Дата рождения:
20.09.1935 Мядзведнае, в., Ельскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
13.07.1982 Мядзведнае, в., Ельскі раён, Гомельская вобласць
Краткая справка:
самадзейны жывапісец, заслужаны работнік культуры Беларусі
Варианты имени:
Засінец Міхаіл Мікалаевіч; Засінец Міхась
Имена на других языках:
Засинец Михаил Николаевич (русский);
3725 символов
Справка
Міхась Мікалаевіч Засінец з’яўляецца адным з самых яркіх прадстаўнікоў наіўнага мастацтва. Яго імя добра вядома знаўцам беларускай культуры.
Нарадзіўся М. Засінец у в. Мядзведнае Ельскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння Рудакоўскага вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі працаваў камбайнерам, механізатарам саўгаса «Скараднянскі». У маладым узросце атрымаў цяжкую траўму пазваночніка і да канца жыцця быў прыкаваны да ложка. Пазбаўлены магчымасці рухацца, М. Засінец пачаў займацца творчасцю. Спачатку прымаў удзел у мастацкім афармленні сельскага клуба, потым спрабаваў свае сілы ў жывапісе, маляваў насценныя дываны. Значную падтрымку яму аказвалі метадысты і кансультанты з абласнога Дома народнай творчасці, якія дапамагалі набываць фарбы і пэндзлі, кардон і палатно, падказвалі ідэі. Каб атрымаць спецыяльныя веды, Міхась Мікалаевіч на працягу пяці гадоў вучыўся ў Маскоўскім завочным народным універсітэце мастацтваў. У 1973 г. работы М. Засінца былі ўпершыню прадстаўлены на рэспубліканскай выстаўцы самадзейнага мастацтва ў Мінску. У 1974 г. яго карціны экспанаваліся ў Маскве на Усесаюзнай выстаўцы твораў самадзейных мастакоў «Слава працы», за удзел у якой ён атрымаў Ганаровую грамату і дыплом першай ступені.
Пасля першага прызнання творы жывапісца былі паказаны на перасоўнай выстаўцы, якая праходзіла не толькі ў гарадах і розных рэгіёнах Савецкага Саюза, але і ў шэрагу замежных краін. У 1977 г. карціны М. Засінца экспанаваліся на Усесаюзнай выстаўцы «Самадзейныя мастакі – Радзіме». Па яе выніках Міхась Мікалаевіч атрымаў званне лаўрэата Першага Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных і быў узнагароджаны залатым медалём. У гэтым жа годзе ён стаў заслужаным работнікам культуры БССР. Карціны мастака расказваюць пра жыццё і працу аднавяскоўцаў, прыгажосць родных краявідаў. Кампазіцыі вельмі простыя, прывабліваюць сваёй шчырасцю («На начлег» (1971), «Паводка», «Хлеб», «Пах спелага жыта» (усе 1972), «Бярозавы сок» (1974)). Значная частка работ прысвечана вайне і пасляваеннаму часу («Маці. 1941–1945 гады» (1971), «Была вайна» і «Партызан» (1972), «Салдат вярнуўся з фронту» (1973)).
Персанальная выстаўка твораў М. Засінца адбылася ў пачатку 1978 г. у Гомелі ў выставачнай зале абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР. Экспанавалася больш за 60 работ, сярод якіх «Хлеб» і «Пах спелага жыта» (1972), «Прыйшла вясна», «Па шляху з бацькам і дзедам», «Лістапад» (усе 1973), «Поўдзень», «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва» («Пераможцу ў спаборніцтве»), «Апошнія навіны», «Зіма», «Зацвіла чаромха» (усе 1974), «Бабульчыны казкі», «Перадавыя жывёлаводы», «Каліна чырвоная» «Блакітная раніца» (усе 1975), «Вяселле», «А жыццё працягваецца», «Буслы» (усе 1976), «Крынічка» (1977) і інш. Наведвальнікі маглі атрымаць поўнае ўяўленне аб аптымістычнай і шматграннай творчасці самадзейнага мастака. У карцінах М. Засінца прадэманстравана яркая самабытнасць, таленавітасць чалавека, які без акадэмічных ведаў і прафесійнай падрыхтоўкі падняўся да высокага ўзроўню мастацкага ўвасаблення. За 10 гадоў плённай працы ён стварыў больш за 160 работ. Многія экспанаваліся на І, ІІ і IV нацыянальных выстаўках наіўнага мастацтва. Значная частка твораў цяпер захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі і Ельскім краязнаўчым музеі.
Акрамя заняткаў жывапісам, Міхась Мікалаевіч пісаў нататкі ў раённую і абласную газеты, быў пазаштатным карэспандэнтам «Сельскай газеты». За шматгадовую плённую работу ў друку, паліграфіі і ў сувязі з выхадам дзесяцітысячнага нумара «Сельскай газеты» ён узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Пра самадзейнага жывапісца на кінастудыі «Беларусьфільм» быў зняты дакументальны фільм «Мастак Міхась Засінец».