Дата рождения:
15.05.1845 Свольна, в., Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
07.07.1892 Расія
Краткая справка:
геолаг, географ, геамарфолаг, заолаг, даследчык Сібіры, удзельнік паўстання 1863–1864 гг.
Варианты имени:
Чэрскі Ян Дамінікавіч
Имена на других языках:
Czerski Jan (польский); Черский Иван Дементьевич (русский); Черский Ян Станислав Франц (русский);
4828 символов
Справка
Шмат яркіх старонак у гісторыю геаграфічных адкрыццяў, вывучэнне нетраў Зямлі, яе флоры і фаўны ўпісалі ўраджэнцы Беларусі, імёнамі якіх названы рэкі і мысы, астравы і астранамічныя аб’екты, горныя вяршыні і мінералы. Адным з іх з’яўляецца Iван Дзяменцьевіч Чэрскі – выдатны геолаг і палеантолаг, вядомы даследчык Сібіры.
Нарадзіўся ён у маёнтку Свольна Дрысенскага павета Віцебскай губерні (цяпер в. Свольня Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці) у сям’і заможнага шляхціца. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. З 1857 па 1860 г. вучыўся ў Віленскай гімназіі, потым стаў студэнтам Віленскага дваранскага інстытута. Валодаў французскай, англійскай, нямецкай, лацінскай і польскай мовамі, добра маляваў, займаўся музыкай. За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. быў выключаны з 4-га курса ўніверсітэта і высланы ў Сібір. Служыў радавым 1-га Заходне-Сібірскага лінейнага батальёна ў Омску. У вольны час І.Д. Чэрскі займаўся самаадукацыяй: вывучаў геалогію, анатомію, антрапалогію, заалогію. У 1869 г. у сувязі з пагаршэннем здароўя яго вызвалілі ад вайсковай службы і перавялі на вольнае пасяленне. Пад кіраўніцтвам вядомага географа Р.М. Патаніна праводзіў даследаванні ваколіц Омска, вывучаў мясцовую прыроду, склаў геалагічныя карты і профілі Іртыша, сабраў калекцыю ракавін прэснаводных малюскаў, на якую звярнуў увагу акадэмік А.Ф. Мідэндорф. У 1871 г. быў запрошаны Сібірскім аддзелам Рускага геаграфічнага таварыства ў Іркуцк, дзе працаваў пад кіраўніцтвам А.Л. Чаканоўскага. Праводзіў геалагічныя і палеанталагічныя даследаванні ў Саянах і Прыбайкаллі. З 1873 па 1875 г. І.Д. Чэрскі ўзначальваў навуковую экспедыцыю на тэрыторыі Іркуцкай губерні. У 1876 г. вывучаў ніжняе цячэнне р. Іркут, даследаваў Балаганаўскую пячору. Чатырохгадовая праца дазволіла даць поўную карціну геалогіі паўднёва-заходняй часткі рэгіёна. З 1877 па 1881 г. ён займаўся даследаваннем Байкала. У выніку была складзена падрабязная геалагічная карта берагоў і астравоў возера з апісаннем прыбярэжных раёнаў, карысных выкапняў, мінеральных крыніц, пячор, горных масіваў, якую ў 1880 г. прадставілі на Міжнародным геаграфічным кангрэсе ў Венецыі. У 1881–1882 гг. І.Д. Чэрскі даследаваў басейн рэк Ангары, Селенгі і Ніжняй Тунгускі, праводзіў метэаралагічныя назіранні ў сяле Прэабражэнскім. За гады працы ў Сібірскім аддзеле Рускага геаграфічнага таварыства (1871–1885) вучоны адкрыў шмат розных геаграфічных аб’ектаў, першым знайшоў і даследаваў палеалітычную стаянку ў Сібіры, сабраў і апісаў шэраг сучасных выкапнёвых жывёл. Ён выказаў ідэю эвалюцыйнага развіцця рэльефу, прапанаваў адну з першых тэктоніка-палеагеаграфічных схем унутраных раёнаў Сібіры, якую пазней выкарыстаў і паспяхова дапрацаваў аўстрыйскі геолаг Э. Зюс у працы «Лик Земли».
У 1885 г. І.Д. Чэрскі па запрашэнні Імператарскай Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук пераехаў у Санкт-Пецярбург. Па дарозе правёў шырокамаштабнае геолага-геаграфічнае абследаванне Сібірскага паштовага тракту ад Іркуцка да Урала. У Санкт-Пецярбургу працаваў у Заалагічным музеі акадэміі навук, з’яўляўся членам многіх навуковых таварыстваў. Ён дапоўніў новымі звесткамі пра геалогію Азіі фундаментальную працу прафесара Берлінскага ўніверсітэта К. Рытэра «Землеведение Азии». Найбольш важныя навуковыя работы І.Д. Чэрскага адносяцца менавіта да пецярбургскага перыяду. Сярод іх – «Отчет о геологическом исследовании береговой полосы озера Байкал» і «О результатах исследования озера Байкал» (1886), «Геологическое исследование Сибирского почтового тракта от оз. Байкал до восточного склона Урала, а также путей, ведущих к Падуанскому порогу на р. Ангара и в г. Минусинск» (1888), «Описание коллекций послетретичных млекопитающих, собранных Ново-Сибирской экспедицией 1885–86 гг.» (1891). За плённую навуковую дзейнасць вучоны быў узнагароджаны трыма залатымі медалямі Рускага геаграфічнага таварыства.
У 1891 г. І.Д. Чэрскага прызначылі кіраўніком экспедыцыі ў раён рэк Калымы, Індыгіркі і Яны. Перад ад’ездам летам 1890 г. наведаў Віцебшчыну, дзе не быў больш за чвэрць стагоддзя. У пачатку 1891 г. разам з сям’ёй выехаў у Якуцк, адкуль 14 чэрвеня пачалася яго апошняя экспедыцыя. Памёр І.Д. Чэрскі 7 ліпеня 1892 г. і быў пахаваны ў пасёлку Калымскім каля вусця р. Амалон. У 1943 г. там устанавілі помнік. Жонка вучонага давяла экспедыцыю да канца і даставіла сабраныя матэрыялы ў Іркуцк. Пазней сустрэлася ў Санкт-Пецярбургу з П. Сямёнавым-Цянь-Шанскім, якому перадала калекцыі мужа і яго запісы. Імем І.Д. Чэрскага названы горныя хрыбты, вяршыні, ледавікі, палеалітычная стаянка, вуліцы ў Маскве, Іркуцку, Пскове, Верхнядзвінску. У 2005 г. да 160-годдзя з дня нараджэння вучонага ў Беларусі былі ўстаноўлены дзве мемарыяльныя дошкі. Адна – у Верхнядзвінску на будынку Інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін; другая – на будынку чыгуначнай станцыі Свольна.