Краткая справка:
дырыжор, педагог, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, заслужаны настаўнік Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2003), уладальнік знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі" (2000)
Имена на других языках:
Иванов Леонид Леонидович (русский);
3452 символа
Справка
Прыкметны след у станаўленні народна-інструментальнага жанру другой паловы ХХ – пачатку XXI ст. пакінуў таленавіты музыкант, педагог-наватар, заснавальнік і нязменны кіраўнік, галоўны дырыжор аднаго з лепшых у краіне аркестраў народных інструментаў Леанід Леанідавіч Іваноў.
Нарадзіўся ён у Магілёве. Скончыўшы ў 1959 г. Магілёўскае музычнае вучылішча імя М.А. Рымскага-Корсакава, паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А.В. Луначарскага, дзе займаўся ў класе вядомага беларускага дырыжора І. Абраміса. У час вучобы працаваў настаўнікам спеваў у сярэдняй школе, выкладчыкам па класе баяна ў музычнай школе. Створаны ім дзіцячы аркестр баянаў і акардэонаў у 1963 г. стаў пераможцам Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай самадзейнасці. На фарміраванне прафесійнай культуры музыканта паўплывалі такія вядомыя прадстаўнікі музычна-выкладчыцкага асяроддзя, як А. Багатыроў, У. Алоўнікаў, І. Жыновіч, Л. Мухарынская і інш. У 1964 г. пасля заканчэння кансерваторыі Л. Іваноў вярнуўся ў Магілёў і стаў працаваць у Магілёўскім музычным вучылішчы выкладчыкам па класе баяна, аркестравага дырыжыравання і кіраўніком студэнцкага аркестра народных інструментаў. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму, патрабавальнасці, прынцыповасці, творчаму падыходу да працы ў 1966 г. стаў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а ў 1973 г. дырэктарам музычнага вучылішча. На гэтай пасадзе працаваў 25 гадоў (да чэрвеня 1998 г.). Адначасова з 1990 па 2009 г. Л. Іваноў быў дэканам педагагічнага факультэта – філіяла УА "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі" ў Магілёве. У 2005 г. атрымаў званне прафесара Беларускай акадэміі музыкі.
Дырыжорскі талент Л. Іванова найбольш ярка раскрыўся ў рабоце з аркестрам народных інструментаў, якому ён прысвяціў больш за 40 гадоў жыцця. Да 1995 г. кіраваў аркестрам народных інструментаў Магілёўскага музычнага вучылішча. За гэты час калектыў неаднаразова быў узнагароджаны дыпломамі і медалямі ўсесаюзных аглядаў і фестываляў самадзейнай мастацкай творчасці, двойчы выступаў на ВДНГ СССР у Маскве. Аркестр Л. Іванова прадстаўляў беларускае мастацтва ў Польшчы, Балгарыі, удзельнічаў ва ўрадавых канцэртах у Мінску. З 1995 г. дырыжор пачаў кіраваць новым сфарміраваным калектывам – аркестрам народных інструментаў педагагічнага факультэта Магілёўскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які ў 1998 г. набыў статус прафесійнага калектыву Магілёўскай абласной філармоніі. Дзякуючы свайму кіраўніку, аркестр стаў прыкметным не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Вынікам дырыжорскай працы заўсёды былі канцэртныя выступленні – яркія, цікавыя і шчырыя.
Шматгадовая плённая педагагічная і музычна-асветніцкая дзейнасць, асабісты ўклад у айчынную культуру Л. Іванова высока адзначаны ў Рэспубліцы Беларусь. Яму прысвоены ганаровыя званні "Заслужаны настаўнік БССР" (1977), "Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР" (1990), "Народны артыст Беларусі" (2008), а таксама званні Магілёўскага аблвыканкама "Чалавек года" (2000), "Ганаровы грамадзянін г. Магілёва" (2003). У 2003 г. атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі "Музычнае мастацтва". Леанід Іваноў узнагароджаны шматлікімі медалямі і ганаровымі граматамі. Ён займаўся і грамадскай дзейнасцю. Выбіраўся дэпутатам раённага і гарадскога Саветаў, быў дэлегатам XXVIII з’езда КПБ (1976), удзельнікам з’езда дэпутатаў Савета дэпутатаў Рэспублікі Беларусь (2000), дэлегатам II Усебеларускага народнага сходу (2001).