадваюць старыя фотаздымкі, персанажы якіх – дзеці, падлеткі, сямейныя групы, адзінокія пажылыя – звычайныя, часам нават непрыгожыя людзі. Яго карціны намаляваны акрылікам, пастэллю ці алоўкам, напоўнены ціхім смуткам, нечаканай чароўнай магіяй настальгічных вобразаў з мінулага. Няяркія колеры вохры, сепіі, адценні шэрага і рудога, прыглушаныя, пастэльныя тоны ствараюць эфект няспешнасці часу, запыленай, затуманенай цягучасці прастораў: «Сямейны партрэт з сабакам», «Жанчына з дзіцём», «Юнак з капелюшом у руцэ», «Дзяўчына з кветкамі ў валасах», «Мужчына з вазонам», «Аголеная дзяўчына і старая кабета» і інш.
Нягледзячы на тое, што Б. Загораў ствараў свае лепшыя творы, знаходзячыся далёка ад Беларусі, усё яго мастацтва афарбавана жыццём на гэтай зямлі. Вобраз бацькаўшчыны адлюстроўваецца ў карцінах майстра на прыкладзе беларускай хаты, лядашчых гаспадарчых пабудоў, дзе можна ўбачыць і людскі быт, і беларускую прыроду: «Гумно», «Вялікі пейзаж», «Вясковая хата», «Пейзаж з лодкай».
Творчасць мастака авеяна настальгіяй не толькі па атмасферы, часе і людзях, якія адышлі ў мінулае, але і настальгіяй па кнігах. Па меркаванні Б. Заборава, кніга, якая з'яўляецца найвялікшым культурным здабыткам і невычарпальнай крыніцай інфармацыі, знаходзіцца пад пагрозай. З гэтай нагоды ў 2002 г. у парыжскай галерэі была адкрыта выстава мастака «Кніга», дзе ў якасці скульптурных аб'ектаў былі прадстаўлены бронзавыя кнігі і альбомы з абтрапанымі і спарахнелымі карашкамі, амаль страчанымі, зацёртымі назвамі і малюнкамі, без выхадных даных. У 2007 г. Б. Забораў выканаў помнік кнізе, які ўсталяваны ў г. Хайфа (Ізраіль).
Барыс Забораў – прызнаны майстар, таленавіты і плённы мастак, творчасць якога ведаюць ва ўсім свеце. Яго работы экспануюцца ў лепшых музеях свету: у Нацыянальным дзяржаўным мастацкім музеі (Мінск, Беларусь), Дзяржаўным музеі выяўленчага мастацтва імя А. С. Пушкіна (Масква, Расія), музеі “Альберціна” (Вена, Аўстрыя), гарадскім музеі Дармштата (Германія), карціннай галерэі “Уфіцы” (Фларэнцыя, Італія), прыватных зборах.
Персанальныя выставы мастака праходзілі ў галерэі Клода Бернара (Парыж, Францыя), галерэі “Арт-поінт” (Токіо, Японія), галерэі “К” (Амстэрдам, Нідэрланды), Дзяржаўным музеі выяўленчага мастацтва імя А. С. Пушкіна (Масква, Расія), Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (Масква), Рускім музеі (Санкт-Пецярбург, Расія).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.