Да дзеячаў, якія пакінулі значны след у грамадскім і рэлігійным жыцці Беларусі ХІХ ст., належыць Плакід Янкоўскі – асоба, безумоўна, творчая, адораная і неардынарная.
Нарадзіўся ён у вёсцы Войскай Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і уніяцкага святара. Будучы пісьменнік і царкоўны дзеяч атрымаў грунтоўную адукацыю: вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, Брэсцкай школе базыльян (1818–1824), Галоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце (1826–1830), які скончыў на выдатна і атрымаў званне магістра багаслоўя. Вучоба ва універсітэце, які належаў да лепшых у Еўропе, прыносіла П. Янкоўскаму вялікае задавальненне. Апрача дысцыплін асноўнага курса юнак цікавіўся мовазнаўствам і літаратурай. У сценах універсітэта П. Янкоўскі завязаў сяброўства з многімі прадстаўнікамі адукаванага асяроддзя, з якімі ён падтрымліваў адносіны на працягу ўсяго далейшага жыцця, – І. Шыдлоўскім, А. Адынцом, К. і Я. Тышкевічамі, Т. Нарбутам і інш. Ёсць звесткі, што ў 1833 г. у Віленскай духоўнай акадэміі П. Янкоўскі абараніў ступень доктара багаслоўя.
Значная частка жыцця П. Янкоўскага звязана з Жыровічамі, куды, пасля заканчэння Віленскага універсітэта, ён трапіў на пасаду выкладчыка Літоўскай уніяцкай духоўнай семінарыі. У 1833 г. П. Янкоўскі атрымаў уніяцкі святарскі сан і быў прызначаны прыходскім святаром. У гэтым жа годзе ён стаў прафесарам семінарыі. Нягледзячы на знешне спакойную педагагічную і царкоўную дзейнасць, пачатак 1830-х гг. стаў пераломным і нялёгкім момантам у жыцці П. Янкоўскага, часам вострых душэўных змаганняў і пошукаў. Разам з іншымі дзеячамі уніяцкай царквы ён падтрымаў епіскапа Іосіфа Сямашку і выступіў актыўным прыхільнікам скасавання уніі. Паплечнікі епіскапа былі перш за ўсё беларусамі, якія ўсведамлялі праваслаўе не як нацыянальную прыналежнасць, а як веравызнанне, таму для П. Янкоўскага гэта быў яшчэ і час набліжэння да свайго народа і яго веры.
На гэты ж перыяд прыпалі і першыя спробы ў прозе і вершах, але сапраўднага літаратурнага росквіту пісьменнік дасягнуў у 40–50-я гг. ХІХ ст. Плакід Янкоўскі пісаў на польскай і рускай мовах, на беларускую мову яго творы перакладалі даволі мала. Ён шмат і плённа працаваў: стварыў такія кнігі прозы, як “Засценак” (1841), “Хвіля” (1842), “Апавяданні” (1843), “Універсітэцкія ўспаміны” (1849), “Адась” (1856), “Фанабэрыя пана старосты Канёўскага” (1873), камедыю “Прадчуванне” (1842). Акрамя таго, П. Янкоўскі супрацоўнічаў з часопісам “Литовские епархиальные ведомости” і газетай “Виленский вестник”, займаўся перакладамі твораў У. Шэкспіра, І. Гётэ, А. Манцоні, А. Пушкіна. У жанравым дачыненні творчасць пісьменніка даволі разнастайная – аповесці, апавяданні, вершы, нарысы, успаміны, нататкі, карэспандэнцыі для газет. Некаторыя апавяданні былі прысвечаны Гродну, Брэсту, Навагрудку, якія ён добра ведаў. Творы П. Янкоўскага прасякнуты спачуваннем простаму беларускаму селяніну, які быў надзвычай залежны ад волі памешчыка.
У штодзённым жыцці П. Янкоўскі імкнуўся да спакою ў асяроддзі родных і блізкіх. Ён шчыра любіў свой край, а ваколіцы Жыровічаў, якія даравалі цішыню і роздум, заўжды прыцягвалі пісьменніка. На жаль, у 1845 г. перанясенне Літоўскай кансісторыі і семінарыі вымусіла П. Янкоўскага перабрацца ў Вільню, дзе ён быў прызначаны настаяцелем саборнай царквы св. Мікалая. Але ўжо праз два гады па стане здароўя ён быў пераведзены ў мястэчка Бялавічы на Слонімшчыне, дзе атрымаў невялікі прыход. У 1858 г., пасля адыходу на адпачынак, П. Янкоўскі набыў у дарагіх яго сэрцу Жыровічах дом, дзе і правёў астатнія гады свайго жыцця.
Спадчына пісьменніка, якая з’яўляецца вынікам плённай працы, патрабуе грунтоўнага і аб’ектыўнага асэнсавання, каб заняць належнае месца ў беларускай царкоўнай і культурнай гісторыі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.